Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІ́ЦЭ-КАРАЛЕ́ЎСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў амер. калоніях Іспаніі ў 16 — пач. 19 ст., якою кіраваў віцэ-кароль. Першае віцэ-каралеўства — Новая Іспанія, створана ў 1535, у яго ўвайшлі тэр. Мексікі і большая ч. Цэнтр. Амерыкі. У Паўд. Амерыцы ў 1542 утварылася віцэ-каралеўства Перу, з якога ў 1739 вылучана віцэ-каралеўства Новая Гранада (тэр. Калумбіі, Панамы, Венесуэлы, Эквадора), у 1776 — віцэ-каралеўства Рыо-дэ-Ла-Плата (тэр. Аргенціны, Парагвая, Уругвая, Балівіі). Існавалі да Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26.

т. 4, с. 237

ВІ́ЦЭ-ПРЭЗІДЭ́НТ,

1) у некаторых дзяржавах (ЗША, краіны Лацінскай Амерыкі і інш.) намеснік кіраўніка дзяржавы. Выбіраецца звычайна разам з прэзідэнтам, у выпадку смерці, адстаўкі, імпічменту дзеючага прэзідэнта выконвае яго функцыі да новых выбараў.

2) Нам. прэзідэнта ў розных нац. і міжнар. арг-цыях.

т. 4, с. 237

ВІ́ЦЯЗЬ

(стараж.-рус.),

у Стараж. Русі храбры воін, герой.

т. 4, с. 237

ВІ́ЦЯЗЬ Пётр Аляксандравіч

(н. 6.8.1936, в. Першамайская Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Акад. АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1989), д-р тэхн. н. (1983), праф. (1986). Засл. дз. нав. Беларусі (1991). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1960). З 1961 працуе ў галіне парашковай металургіі. З 1980 першы нам. ген. дырэктара Бел. рэсп. навук.-вытв. аб’яднання парашковай металургіі, з 1992 дырэктар НДІ парашковай металургіі. Даследаванні ў галіне канструкцыйных і функцыян. матэрыялаў, якія атрымліваюцца метадамі парашковай металургіі і тэрмічнага напылення. Гал. рэдактар штогадовага рэсп. зборніка «Парашковая металургія». Дзярж. прэмія Беларусі 1980.

Тв.:

Волокнистые высокотемпературные керамическне материалы. Мн., 1991 (у сааўт.);

Формирование структуры и свойств пористых порошковых материалов. М., 1993 (у сааўт.);

Теория и практика газоплазменного напыления. Мн., 1993 (у сааўт.).

т. 4, с. 238

«ВІ́ЦЯЗЯ» ЖО́ЛАБ,

Усходне-Меланезійскі жолаб, глыбакаводны жолаб у паўд.-зах. частцы Ціхага ак., уздоўж паўн. падножжа падводных гор і а-воў Санта-Крус, Ануда і інш. Даўж. каля 870 км, сярэдняя шыр. 11 км, глыб. да 6150 м. Адкрыты ў 1958 сав. экспедыцыяй на н.-д. судне «Віцязь».

т. 4, с. 238