КУКЕНО́ЙС, Кукейнос, Кокнесе, Кокенгузен,

старажытны горад у нізоўі Зах. Дзвіны, адзін з фарпостаў Полацкага княства. Цяпер с. Кокнесе ў Стучкінскім р-не Латвіі, за 246 км на ПнЗ ад Полацка. Упершыню ўпамінаецца пад 1205 у «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага, калі там княжыў Вячка. У 2-й пал. 11 — пач. 13 ст. належаў Полацкаму княству, быў месцам збору даніны з народаў Ніжняга Падзвіння (латгалаў, селаў, ліваў і інш.). У 1206 кн. Вячка ўдзельнічаў у паходзе полацкага кн. Уладзіміра на крыжакоў. У 1208 драўляны замак горада спалены крыжакамі, у 1209 на яго месцы пабудаваны мураваны замак, які з’яўляўся значным гандл. цэнтрам Полацкай зямлі. Меў цесныя гандл. і эканам. сувязі са Смаленскай, Чарнігаўскай, Кіеўскай, Наўгародскай і інш. землямі. Насельніцтва горада было этнічна мяшанае і складалася з мясц. балтаў (латгалаў і селаў) і славян.

Г.​М.​Семянчук.

т. 8, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)