КАНТРА́КЦЫЯ (лац. contractio) у мовазнаўстве, сцяжэнне двух або некалькіх гукаў у адзін; адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Часцей узнікае пры словаўтварэнні на стыку кораня, які заканчваецца гукамі «к», «ч», «ц», «т», і суфіксаў, што пачынаюцца з «с», у выніку частковай асіміляцыі і К. ўтвараецца зычны «ц» (напр., «казак + скі — казацкі», «ткач + ства — ткацтва», «купец + скі — купецкі»). К. галосных узнікае радзей, у некаторых бел. гаворках утвараюцца кароткія прыметнікі ў выніку выпадзення «й» (напр., «чырвонайа → чырвонаа → чырвона»).
А.І.Падлужны.
т. 8, с. 6
КАНТРА́ЛЬТА (італьян. contraito),
нізкі жаночы голас. Дыяпазон f/g/—a2. Найб. выразны і характэрны рэгістр — грудны (да a1). Сярод оперных партый, напісаных для К.: Вольга («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Канчакоўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), партыі хлопчыкаў-падлеткаў і юнакоў: Ваня, Ратмір («Іван Сусанін» і «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Лель («Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Керубіна («Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Саўка («Марынка» Р.Пукста).
т. 8, с. 6
КАНТРАПУ́НКТ (ням. Kontrapunkt ад лац. punctum contra punctum літар. кропка супраць кропкі),
1) узгодненае спалучэнне 2 і болей самаст. меладычных ліній у шматгалосым цэлым. Адрозніваюць кансанансныя К. строгага (дысананс падрыхтоўваецца кансанансам і вырашаецца) і свабоднага (дысананс не патрабуе падрыхтоўкі, абавязковае толькі яго вырашэнне) пісьма; дысанансны К. 20 ст., дзе дысананс набывае амаль поўную самастойнасць. К. наз. простым, калі спалучэнне галасоў не прадугледжвае новага варыянта, і складаным, калі дапускае магчымасць новых спалучэнняў — варыянтаў пачатковага.
2) Тое, што поліфанія.
3) Мелодыя, што суправаджае меладычны голас, саступаючы яму ў індывід. выразнасці.
Літ.:
Танеев С.И. Подвижной контрапункт строгого письма. М., 1959;
Южак К. Некоторые вопросы современной теории сложного контрапункта // Вопросы теории и эстетики музыки. М.; Л., 1965. Вып. 4;
Друкт А.А. О композиционном строении двухголосных инвенций Баха. Мн., 1979.
А.А.Друкт.
т. 8, с. 6
КАНТРА́СТ (франц. contraste),
рэзка выражаная процілегласць. 1) Зрокавы К. — зрокавая ацэнка яркасці (асветленасці) прадмета (ці яго колеру) у параўнанні з навакольным фонам. Найменшы К., які ўспрымаецца вокам, наз. парогавым.
2) К. фатаграфічны — характарыстыка негатыўнага (ці пазітыўнага) фатаграфічнага відарысу па суадносінах яго самага светлага і самага цёмнага ўчасткаў. Для чорна-белых відарысаў вызначаецца як рознасць найб. і найменшай аптычных шчыльнасцей пачарнення і паказвае скорасць нарастання пачарнення з павелічэннем экспазіцыі.
т. 8, с. 6
КАНТРАСТЫ́ЎНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА, канфрантатыўная лінгвістыка, супастаўляльнае мовазнаўства,
кірунак лінгвістычных даследаванняў дзвюх або некалькіх моў. Мэта К.л. — выяўленне агульных асаблівасцей ці адрозненняў моў, што вядзе да стварэння моўнай тыпалогіі (устанаўлення пэўных тыпаў моў паводле структуры асобных частак гэтых моў: фаналагічнай сістэмы, грамат. структуры, лексічнага складу, стылістыкі і інш). Выкарыстоўваецца для апісання дзвюх або некалькіх моў з дыдактычнымі мэтамі (напр., у перакладазнаўстве), пры вывучэнні моў свету. Супастаўленне моў у К.л. адбываецца на аснове параўнання сістэм моў або на аснове параўнання тэкстаў, якія лічацца эквівалентнымі. Магчыма супастаўляльнае даследаванне моў і на адным сінхронным зрэзе, і ў ходзе моўнай эвалюцыі (у дыяхраніі).
