КАЛЁСЫ, воз,

тып гужавых трансп. сродкаў. Традыц. бел. сялянскія К. мелі простую канструкцыю: 4 колы, насаджаныя на драўляныя восі пярэдняга і задняга ходаў, што злучаліся паміж сабой выгнутай трайнёй і жэрдкамі — біламі, або ляжэйкамі, якія ўтваралі аснову кузава. У падушкі пярэдняга і задняга ходаў забівалі ручкі, на іх замацоўвалі гнутыя дужкі (вязы), якія давалі магчымасць заціскаць сюды бартавыя дошкі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ва ўсх. Беларусі часцей карысталіся канструкцыяй са стацыянарным кузавам з дошак (прамежкавы варыянт паміж рабочым возам і брычкай) ці платформай замест яго (рабочыя К.). У цэнтр. і зах. раёнах найб. пашыраным тыпам рабочых К. была мажара.

В.С.Цітоў.

т. 7, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)