КАНДЭНСА́ЦЫЯ (ад позналац. condensatio ушчыльненне, згушчэнне),
пераход рэчыва з газападобнага стану ў вадкі або крышталічны. Адбываецца пры т-рах, меншых за крытычную тэмпературу, і адносіцца да фазавых пераходаў першага роду.
Пры К. ў інтэрвале т-р ад крытычнай да т-ры трайнога пункта рэчыва пераходзіць у вадкі стан (адваротны працэс — выпарэнне або кіпенне), пры больш нізкіх т-рах — у крышталічны (адваротны працэс — сублімацыя). Суправаджаецца вылучэннем цеплаты параўтварэння або сублімацыі (узгонкі). Для раўнаважнай К. неабходна прысутнасць кандэнсаванай фазы (вадкасць, крышталі) або т.зв. цэнтраў К. (напр., пылінкі). На нязмочвальных паверхнях вадкая фаза выпадае ў выглядзе кропель (кропельная К.), на поўнасцю змочвальных — у выглядзе плёнак (плёначная К.). Выкарыстоўваецца ў энергетыцы (цеплаабменныя апараты), у хім. тэхналогіі для раздзялення шматкампанентных газавых сумесей на фракцыі (фракцыйная К.), у апрасняльных устаноўках, халадзільнай і крыягеннай тэхніцы.
К. вадзяной пары ў атмасферы, працэс пераходу вадзяной пары, якая знаходзіцца ў паветры, у вадкі або цвёрды стан з утварэннем кропель і крышталёў воблакаў і туманаў, а таксама з вылучэннем вады і лёду на наземных прадметах. Адбываецца на ядрах кандэнсацыі пры ахаладжэнні паветра да пункта расы, у выніку яго цеплаабмену з зямной паверхняй.
т. 7, с. 583
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)