КАНТРА́КЦЫЯ (лац. contractio) у мовазнаўстве, сцяжэнне двух або некалькіх гукаў у адзін; адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Часцей узнікае пры словаўтварэнні на стыку кораня, які заканчваецца гукамі «к», «ч», «ц», «т», і суфіксаў, што пачынаюцца з «с», у выніку частковай асіміляцыі і К. ўтвараецца зычны «ц» (напр., «казак + скі — казацкі», «ткач + ства — ткацтва», «купец + скі — купецкі»). К. галосных узнікае радзей, у некаторых бел. гаворках утвараюцца кароткія прыметнікі ў выніку выпадзення «й» (напр., «чырвонайа → чырвонаа → чырвона»).

А.​І.​Падлужны.

т. 8, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)