Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАНЯТО́ЎСКІЯ,

шляхецкі род герба «Цёлак» у Рэчы Паспалітай. Паводле родавай легенды, паходзілі ад італьян. роду Тарэлі. Вядомы з 15 ст., прозвішча паходзіць ад маёнтка і мяст. Панятова недалёка ад Любліна. У 17 ст. П. былі сярэдняй шляхецкай сям’ёй, служылі ў багатай шляхты на гасп. пасадах, часам арандавалі маёнткі. У 18 ст. ўзвысіліся. Некат. прадстаўнікі роду ў 18 — пач. 20 ст. жылі на Беларусі. Найб. вядомыя:

Станіслаў (15.9.1676—29.8.1762). Удзельнічаў у Паўн. вайне 1700—21, стаў на бок шведаў, прыбліжаны да караля Станіслава Ляшчынскага, ген. артылерыі ВКЛ у 1707—09, ген. кавалерыі швед. войска, пасля ген.-лейт. польскага войска. У 1720 ажаніўся з князёўнай Канстанцыяй Чартарыйскай, якая ў 1721 набыла маёнтак Воўчын у Брэсцкім пав., дзе былі збудаваны касцёл і палац — рэзідэнцыя П. Падстолі ВКЛ у 1722, падскарбі вялікі ВКЛ у 1722—31, ваявода мазавецкі ў 1731—52, кашталян кракаўскі з 1752. Яго сыны на сойме 1764 атрымалі княжацкі тытул. З іх Казімір (15.9.1721—13.4.1800) — падкаморы вялікі каронны ў 1742—73, ген. польскага войска; Станіслаў Аўгуст (1732—98), кароль польскі і вял. князь літоўскі [1764—95], гл. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі; Андрэй (28.9.1734—3.3.1773), ген.-лейт. аўстрыйскага войска (1760), фельдмаршал (1771), князь «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Станіслаў (23.2.1754—13.2.1833), ген.-лейт. польскага войска, шэф пешай кароннай гвардыі, падскарбі вялікі ВКЛ у 1784—91. Яго нашчадкі атрымалі ў Фларэнцыі (Таскана) тытул князёў ды Монтэ Ратонда (1847), а ў Аўстрыі тытул князёў П. (1850). Юзаф Антон (1763—1813), ген.-лейт. польскага войска, маршал Францыі, гл. Панятоўскі Ю.А.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 12, с. 59

ПАНЯТЫ́Я,

асобы, якія запрашаюцца для ўдзелу ў правядзенні следчых дзеянняў з мэтай засведчання гэтых дзеянняў. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь удзел П. абавязковы пры аглядах месца здарэння, следчых эксперыментах, вобысках, выняццях, агледжаннях, апазнаваннях і інш. Пры гэтых дзеяннях павінна быць не меней як 2 П., у якасці якіх могуць выступаць любыя дарослыя грамадзяне, не зацікаўленыя ў справе. П. абавязаны засведчыць факт, змест і вынік дзеянняў, якія рабіліся ў іх прысутнасці. Яны маюць права рабіць заўвагі адносна праведзеных дзеянняў з занясеннем іх у пратакол адпаведнага следчага дзеяння.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 12, с. 59

ПАНЯ́ЦЦЕ,

адна з асн. адзінак мысліцельнай дзейнасці, найвышэйшы ўзровень абагульнення; лагічная форма, з дапамогай якой будуюцца інш. формы мыслення (суджэнне, вывад). Бывае канкрэтным і абстрактным. Як прадукт і вынік пазнавальнай дзейнасці чалавека фарміруецца праз абстрагаванне, ідэалізацыю, параўнанне, абагульненне і вызначэнне; фіксуе паасобныя фрагменты быцця і цэласны свет. Паводле зместу П. аб’ектыўнае (у ім акумуляваны шматвяковы практычны вопыт чалавецтва); гібкае, рэлятыўнае, што вынікае з універсальнасці руху, прынцыпу ўсеагульнай сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў; устойлівае (аб’ект дыялектычнай логікі); выступае ў якасці лагічных форм (аб’ект фармальнай логікі). У канчатковым выніку паняційная форма прыводзіць да тэорыі.

Тэрмін «П.» ўведзены стоікамі (3—2 ст. да н.э.). Паводле Зянона з Кітыёна, П. — спасцігнутае ўяўленне. Разгорнутая канцэпцыя П. змешчана ў творах Платона. Дэмакрыт звязваў П. з пачуццёвымі рэчамі, Платон лакалізаваў яго ў сферы мыслення і свеце ідэй, Арыстоцель развіў яго і прадставіў у выглядзе сістэмы П. У сярэднявеччы дыскусіі вакол прыроды П. праявіліся ў барацьбе наміналізму і рэалізму. У канцы 17 — пач. 18 ст. развівалася эмпірычная тэорыя П. (Дж.​Лок і інш.). Прадстаўнікі класічнай ням. філасофіі (І.​Кант. І.​Фіхтэ, Ф.​Шэлінг, асабліва Г.​Гегель) раскрылі супярэчлівы характар мыслення, паказалі абстрактнасць і канкрэтнасць П., яго арганічную цэльнасць і працэсуальнасць.

Літ.:

Ильенков Э.В. Философия и культура. М., 1991;

Гегель Г.В.Ф. Система наук. Ч. 1. Феноменология духа. СПб., 1994;

Риккерт Г. Границы естественнонаучного образования понятий: Логич. введение в ист. науки. СПб., 1997.

Т.​І.​Адула.

т. 12, с. 60

«ПАН-ЕЎРО́ПА»,

праект стварэння паліт. і эканам. аб’яднання дзяржаў кантынент. Еўропы, які прапагандаваўся паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі. З 1923 гэту ідэю развіваў пан’еўрапейскі рух, які з 1924 выдаваў у Вене час. «Рапеигора» («Пан-Еўропа»). Праект прапанаваны ў вер. 1929 франц. міністрам замежных спраў А.Брыянам, развіты ў мемарандуме франц. ўрада ад 1.5.1930 урадам еўрап. дзяржаў. Прадугледжваў стварэнне «Еўрап. федэральнага саюза», па-за межамі якога заставаліся Вялікабрытанія і СССР. Фактычна мэтай праекта было ўсталяванне франц. гегемоніі ў Еўропе. Процідзеянне ўрадаў СССР, Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША і інш. краін прывяло да правалу франц. праекта (1931). Пасля 2-й сусв. вайны тэндэнцыя еўрап. дзяржаў да аб’яднання ўвасобілася ў стварэнні Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, Еўрапейскага саюза і інш. міжнар. ваен.-паліт. і эканам. арг-цый.

т. 12, с. 46