ПАСО́ШНАЕ, пасошнае абкладанне, сошнае,
дзяржаўны пазямельны падатак у Расіі 16—17 ст., пры налічэнні якога за адзінку абкладання бралася саха. Памеры П. заносіліся ў пісцовыя кнігі. Паступова П. расло, траціла пазямельны характар і больш улічвала прамысл.-гандл. дзейнасць насельніцтва. У 1679 заменена падворным абкладаннем.
т. 12, с. 167
ПАСО́ШНАЯ РАЦЬ,
частка войска (апалчэнне з сялян), якое збіралася ў рас. дзяржаве ў 15—17 ст. Назва ад адзінкі пазямельнага абкладання падаткам — сахі. П.р. была пешай і «коневай» (з падводамі). Пешая выконвала ролю пяхоты, але гал. чынам прызначалася для ваен.-інж. работ, «коневая» — для вайск. перавозак і ў якасці артыл. абозу. П.р. збіралася паводле ўказа цара. У час Полацкага паходу Івана Грознага (1563) пры баявым складзе войска ў 43 тыс. чал. П.р. налічвала больш за 80 тыс. чал. У 17 ст. пасошныя людзі сталі называцца датачнымі людзьмі.
т. 12, с. 167
ПАСО́ШНЫЯ ЛЮ́ДЗІ,
у Расійскай дзяржаве адна з назваў (да 17 ст.) датачных людзей (пажыццёва ваеннаабавязаных асоб), звязаная з іх вылучэннем па «сохах» — адзінках пазямельнага (у гарадах падворнага) падаткаабкладання. Напр., для Казанскага паходу 1547 бралі па 2 чал. ад «сахі». У войску з П.л. складалася пасошная раць. Пасля заканчэння чарговага ваен. паходу П.л. звычайна распускалі па хатах да новага прызыву, але і ў мірны час іх маглі прыцягваць да буд. і рамонтных работ.
т. 12, с. 167
ПАСПАЛІ́ТАЕ ПРА́ВА,
агульнадзяржаўнае свецкае заканадаўства ВКЛ, устаноўленае Статутамі 1529, 1566 і 1588 у адрозненне ад царкоўнага і кананічнага права, гарадскога права, прававых сістэм, устаноўленых у асобных частках дзяржавы абласнымі прывілеямі і прававых норм розных канфесіянальных груп (яўрэяў, караімаў, татар).
т. 12, с. 167
ПАСПАЛІ́ТАЕ РУШЭ́ННЕ,
шляхецкае апалчэнне ў феад. Польшчы і ВКЛ (Рэчы Паспалітай); асн. форма арганізацыі ўзбр. сіл дзяржавы, заснаваная на прынцыпе, што кожны шляхціц незалежна ад велічыні маёнтка ў час вайны абавязаны адпраўляцца ў ваенны паход. У ВКЛ з пач. 16 ст. землеўладальнікі ад кожных 8, а з 1566—10 службаў (у службе 2 дымы) выстаўлялі ў войска ўзбр. конніка, а калі зямлі было менш, землеўладальнікі ішлі служыць самі. У П.р. ўваходзілі таксама прывілеяваныя сяляне (асочнікі, стральцы, выбранцы), панцырныя баяры, путныя баяры, мяшчане, якія валодалі зямлёй, казакі, татары і інш. Час ад часу праводзіліся попісы войска Вялікага княства Літоўскага. Колькасць П.р. ВКЛ дасягала 30 тыс. чал. П.р. склікалася соймам, узначальвалася вял. гетманамі Польшчы і ВКЛ, часам каралём. Ужо ў 15 ст. немагчымасць караць шляхту і няздольнасць арганізаваць новыя спосабы вядзення вайны рабілі П.р. малапрыгодным. Існавала да канца 18 ст.
т. 12, с. 167
ПАСПЕ́ЛАВА (Таццяна Рыгораўна) (н. 23.1.1951, Ташкент),
бел. вучоны ў галіне энергетыкі. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1994). Дачка Р.Я.Паспелава. Скончыла БПІ (1972). З 1972 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па аптымізацыі энергет. сістэм, тэорыі энергет. менеджменту, энергазберажэнні і экалагічных праблемах энергетыкі.
