Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУ́КА ПРАЛІ́Ў (Cook Strait),

праліў паміж Паўн. і Паўд. астравамі Новай Зеландыі, злучае Тасманава м. з Ціхім ак. Даўж. 107 км, шыр. 22—91 км, найменшая глыб. 97 м. На ўсх. беразе сталіца Новай Зеландыі — г. Уэлінгтан. Названы ў гонар Дж.​Кука.

т. 8, с. 567

КУКЕ́ВІЧ (Канстанцін Фадзеевіч) (1810, Вільня —1842),

бел. жывапісец і графік. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.​Рустэма і Пецярбургскай АМ (1835—39). Вывучаў жыццё і побыт насельніцтва Віленшчыны і Гродзеншчыны. Стварыў шэраг жанравых кампазіцый: «Рускія салдаты ў вёсцы», «Прывал уланаў каля пераправы цераз раку» (абедзве 1830), «Карчма», «Яўрэйскія кантрабандысты ў ваколіцах Вільні» (да 1839). Аўтар графічных замалёвак «Гандляр шапкамі», «Букініст», «Карчма ў прадмесці», «Старызнік». У 1840 выдаў серыю літаграфій — сцэн з нар. жыцця («Вільня, год 1840»). Яго малюнкі былі змешчаны ў альбоме Я.​Вільчынскага, выдадзенага ў Вільні.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

К.Кукевіч. Гандляр шапкамі. 1-я пал. 19 ст.

т. 8, с. 567

КУКЕНА́Н (Cuquenán),

вадаспад у Венесуэле, на р. Кукенан (прыток р. Карані) на Гвіянскім пласкагор’і. Выш. падзення вады 610 м (другі па вышыні ў Паўд. Амерыцы пасля вадаспада Анхель).

т. 8, с. 568

КУКЕНО́ЙС, Кукейнос, Кокнесе, Кокенгузен,

старажытны горад у нізоўі Зах. Дзвіны, адзін з фарпостаў Полацкага княства. Цяпер с. Кокнесе ў Стучкінскім р-не Латвіі, за 246 км на ПнЗ ад Полацка. Упершыню ўпамінаецца пад 1205 у «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага, калі там княжыў Вячка. У 2-й пал. 11 — пач. 13 ст. належаў Полацкаму княству, быў месцам збору даніны з народаў Ніжняга Падзвіння (латгалаў, селаў, ліваў і інш.). У 1206 кн. Вячка ўдзельнічаў у паходзе полацкага кн. Уладзіміра на крыжакоў. У 1208 драўляны замак горада спалены крыжакамі, у 1209 на яго месцы пабудаваны мураваны замак, які з’яўляўся значным гандл. цэнтрам Полацкай зямлі. Меў цесныя гандл. і эканам. сувязі са Смаленскай, Чарнігаўскай, Кіеўскай, Наўгародскай і інш. землямі. Насельніцтва горада было этнічна мяшанае і складалася з мясц. балтаў (латгалаў і селаў) і славян.

Г.​М.​Семянчук.

т. 8, с. 568

КУКЕРСІ́Т [ад ням. назвы Kuckers сяла Кукрузэ (Эстонія)],

масіўная, плітчастая, глініста-мергелістая горная парода; разнавіднасць гаручых сланцаў. Трапляецца ў адкладах сярэдняга ардовіку. Пашырана ў Прыбалтыйскім сланцавым басейне. Гал. кампаненты: кераген (арган. рэчыва, 20—70%), тонказярністы абломачны матэрыял, карбанат кальцыю. Тонкія пласты (0,03—0,6 м) з найб. колькасцю К. аб’ядноўваюць у прамысл. пласт (магутнасць да 5 м). Попельнасць 40—60%, цеплатворная здольнасць 10,5—11,6 МДж/кг. Выкарыстоўваецца як паліва, для атрымання быт. газу, бензіну, бітумаў і інш., попел — у вытв-сці буд. матэрыялаў, для вапнавання глебы.

т. 8, с. 568

КУКЛАЧО́Ў (Юрый Дзмітрыевіч) (н. 12.4.1949, Масква),

расійскі артыст цырка, клоун-дрэсіроўшчык. Нар. арт. Расіі (1983). Скончыў Дзярж. вучылішча цыркавога і эстр. мастацтва (1971) і Ін-т тэатр. мастацтва (1983) у Маскве. Працуе ў многіх жанрах. У 1972 першы ў Расіі пачаў выступаць з катамі, у 1989 адкрыў у Маскве т-р катоў. Праграмам К. ўласцівы пацяшальная лёгкасць, мяккі гумар. Аўтар кніг «Мае сябры — каты» (1981), «120 катоў Юрыя Куклачова» (1997) і інш.

т. 8, с. 568

КУКО́БНІКІ,

тое, што валачобнікі.

т. 8, с. 568

КУКО́ЛЬ (Agrostemma),

род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 3 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі — К. звычайны (A. githago), нар. назвы зязюльчын лён, тугаль. Трапляецца рэдка. Расце як пустазелле ў пасевах збожжавых культур, на папарах і чыг. насыпах.

Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 40—70 см. Сцябло апушанае, прамастойнае ці слабагалінастае. Лісце лінейнае, супраціўнае. Кветкі буйныя, цёмна-ружовыя, часам белыя. Плод — шматнасенная каробачка. Насенне ядавітае, дамешак яго ў муцэ і кармах небяспечны для чалавека і жывёлы. Лек расліны.

Куколь звычайны.

т. 8, с. 568

КУКО́НІН (Уладзімір Ягоравіч) (н. 14.7.1937, с. Пакроўскае Ухалаўскага р-на Разанскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Канд. тэхн. н. (1969). Скончыў Разанскі радыётэхн. ін-т (1960). З 1975 у Ін-це тэхн. кібернетыкі, з 1992 у Навук. цэнтры праблем механікі машын Нац. АН Беларусі. Навук. працы па кантрольна-вымяральнай тэхніцы, спектральным аналізе і лічбавых метадах апрацоўкі сігналаў. Распрацаваў бартавы выліч. комплекс для дарожных выпрабаванняў трансп. сродкаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Цифровая фильтрация и обработка сигналов. Мн., 1995 (разам з В.​І.​Пяцьхо, М.​Б.​Шыхавым).

М.​П.​Савік.

т. 8, с. 568

КУ́КРАШ (Леанід Васілевіч) (н. 27.7.1938, в. Рачэнь Любанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне раслінаводства і селекцыі. Акад. Акадэміі агр. навук Беларусі (1995, чл.-кар. 1992), д-р с.-г. н. (1983). Скончыў БСГА (1960). З 1972 у Бел. НДІ земляробства і кармоў (з 1984 заг. аддзела, з 1987 нам. дырэктара), з 1994 гал. саветнік упраўлення АПК Савета Міністраў Беларусі. Навук. працы па павышэнні прадукцыйнасці зернебабовых культур. Вывеў (у сааўт.) сарты гароху Белус і Агат, яравой вікі Наталі, яравога трыцікале Інэса.

Тв.:

Вика. М., 1989;

Вика яровая: Биология и культигенез. Мн., 1991;

Горох. Мн., 1997 (разам з Н.​П.​Лукашэвіч).

т. 8, с. 568