Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАНСЕРВА́ТЫ́ЎНАЯ СІСТЭ́МА,

механічная сістэма, у час руху якой сума яе патэнцыяльнай і кінетычнай энергій застаецца пастаяннай (выконваецца закон захавання поўнай мех. энергіі). К. с. будзе кожная мех. сістэма, калі знешнія сілы, што дзейнічаюць на яе, не мяняюцца з цягам часу і з’яўляюцца патэнцыяльнымі (кансерватыўнымі), а ўсе ўнутр. сілы таксама патэнцыяльныя. Прыкладам К.с. можа быць матэм. маятнік, калі сіла трэння ў падвесе і сіла супраціўлення паветра (асяроддзя) зведзены да мінімальна магчымага значэння. Гл. таксама Дысіпатыўная сістэма.

т. 7, с. 591

КАНСЕРВА́ЦЫЯ (ад лац. conservo захоўваю) у выяўленчым мастацтве і архітэктуры, сукупнасць мер, накіраваных на працяглае захаванне аблічча (першапачатковага або на момант К.), мех. трываласці і хім. інертнасці помнікаў гісторыі і культуры (арх. збудаванняў, твораў выяўл. і дэкар. мастацтва, кніг, рукапісаў і інш.). Непасрэдна звязана з рэстаўрацыяй. У музеях, б-ках, архівах і інш. дзякуючы рэжыму ацяплення, вентыляцыі, кандыцыяніравання паветра прадметам забяспечваюцца аптымальныя ўмовы захавання (пастаянная тэмпература, вільготнасць, састаў паветра, ахова ад уздзеяння прамога святла, пылу, шкодных рэчываў, насякомых і інш.). Пры спец. рэжыме захоўвання ў музеях выкарыстоўваюць вітрыны з фільтрамі для ачысткі паветра, акантоўку пад шкло для экспанавання, укладанне ў паспарту і захаванне ў адмысловых папках і шафах, апрацоўку спец. сродкамі. Пры К. арх. збудаванняў і помнікаў манум. мастацтва ўмацоўваюць грунт, сцены, скляпенні, узводзяць агароджы, навесы, ахоўныя павільёны. Драўляныя пабудовы прамочваюць бясколернымі воданепрымальнымі сінт. злучэннямі.

Адрозніваюць 2 віды К. помнікаў: часовую (забяспечвае захаванне ў некранутым выглядзе і дае магчымасць даследаваць помнік, вывучаць прычыны яго разбурэння) і пастаянную (прадугледжвае стварэнне ўмоў для працяглага яго захавання і экспанавання). Пастаянная К. цалкам або часткова праводзіцца разам з рэстаўрацыйнымі работамі. Распрацоўку метадаў К. ажыццяўляюць спец лабараторыі і рэстаўрац. майстэрні, на Беларусі — Камітэт па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў Мін-ва культуры і друку.

На Беларусі К. помнікаў праводзяць з канца 19 ст. (Барысаглебская царква 12 ст. ў Гродне, у 1898 і 1910).

Літ.:

Marconi B. O sztuce konserwacji. Warszawa, 1982;

Ślesiński W. Konserwacja zabytków sztuki. Warszawa, 1989.

В.В.Калнін, І.Л.Чэбан.

т. 7, с. 591

КАНСЕ́РВЫ (франц. conserves ад лац. conservo захоўваю),

харчовыя прадукты расліннага або жывёльнага паходжання, якія прайшлі адпаведную апрацоўку і змешчаны ў герметычную тару для працяглага захоўвання.

Бываюць мясныя (натуральныя, кулінарна апрацаваныя, у выглядзе паштэтаў, фаршаў, каўбас, субпрадуктаў), мяса-раслінныя (мяса з гарохам, фасоляй і інш.), рыбныя (у т. л. прэсервы), малочныя, агароднінныя (закусачныя, для першых і другіх страў і інш.) і фруктовыя; агульнага прызначэння, спецыяльныя, для дзіцячага і дыетычнага харчавання. У працэсе вырабу К. з прадуктаў выдаляюць неядомыя часткі, дадаюць тлушч, цукар, прыправы, вітаміны, апрацоўваюць цяплом або хім. рэчывамі (гл. Кансерваванне). К. расфасоўваюць і герметычна закрываюць (закрутачнай машынай) у бляшаную, алюмініевую, шкляную або палімерную тару. Захоўваюць у сухім месцы пры т-ры 0—20 °C. Шмат відаў К. вырабляюць прадпрыемствы Беларусі (гл. Кансервавая прамысловасць).