Літ.:
Ярцева В.Н. Контрастивная грамматика. М., 1981;
Методы сопоставительного изучения языков. М., 1988;
Теоретические и методологические проблемы сопоставительного изучения славянских языков. М., 1994;
Нехай О.А., Поплавская Т.В. Сравнительная типология английского и белорусского языков. Мн., 1983;
Белорусско-болгарские языковые параллели. Мн., 1992;
Славяно-германские языковые параллели. Мн., 1996.
А.Я.Супрун.
т. 8, с. 6
КАНТРАЦЭ́ПЦЫЯ (ад лац. contraceptio літар. процізачацце),
метады і сродкі папярэджання цяжарнасці. Адрозніваюць К. фізіял. і штучную. Фізіял. К. заснавана на палавым устрыманні ў авуляцыйны перыяд (з 12-га да 16-га дня пры 28-дзённым менструальным цыкле), калі зачацце найб. верагоднае. Тэрміны авуляцыі могуць вар’іраваць, што робіць К., заснаваную на фізіял. асаблівасцях, не вельмі надзейнай. Часовая стэрыльнасць (немагчымасць зачацця) бывае ў многіх жанчын пры кармленні грудзьмі, асабліва ў першыя месяцы пасля родаў. Штучная К. ўключае мех., хім., біял., хірург. і камбінаваныя сродкі і метады. К. мае значнае сац. значэнне як адзін з асн. метадаў прафілактыкі аборту, планавання сям’і, рэгулявання росту народанасельніцтва і інш. Гл. таксама Процізачаткавыя сродкі.
І.У.Дуда.
т. 8, с. 6
КАНТРДА́НС (франц. contredanse ад англ. country dance літар. вясковы танец),
старадаўні англійскі парна-масавы танец. Упершыню ўпамінаецца ў л-ры пад 1579. Выконваецца любой колькасцю пар, якія ўтвараюць круг або 2 процілеглыя лініі. Муз. памеры 2/4 і 6/8. У 18—19 ст. пашыраны ў Еўропе, у т. л. ў Расіі. Яго шматлікія разнавіднасці: кадрыля, гросфатэр, экасез, англез, тампет, лансье, катыльён, матрэдур і інш. Асн. рухі: слізготны крок, балансе, па дэ баск і інш. Мелодыі К. выкарыстоўвалі кампазітары як тэмы варыяцый, у балетах — як заключны нумар (Л.Бетховен, Ж.Ф.Рамо і інш.). У 19 ст. страціў папулярнасць, але захаваўся ў нар. побыце (Англія, Шатландыя); у 20 ст. адраджаецца.
т. 8, с. 6
КАНТРО́ЛЬНАЯ ПАЛА́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы орган фін.-эканам. кантролю ў краіне ў 1992—96. Утваралася Вярх. Саветам, дзейнічала пад яго кіраўніцтвам і была падсправаздачная яму. Ажыццяўляла кантроль за выкананнем рэсп. бюджэту, выкарыстаннем дзярж. уласнасці, выкананнем актаў Вярх. Савета, якія рэгулявалі адносіны дзярж. уласнасці, гасп., фін. і падатковыя адносіны. Старшыню палаты выбіраў Вярх. Савет тэрмінам на 5 гадоў. Функцыі, паўнамоцтвы, склад і структура К.п.Р.Б. вызначаліся Законам «Аб кантрольнай палаце Рэспублікі Беларусь» ад 13.3.1992. Скасавана паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6.12.1996. Яе функцыі ўскладзены на Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.
т. 8, с. 6
КАНТРО́ЛЬНА-КА́САВАЯ МАШЫ́НА,
электрамеханічная машына для механізацыі касавых аперацый, уліку грашовых паступленняў, падсумоўвання кошту пакупкі (паслуг) і выдачы касавага чэка. Асн. частка машыны — электронны лічыльны механізм з прыстасаваннем, якое друкуе на кантрольнай стужцы лічбы-сумы або ўмоўныя знакі.
т. 8, с. 6
КАНТРОЛЬНЫ ПАКЕ́Т А́КЦЫЙ,
доля агульнай сумы выпушчаных акцый, якая належыць яе трымальніку (уладальніку) і дае яму права рашаючага голасу на сходзе акц. т-ва, а таксама магчымасць кантраляваць яго дзейнасць, быць фактычным гаспадаром т-ва, распараджацца капіталам (сродкамі) астатніх яго ўдзельнікаў. Тэарэтычна гэта доля (частка) вызначаецца ў памеры 51% ад агульнай сумы акцый, але пры значным распаўсюджанні дробных акцый дастаткова валодаць 20—30% (часам і менш), каб поўнасцю кантраляваць дзейнасць т-ва.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 7