Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАНДЭНСА́ТАР (ад лац. condenso згушчаю, ушчыльняю) у цеплатэхніцы, апарат для кандэнсацыі газападобнага рэчыва (пары); від цеплаабменнага апарата. Адрозніваюць К. паверхневыя (пара абменьваецца цяплом з халодным цепланосьбітам, напр., вадой, праз сценкі трубак) і кантактныя ці змяшчальныя (пара змешваецца непасрэдна з ахаладжальнай вадой). Выкарыстоўваецца ў апаратах хім. вытв-сці, цеплаэнергетыцы (гл. Геатэрмальная электрастанцыя), халадзільных апаратах, выпаральніках і інш.

т. 7, с. 582

КАНДЭНСА́ТАР ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,

прылада для назапашвання электрычных зарадаў. Мае 2 ці больш электродаў (абкладкі), раздзеленых дыэлектрыкам, таўшчыня якога значна меншая за памеры абкладак. Асн. характарыстыкі — электраёмістасць і тангенс вугла страт (гл. Дыэлектрычныя страты). Адрозніваюць К.э. папяровыя, керамічныя, паўправадніковыя, слюдзяныя, электралітычныя (дыэлектрык — вокіс алюмінію ці танталу), з вадкім ці газападобным дыэлектрыкам і інш.; пастаяннай, паўпераменнай (настроечныя — трымеры) і пераменнай ёмістасці. К.э. і іх батарэі выкарыстоўваюць у электра- і радыётэхніцы, тэлебачанні, электроніцы, выліч. тэхніцы і інш. Гл. таксама Варыкап, Варыконд.

Будова кандэнсатараў электрычных: а — папяровых; б — слюдзяных; в — паветраных; 1 — абкладка (фольга); 2 — дыэлектрык; 3 — ротарныя пласціны; 4 — статарныя пласціны.

т. 7, с. 582

КАНДЭНСА́ЦЫІ РЭА́КЦЫІ ў арганічнай хіміі,

назва вялікай групы рэакцый рознага характару, якія прыводзяць да ўтварэння з дзвюх ці некалькіх малекул адной больш складанай.

У больш вузкім значэнні К.р. — унутры- і міжмалекулярны працэс утварэння новых вуглярод-вугляродных (C—C) сувязей. Звычайна К.р. суправаджаюцца адшчапленнем простай неарган. ці арган. малекулы (напр., галагенавадароду, вады, вадароду, спірту) і адбываюцца з удзелам кандэнсавальных агентаў — рэчываў, якія звязваюць малекулы, што адшчапляюцца, ці аказваюць каталітычнае дзеянне. Напр., кратонавая кандэнсацыя (узаемадзеянне 2 малекул альдэгідаў ці кетонаў з утварэннем малекулы ненасычанага карбанільнага злучэння) і шматлікія роднасныя працэсы адбываюцца з адшчапленнем малекул вады ў прысутнасці каталізатараў — кіслот (напр., сернай H2SO4, салянай HCl) ці асноў (напр., натрыю гідраксіду NaOH, аміду NaNH2). Звычайна да К.р. не адносяць этэрыфікацыю, алкіліраванне або ацыліраванне па гетэраатамах (кіслароду, азоту), аднак працэсы ўтварэння палімераў, якія адбываюцца па гэтых схемах, наз. полікандэнсацыяй.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 7, с. 582

КАНДЭНСА́ЦЫЯ (ад позналац. condensatio ушчыльненне, згушчэнне),

пераход рэчыва з газападобнага стану ў вадкі або крышталічны. Адбываецца пры т-рах, меншых за крытычную тэмпературу, і адносіцца да фазавых пераходаў першага роду.

Пры К. ў інтэрвале т-р ад крытычнай да т-ры трайнога пункта рэчыва пераходзіць у вадкі стан (адваротны працэс — выпарэнне або кіпенне), пры больш нізкіх т-рах — у крышталічны (адваротны працэс — сублімацыя). Суправаджаецца вылучэннем цеплаты параўтварэння або сублімацыі (узгонкі). Для раўнаважнай К. неабходна прысутнасць кандэнсаванай фазы (вадкасць, крышталі) або т.зв. цэнтраў К. (напр., пылінкі). На нязмочвальных паверхнях вадкая фаза выпадае ў выглядзе кропель (кропельная К.), на поўнасцю змочвальных — у выглядзе плёнак (плёначная К.). Выкарыстоўваецца ў энергетыцы (цеплаабменныя апараты), у хім. тэхналогіі для раздзялення шматкампанентных газавых сумесей на фракцыі (фракцыйная К.), у апрасняльных устаноўках, халадзільнай і крыягеннай тэхніцы.

К. вадзяной пары ў атмасферы, працэс пераходу вадзяной пары, якая знаходзіцца ў паветры, у вадкі або цвёрды стан з утварэннем кропель і крышталёў воблакаў і туманаў, а таксама з вылучэннем вады і лёду на наземных прадметах. Адбываецца на ядрах кандэнсацыі пры ахаладжэнні паветра да пункта расы, у выніку яго цеплаабмену з зямной паверхняй.

