Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАДО́ЛЬСКАЯ ЗЯМЛЯ́ гістарычная вобласць у бас. р. Паўд. Буг і левабярэжжа р. Днестр, гл. Падолія.

т. 11, с. 504

ПАДО́ЛЬЦЫ,

вёска ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 50 км на Пн ад г.п. Астравец, 300 км ад Гродна, 55 км ад чыг. ст. Гудагай. 464 ж., 176 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Капліца. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 504

ПАДО́УЖНАЯ ХВА́ЛЯ,

хваля, у якой ваганні часцінак асяроддзя адбываюцца ў напрамку яе распаўсюджвання. Напр., пругкія хвалі ў газах і вадкасцях.

т. 11, с. 504

ПАДО́ЎЖАНЫЯ ЗЫ́ЧНЫЯ, гемінаты,

зычныя, якія вымаўляюцца працяжна ў параўнанні з іх звычайным вымаўленнем у адным і тым жа моўным тэмпе. У бел. мове падаўжэнне ўзнікае ў выніку спалучэння аднолькавых зычных на стыку марфем («з + зываць = ззываць», «ад + даць = аддаць», «камен + ны = каменны», «ран + ні = ранні», падаўжаюцца і цвёрдыя, і мяккія зычныя), а таксама ў выніку асіміляцыі гука «й» папярэднім мяккім зычным «с’», «з’», «ц’», «дз’», «н’», «л’» і цвёрдых «ч», «ж», «ш» (якія раней былі мяккімі) у становішчы паміж галоснымі («кассё», «палоззе», «вецце», «моладдзю», «насенне», «ралля», «сучча», «збожжа», «цішшу»). Артыкуляцыйна і акустычна падаўжэнне выбухных і афрыкат выражаецца ў значным павелічэнні часу змычкі, фрыкатыўных — часу фрыкацыі. П.з. ўвасабляюць 2 фанемы. У адзінкавых словах («ззяць», «сёння») П.з. належаць адной марфеме.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;

Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987.

А.І.Падлужны.

т. 11, с. 504

ПАДО́ЎЖНАЙ ПРУ́ГКАСЦІ МО́ДУЛЬ,

гл. Юнга модуль.

т. 11, с. 504

ПАДПА́ЛАЎ (Уладзіслаў Паўлавіч) (н. 9.8.1958, в. Імяніны Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне клінічнай медыцыны. Д-р мед. н. (1996). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1975). З 1984 у Віцебскім мед. ун-це (з 1997 прарэктар, з 1999 адначасова заг. кафедры). Навук. працы па сардэчна-сасудзістых захворваннях насельніцтва розных рэгіёнаў Беларусі, у т.л. якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, радыеахоўных сродках, лекавых зборах.

Тв.:

Развитие дизадаптационного синдрома у населения, проживающего на загрязненных радионуклидами территориях // Здравоохранение Беларуси. 1994. № 5.

т. 11, с. 504

ПАДПАЛКО́ЎНІК,

воінскае званне старшага афіцэрскага саставу ў шэрагу дзяржаў, у т.л. ва Узбр. Сілах Беларусі. У ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі званню П. адпавядае lieutenant colonel, у ФРГ — Oberstleutnant. Уведзена ў Еўропе ў 17 ст.; у Расіі спачатку як пасада, потым як званне (чын) пам. палкоўніка (камандзіра палка). У казацкіх войсках у 1885—1917 званню П. адпавядаў чын вайсковага старшыны. У СССР уведзена ў 1939. У ВМФ званню П. адпавядае званне капітана 2-га рангу. У Рэспубліцы Беларусь званне П. існуе і для асоб, якія знаходзяцца на службе ў КДБ, МУС і інш. сілавых структурах.

т. 11, с. 504

ПАДПАРА́ДКАВАННЕ ў граматыцы,

від сінтаксічнай сувязі слоў або цэлых прэдыкатыўных адзінак (сказаў). П. (падпарадкавальная сувязь), у процілегласць злучэнню звязвае 2 нераўнапраўныя (неаднатыпныя і рознафункцыянальныя) моўныя адзінкі ў адно цэлае: словазлучэнне або складаназалежны сказ. П. рэалізуе толькі закрытыя сінтакс. канструкцыі. Пры П. адзін кампанент выступае як граматычна незалежны, галоўны, а другі — як залежны, падпарадкаваны галоўнаму. У бел. мове ў межах простага сказа П. рэалізуецца пераважна як дапасаванне («яснае неба»), кіраванне («будую дом», «ідуць па дарозе») ці прымыканне («хутка ехаць»), У межах складаназалежнага сказа П. перадае розныя сэнсавыя адносіны паміж гал. і даданай часткамі і выражаецца з дапамогай падпарадкавальных злучнікаў ці інш. слоў і спалучэнняў, што выступаюць у функцыі злучнікаў («бо», «каб», «калі», «дзе», «што», «які», «як толькі» і інш.). Падпарадкавальныя злучнікі заўсёды ўваходзяць у склад даданай часткі складаназалежнага сказа і з’яўляюцца паказчыкам яе грамат. формы. Дапаможным сродкам пры П. ў складаназалежным сказе могуць быць карэляты (суадносныя словы), якія знаходзяцца ў складзе гал. часткі («А дзе тая крынічанька, што голуб купаўся?» З нар.).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн, 1986.

П.П.Шуба.

т. 11, с. 504

ПАДПАРУ́ЧНІК,

1) обер-афіцэрскае званне (чын) у рас. арміі (з 1703), якое прысвойвалася пасля заканчэння ваен. вучылішча. У кавалерыі яму адпавядаў чын карнета, у казацкіх часцях — харунжага. Скасавана ў 1917.

2) Першаснае воінскае званне малодшага афіцэрскага саставу ў Польшчы, Японіі і інш.

т. 11, с. 504

ПАДПІ́СКА АБ НЯВЫ́ЕЗДЗЕ,

адна з мер стрымання ў бел. крымінальным працэсе. Заключаецца ў адабранні ад падазронага або абвінавачанага абавязацельства не адлучацца з месца пражывання або часовага знаходжання без дазволу адпаведнай службовай асобы, якая праводзіць дазнанне, следчага, пракурора, суда. У выпадку парушэння гэтай меры да таго, хто даваў абавязацельства, можа быць ужыта больш строгая мера стрымання — пра што ён і папярэджваецца (арышт, зняволенне).

т. 11, с. 504