Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАЛЕ́СНІКАЎ (Віталь Міхайлавіч) (15.8.1922, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 25.11.1964),

Герой Сав. Саюза (1944). Вучыўся ў Рагачоўскім настаўніцкім ін-це. Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1952), Генштаба (1961). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Удзельнік абарончых баёў на Беларусі, Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Беларусі, Польшчы, баёў на тэр. Германіі. Камандзір стралк. ўзвода мал. лейтэнант К. вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра ў Брагінскім р-не: у час бою ўзначаліў роту, пад агнём праціўніка арганізаваў яе пераправу цераз раку. Да 1964 у Сав. Арміі, палкоўнік.

В.М.Калеснікаў.

т. 7, с. 463

КАЛЕ́СНІКАЎ (Іван Сцяпанавіч) (18.11.1911, г. Новакубанск Краснадарскага краю, Расія — 28.5.1994),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), ген.лейт. (1960). Скончыў Тбіліскае ваенна-паліт. вучылішча (1938), Ваен. акадэмію Генштаба (1946). У Чырв. Арміі з 1933. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім, Цэнтр., 1-м Бел. і інш. франтах. 30.9.1943 стралковы полк пад камандаваннем падпалкоўніка К. вызначыўся ў Камарынскім р-не: фарсіраваў Дняпро, захапіў плацдарм і адбіў некалькі контратак праціўніка. Да 1972 у Сав. Арміі.

т. 7, с. 463

КАЛЕ́СНІКАЎ (Павел Міхеевіч) (н. 20.7.1938, с. Кароткае Карочанскага р-на Белгародскай вобл., Расія),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р тэхн. н. (1973), праф. (1977). Скончыў Харкаўскі авіяц. ін-т (1962). З 1968 у Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі. Навук. працы па матэм. мадэляванні, цеплафізіцы, ядз. энергетыцы, электрадынаміцы і стварэнні навук. асноў элементнай базы інфарм. сістэм. Распрацаваў асн. палажэнні тэорыі плазменных і вадкасных ракетных рухавікоў, тэорыі пераносу ў неаднародных і нелінейных асяроддзях.

Тв.: Введение в нелинейную электродинамику. Мн., 1971; Электродинамическое ускорение плазмы. М., 1971; Методы теории переноса в нелинейных средах. Мн., 1981; Теория неоднородных световодов и резонаторов. Мн., 1982.

т. 7, с. 463

КАЛЕ́СНІКАЎ (Пімен Рыгоравіч) (25.7.1906, г. Мікалаеў, Укра ша — 26.11.1996),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ваенна-тэарэтычную (1933) і Арэнбургскую ваен. авіяц. школы лётчыкаў (1934). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Волхаўскім, Паўд., Зах., 1-м і 2-м Бел. франтах. Старшы штурман штурмавой авіяцыі маёр К. вызначыўся ў 1944 пры вызваленні Рагачова, Бабруйска, Мінска, Слоніма, ліквідацыі груповак праціўніка ў бабруйскім «катле». Да 1957 у Сав. Арміі.

т. 7, с. 463

КАЛЕТАТРЫ́ХУМ (Colletotrichum),

род паразітычных недасканалых грыбоў парадку меланконіевых. Каля 39 відаў (600 сінонімаў). Пашыраны ўсюды. Выклікаюць антракнозы вышэйшых раслін. На Беларусі найб. вядомыя К.: Ліндэмута (C. lindemutianum, антракноз бабовых), лёну (C. lini, антракноз лёнавых), арбікулярэ (C. orbiculare, антракноз гарбузовых).

Міцэлій галінасты, шматклетачны. Канідыі бясколерныя, аднаклетачныя, канідыяносцы падоўжаныя, сабраныя ў ложа накшталт ружавата-жоўтых падушачак з доўгімі цёмнымі шчацінкамі, якія ўтвараюцца на струках, лісці, сцёблах хворых раслін. Зімуе міцаліем у сумчатай стадыі.

В.Г.Гапіенка.

