«КАНСЕ́РТГЕБАЎ»

(Concertgebouw літар. канцэртны будынак),

канцэртная зала і аркестр у Амстэрдаме (Нідэрланды). Адкрыты ў 1888. Аркестрам у розныя гады кіравалі В.​Кес, В.​Менгельберг (1895—1945; пад яго кіраўніцтвам стаў адным з вядучых у Еўропе), Э. ван Бейнум, Э.​Іохум, Б.​Гайтынк і інш. З ім выступалі А.​Боўлт, Т.​Бічэм, Ф.​Буш, Б.​Вальтэр, Э.​Клейбер, П.​Манцё, І.​Стравінскі, В.​Таліх, Р.​Штраус і інш. Выканальніцкае мастацтва адметна высокай ансамблевай культурай, насычанасцю гучання, экспрэсіяй, тонкасцю фразіроўкі. У рэпертуары муз. класіка, творы сучасных галандскіх кампазітараў. Калектыў — першы выканаўца многіх твораў кампазітараў 20 ст. (Б.​Бартака, Л.​Яначака, С.​Пракоф’ева, А.​Руселя, З.​Кодая, Дз.​Шастаковіча і інш.). У зале «К.» акрамя канцэртаў праводзяцца муз. фестывалі: Малераўскі (з 1920), Р.​Штрауса (з 1924), Галандскі (з 1947) і інш.

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)