т. 7, с. 583

КАНЕ́ЙДЫЯН (Canadian),

рака ў ЗША, правы прыток р. Арканзас. Даўж. каля 1500 км, пл. бас. 124 тыс. км². Пачынаецца на схілах хр. Сангрэ-дэ-Крыста (Скалістыя горы), цячэ па Вял. і Цэнтр. раўнінах. Гал. прыток — Норт-Канейдыян (злева). Веснавое разводдзе. Сярэдні гадавы расход вады каля 200 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. На р. Норт-Канейдыян г. Аклахома-Сіці.

т. 7, с. 583

КАНЕ́КТЫКУТ (Connecticut),

штат на ПнУ ЗША у групе штатаў Новай Англіі. Пл. 14,4 тыс. км², нас. 3274,2 тыс. чал. (1996). Адм. ц.г. Хартфард, найб. гарады і гал. прамысл. цэнтры — Брыджпарт, Уотэрберы, Нью-Хейвен, Стамфард. У гарадах жыве больш за 90% насельніцтва. На Пн адгор’і Апалачаў (выш. каля 600 м), на Пд рачныя даліны і прыморская нізіна. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -3 °C, ліп. 21—24 °C. Ападкаў каля 1500 мм за год. Каля ​2/з штата пад лесам. Адзін з найб. развітых прамысл. штатаў ЗША. Прам-сць: авіяц.-ракетная (верталёты, ракеты, авіяц. абсталяванне і рухавікі), эл.-тэхн., электронная (ЭВМ, электронныя кампаненты), металаапр., машына-, станка-, прылада- і станкабудаўнічая, суднабуд. (у т. л. падводныя лодкі), гумавая, хімічная. Гал. с.-г. культуры — тытунь і сеяныя травы. Развіты вырошчванне агародніны і фруктаў, малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Пд Штата ўваходзіць у прыгарадную зону Нью-Йорка. Транспарт марскі, чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па р. Канектыкут.

М.С.Вайтовіч.

т. 7, с. 583

КАНЕЛЮ́РЫ (ад франц. cannelure жалабок) у архітэктуры, жалабкі вертыкальныя на ствале калоны або пілястры і гарызантальныя на базе калоны іанічнага ордэра. У якасці дэкар. элемента сфарміраваліся ў архітэктуры Стараж. Грэцыі ў дарычным ордэры. У Зах. Еўропе, Расіі і на Беларусі былі пашыраны ў архітэктуры барока і класіцызму.

С.А.Сергачоў.

т. 7, с. 583

КА́НЕМ-БО́РНУ,

дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы ў 9 — канцы 19 ст. Першапачаткова ўключала вобл. Канем (на ПнУ ад воз. Чад), у 14 ст. цэнтр дзяржавы перамясціўся ў вобл. Борну (на З ад воз. Чад). Дзярж. лад — манархія, пануючая рэлігія — іслам, аснова эканомікі — сельская гаспадарка, заснаваная на працы залежных сялян і надзеленых зямлёй рабоў. Найб. росквіт у 13 і 16—17 ст. У канцы 19 ст. тэр. К.-Б. ўваходзіла ў склад Рабаха дзяржавы, у пач. 20 ст. — у калан. ўладанні Вялікабрытаніі (асн. частка), Германіі і Францыі; цяпер у складзе дзяржаў Нігерыя, Чад, Камерун.

т. 7, с. 583

КА́НЕЎ,

горад на Украіне, раённы цэнтр Чаркаскай вобл., на р. Дняпро, за 45 км ад чыг. ст. Таганча. Вядомы з 1149. 29,7 тыс. ж. (1991). Рачны порт. Прадпрыемствы эл.-мех., мед. тэхнікі і спец. тэхнал. абсталявання, дрэваапр., харчасмакавай прам-сці. ГЭС. Музей нар. дэкар. мастацтва, б-ка-музей А.П.Гайдара (пахаваны ў К.). Каля К. на Тарасавай гары літ.-мемар. музей-запаведнік Т.Г.Шаўчэнкі (магіла паэта). Юр’еўскі (Успенскі) сабор (1144).

т. 7, с. 583

КАНЕ́ЎСКІ (Амінадаў Майсеевіч) (29.3.1898, г. Кіраваград, Украіна — 14.6.1976),

расійскі графік. Нар. маст. Расіі (1966). Нар. маст. СССР. Акад. АМ СССР (1973). Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т (Масква, 1930). Аўтар ілюстрацый да дзіцячых кніг, якія вызначаюцца жывым гумарам, камічнай гіпербалізацыяй сітуацый і вобразаў («Залаты ключык, альбо Прыгоды Бураціна» А.Талстога, 1942—43; «Мыйдадзір» К.Чукоўскага, 1950), да твораў М.Салтыкова-Шчадрына («За мяжой», 1939), У.Маякоўскага (зб. «Сатыра», 1967), М.Гогаля («Іван Фёдаравіч Шпонька і яго цётухна», 1946). Працаваў у жанрах карыкатуры (з 1936 супрацоўнік час. «Крокодил»), плаката, у станковым малюнку.

А.Канеўскі. Ілюстрацыя да аповесці М.В.Гогаля «Іван Фёдаравіч Шпонька і яго цётухна». 1946.

т. 7, с. 583