т. 7, с. 591

«КАНСЕ́РТГЕБАЎ»

(Concertgebouw літар. канцэртны будынак),

канцэртная зала і аркестр у Амстэрдаме (Нідэрланды). Адкрыты ў 1888. Аркестрам у розныя гады кіравалі В.Кес, В.Менгельберг (1895—1945; пад яго кіраўніцтвам стаў адным з вядучых у Еўропе), Э. ван Бейнум, Э.Іохум, Б.Гайтынк і інш. З ім выступалі А.Боўлт, Т.Бічэм, Ф.Буш, Б.Вальтэр, Э.Клейбер, П.Манцё, І.Стравінскі, В.Таліх, Р.Штраус і інш. Выканальніцкае мастацтва адметна высокай ансамблевай культурай, насычанасцю гучання, экспрэсіяй, тонкасцю фразіроўкі. У рэпертуары муз. класіка, творы сучасных галандскіх кампазітараў. Калектыў — першы выканаўца многіх твораў кампазітараў 20 ст. (Б.Бартака, Л.Яначака, С.Пракоф’ева, А.Руселя, З.Кодая, Дз.Шастаковіча і інш.). У зале «К.» акрамя канцэртаў праводзяцца муз. фестывалі: Малераўскі (з 1920), Р.Штрауса (з 1924), Галандскі (з 1947) і інш.

т. 7, с. 591

КАНСІ́ЛІУМ (ад лац. consilium нарада, абмеркаванне),

нарада ўрачоў адной ці некалькіх спецыяльнасцей для ўдакладнення ці ўстанаўлення дыягназу хваробы і спосабаў лячэння. Неабходны ў выпадках няўпэўненасці ў дыягностыцы або спосабах лячэння, пры цяжкім стане хворага, пры накіраванні яго ў спецыялізаваныя ўстановы аховы здароўя. Найчасцей склікаецца па ініцыятыве ўрача, які лечыць, просьбе хворага і яго блізкіх, а таксама на аснове пастановы суд.-мед. органаў. Праводзіцца ў бальніцы, амбулаторна-паліклінічных і санаторных установах. Заключэнне К. заносіцца ў адпаведны мед. дакумент.

т. 7, с. 592

КАНСІСТО́РЫЯ (ад лац. consistorium месца сходу, сход),

1) у Стараж. Рыме — дзярж. савет пры імператару.

2) У Рус. правасл. царкве ў 744—1918 орган кіравання і суда пры епархіяльным архірэі.

3) У каталіцкай царкве — нарада кардыналаў на чале з папам рымскім.

4) У пратэстантызме — царк.-адм. орган.

т. 7, с. 592

КАНСК,

горад у Расіі, раённы цэнтр у Краснаярскім краі, на р. Кан (прыток Енісея). Засн. ў 1626 як астрог, горад з 1822. Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. 109 тыс. ж. (1996). Прадпрыемствы дрэваапр., машынабуд. і металаапр., лёгкай, харч. і інш. прам-сці. Тэатр. Краязнаўчы музей. 14 помнікаў археалогіі.

т. 7, с. 592

КА́НСКА-А́ЧЫНСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

у паўднёвай ч. Краснаярскага краю, часткова ў Кемераўскай і Іркуцкай абласцях Расіі. Выцягнуты ўздоўж Транссібірскай чыг. магістралі прыкладна на 800 км. Пл. 50 тыс. км² У вугляносных адкладах юрскага ўзросту 15 пластоў бурага вугалю. Агульныя запасы да глыб. 600 м — 523 млрд. т. Распрацоўка — 1905. Цеплыня згарання 11,8—15,6 МДж/кг. Прамысл. цэнтры: Краснаярск, Канск, Ачынск, Шарыпава.

т. 7, с. 592

КАНСО́ЛЬ (франц. console) у архітэктуры, выступ у сцяне; канструкцыя, цвёрда замацаваная адным канцом у сцяну пры свабодным другім яе канцы (камень, бэлька, пліта, ферма) ці тая частка, што выступае за апору. К. звычайна падтрымліваюць карнізы, скульптуры, балкон, эркер і інш. Дзякуючы выразным маст. формам, з’яўляюцца элементамі дэкар. аздаблення будынка.

С.А.Сергачоў.

Кансоль.

т. 7, с. 592

КАНСО́ЛЬНЫЯ СІСТЭ́МЫ ў будаўнічай механіцы, сістэмы (нясучыя канструкцыі), асноўныя элементы якіх маюць часткі (кансолі), што выступаюць за апоры. Адрозніваюць кансольна-бэлечныя (напр., кансольныя і кансольна-шарнірныя бэлькі) і кансольна-арачныя (кансольна-шарнірныя аркі, кансольна-арачныя фермы). Бываюць адна- і шматпралётныя (з шарнірным злучэннем частак). Найб. эфектыўныя шматпралётныя кансольна-бэлечныя сістэмы. К.с. выкарыстоўваюцца пераважана ў гідратэхн. і прамысл. буд-ве.

т. 7, с. 592