т. 7, с. 463

КАЛЕ́ЧЫЦ (Алена Генадзеўна) (н. 12.3.1940, г. Нальчык, Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка),

бел. археолаг. Д-р гіст. н. (1995). Скончыла БДУ (1964). З 1971 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі, з 1996 вядучы навук. супрацоўнік. Вывучае матэрыяльную культуру плямён каменнага і бронзавага вякоў на тэр. ўсх. і паўд.-зах. Беларусі, пытанні палеагеаграфіі, палеаэкалогіі, сац.-эканам. развіцця стараж. насельніцтва. Асн. даследаванні праводзіла ў бас. рэк Сож і Ясельда (Бердыж, Гронаў, Моталь, Струмень і інш.). Аўтар прац «Першапачатковае засяленне тэрыторыі Беларусі» (1984), «Помнікі каменнага і бронзавага вякоў Усходняй Беларусі» (1987), «Першыя людзі на зямлі Беларусі» (1997), адзін з аўтараў кніг «Беларуская археалогія» (1987), «Археалогія Беларусі» (т. 1, 1997).

т. 7, с. 463

Калешка Уладзімір Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 398

КАЛЁСЫ, воз,

тып гужавых трансп. сродкаў. Традыц. бел. сялянскія К. мелі простую канструкцыю: 4 колы, насаджаныя на драўляныя восі пярэдняга і задняга ходаў, што злучаліся паміж сабой выгнутай трайнёй і жэрдкамі — біламі, або ляжэйкамі, якія ўтваралі аснову кузава. У падушкі пярэдняга і задняга ходаў забівалі ручкі, на іх замацоўвалі гнутыя дужкі (вязы), якія давалі магчымасць заціскаць сюды бартавыя дошкі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ва ўсх. Беларусі часцей карысталіся канструкцыяй са стацыянарным кузавам з дошак (прамежкавы варыянт паміж рабочым возам і брычкай) ці платформай замест яго (рабочыя К.). У цэнтр. і зах. раёнах найб. пашыраным тыпам рабочых К. была мажара.

В.С.Цітоў.

т. 7, с. 463

КА́ЛІ (Cali),

горад на З Калумбіі. Адм. ц. дэпартамента Валье-дэль-Каўка. Засн. ў 1536. 1,87 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, якія звязваюць К. з ціхаакіянскім портам Буэнавентура і портамі Карыбскага м. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл. і с.-г. цэнтр. Прам-сць: гарбарна-абутковая, харч., тэкст., папяровая, металаапр., цэментная. 2 ун-ты. Арх. помнікі 16—18 ст.

т. 7, с. 463

КАЛІ́БР (франц. calibre ад араб. форма),

1) К. зброі — адна з асн. велічынь, якая вызначае яе магутнасць. К. агнястрэльнай зброі — дыяметр канала ствала (у наразной зброі ў краінах СНД і інш. — адлегласць паміж процілеглымі выступамі нарэзаў, у ЗША, Вялікабрытаніі і інш. — паміж паглыбленнямі нарэзаў), а таксама найб. дыяметр снарада (міны, кулі). К. вызначаюць: у дзюймах (25,4 мм), лініях (2,54 мм) і міліметрах, часам у сотых (ЗША) або тысячных (Вялікабрытанія) долях дзюйма (напр., .22 азначае 5,6 мм). К. авіяц. бомбы — яе маса ў кілаграмах; К. паляўнічага ружжа — лік шаравых куль, адлітых з 1 англ. фунта (453,6 г) свінцу і ўкладзеных у адзін рад у канал ствала.

2) К. у метралогіі — бясшкальны вымяральны інструмент для кантролю памераў, формы і размяшчэння паверхняў дэталей. Бываюць гранічныя (для праверкі найбольшых і найменшых дапушчальных памераў гладкіх цыліндрычных, конусных, разьбовых і шліцавых паверхняў) і нармальныя, або шаблоны (для кантролю складаных профіляў).

3) К. у пракатнай вытворчасці — профіль адтуліны, утворанай выразамі (ручаямі) двух спалучаных валкаў пракатных. Прапусканнем праз такі К. надаюць металу, які пракатваецца, патрэбную форму і памеры.

У.М.Сацута.

Калібры: 1, 2 — гранічныя для праверкі гладкіх і разьбовых адтулін; 3 — калібр-скаба для праверкі гладкіх валоў; 4 — профільны.

т. 7, с. 463