Тв.:
Технико-экономические характеристики дальних электропередач с промежуточными присоединениями. Мн., 1983 (разам з Р.Я.Паспелавым, Р.І.Запатрыным);
Эффективность электропередачи в электроэнергетических системах. Мн., 1991 (разам з У.У.Кузьмічом);
Основы энергосбережения. Мн., 2000.
т. 12, с. 167
ПАСПЕ́ЛАЎ (Рыгор Яўхімавіч) (н. 11.9.1916, г. Бежацк Цвярской вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне энергетыкі. Д-р тэхн. н. (1962), праф. (1963). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1977). Скончыў Сярэднеазіяцкі індустр. ін-т (1940). З 1963 у БПА (у 1963—90 заг. кафедры). Навук. працы па перадачы электраэнергіі і рэжымах работы электраэнергет. сістэм і сетак. Абгрунтаваў магчымасць электраперадачы пераменнага току ў рэжыме чвэрці хвалі.
Тв.:
Электрические системы: Режимы работы электрических систем и сетей. М., 1975 (разам з В.А.Венікавым, Л.А.Жукавым);
Потери мощности и энергии в электрических сетях. М., 1981 (разам з М.М.Сычом);
Компенсирующие и регулирующие устройства в электрических системах. Л., 1983 (разам з М.М.Сычом, В.Ц.Федзіным).
т. 12, с. 167
ПАСРЭ́ДНІЦТВА,
1) спрыянне дасягненню згоды, вырашэнню спрэчных пытанняў паміж бакамі, аказанне паслуг ва ўстанаўленні кантактаў і заключэнні здзелак, кантрактаў паміж вытворцамі і спажыўцамі, прадаўцамі і пакупнікамі тавараў і паслуг; адзін з відаў прадпрымальніцтва.
2) У міжнар. практыцы — адзін з мірных сродкаў вырашэння міжнар. спрэчак, канфліктаў. Уяўляе сабой вядзенне перагавораў дзяржавай (групай дзяржаў, асобай, напр., кіраўніком дзяржавы) або міжнар. арг-цыяй з дзяржавамі, паміж якімі ўзнікла спрэчка, з мэтай знаходжання кампрамісных шляхоў мірнага яе ўрэгулявання. Можа ажыццяўляцца па просьбе тых, хто спрачаецца, або па ўласнай ініцыятыве, але пры згодзе бакоў, якія спрачаюцца. Прапанова П. не павінна разглядацца як умяшанне ў справы тых, хто спрачаецца. Пры ўдзеле ў перагаворах спрэчных бакоў пасрэднік закліканы садзейнічаць выпрацоўцы прымальнага для абодвух бакоў мірнага вырашэння канфлікту шляхам прапановы свайго варыянта або фармулёўкі такога рашэння. Прапанова пасрэдніка не з’яўляецца абавязковай для спрэчных бакоў. Правілы выкарыстання П. ёсць, напр., у Гаагскіх канвенцыях аб законах і звычаях вайны 1899 і 1907 і інш. міжнар. дагаворах.
т. 12, с. 167
ПА́СТА (Pasto),
горад на ПдЗ Калумбіі, на Панамерыканскай шашы. Адм. ц. дэпартамента Нарыньё. Засн. ў 1539. Каля 300 тыс. ж. (2000, з прыгарадамі). Трансп. вузел. Гандл.-трансп. цэнтр сувязей з Эквадорам. Прам-сць: харч., тытунёвая, мэблевая. Саматужныя промыслы (вытв-сць капелюшоў з пер’я страуса нанду, керамікі). Ун-т.
т. 12, с. 167
ПА́СТАВІЧЫ,
вёска ў Новадарожскім с/с Старадарожскага р-на Мінскай вобл., на аўтадарозе Старыя Дарогі—Бабруйск. Цэнтр калгаса. За 13 км на У ад горада і чыг. ст. Старыя Дарогі, 161 км ад Мінска. 740 ж., 298 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 12, с. 167