Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАНКАРДА́Т СЯМІ́, Зібенбунд (ням. Siebenbund),

палітычны саюз 7 швейц. кантонаў (Ааргаў, Берн, Золатурн, Люцэрн, Санкт-Гален, Тургаў, Цюрых) у 1830—40-я г. Засн. ў 1832 пад кіраўніцтвам прадстаўнікоў ліберальнай швейц. буржуазіі. Выставіў праграму перагляду федэральнага дагавора Швейц. саюза (1815) у бок узмацнення цэнтралізацыі дзяржавы і дэмакратызацыі яе паліт. ладу. Распрацаваны ў 1832 праект такога федэральнага дагавора ў 1833 быў адхілены большасцю эканамічна адсталых кантонаў, дзе пераважалі католікі. Апошнія, каб перашкодзіць паліт. аб’яднанню краіны, у 1843—45 стварылі Зондэрбунд, у 1847 развязалі грамадз. вайну, аднак пацярпелі паражэнне ад федэральнай арміі. Паводле канстытуцыі 1848 Швейцарыя стала адзінай федэратыўнай дзяржавай.

т. 7, с. 586

КАНКІ́СТА (ад ісп. conquista заваяванне),

пашыраны ў гіст. л-ры тэрмін, які ўжываўся ў дачыненні да перыяду заваявання Мексікі, Цэнтр. і Паўд. Амерыкі іспанцамі і партугальцамі ў канцы 15—16 ст. Гл. таксама Канкістадоры.

т. 7, с. 586

КАНКІСТАДО́РЫ (ад ісп. conquistador заваёўнік),

іспанцы (збяднелыя дваране, наёмныя салдаты, часам крымін. злачынцы), якія заваёўвалі тэрыторыі ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ў канцы 15—16 ст. Паходы (экспедыцыі) К. суправаджаліся вынішчэннем і занявольваннем індзейскіх плямён і народаў, рабаваннямі і інш. гвалтоўнымі і прымусовымі дзеяннямі. Частку здабычы камандзіры К. адпраўлялі ісп. каралю, ад якога атрымлівалі вял. прывілеі аж да права самастойна кіраваць заваяванымі землямі. Найб. вядомымі кіраўнікамі К. былі П. дэ Вальдывія, Э.Картэс, Ф.Пісара і інш.

Літ.:

Олива де Коль Х. Сопротивление индейцев испанским конкистадорам: Пер. с исп. М., 1988.

т. 7, с. 586

КАНКЛА́Ў (ад лац. conclave зачынены пакой),

сход кардыналаў, які збіраецца для выбрання папы рымскага пасля смерці яго папярэдніка. Парадак правядзення К. ўстаноўлены ў 1274 на 2-м Ліёнскім саборы папам Грыгорыем X. Адбываецца праз 18 дзён пасля смерці папы ў ізаляваным ад навакольнага свету памяшканні закрытым галасаваннем. Для выбрання папы патрабуецца ​2/з галасоў удзельнікаў (колькасць не павінна перавышаць 120) плюс 1 голас. К. называецца таксама памяшканне Сіксцінскай капэлы, дзе адбываюцца выбары.

т. 7, с. 587

«КАНКО́РД»

(Concord),

звышгукавы пасажырскі самалёт фірм БАК (Вялікабрытанія) і «Аэраспасьяль» (Францыя). Пасаж. месцаў да 150. Мае 4 турбарэактыўныя рухавікі. Узлётная маса 175 т, скорасць 2200—2500 км/гадз. Першы палёт ажыццёўлены ў 1969.

т. 7, с. 587

КАНКРЫ́Н (Ягор Францавіч) (сапр. Георг Людвіг; 27.11.1774, г. Ганаў, Германія — 21.9.1845),

расійскі ваен. і дзярж. дзеяч, вучоны. Ген. ад інфантэрыі (1828), граф (1829), ганаровы чл. Пецярбургскай (1824) і Парыжскай (1844) АН, д-р права (1794). Скончыў Гесенскі і Магдэбургскі (Германія) ун-ты. З 1797 у Расіі: саветнік пры экспедыцыі дзярж. эканоміі ў МУС (з 1803), інспектар замежных калоній Пецярбургскай губ. (з 1809), памочнік ген.-правіянтмайстра Ваен. мін-валют. 1811). Удзельнік вайны 1812 (ген.-інтэндант 1-й Зах. арміі) і замежнага паходу 1813—14 (з 29.4.1813 ген.-інтэндант). У 1816—20 пры Гал. кватэры ў Магілёўскай губ.; адзін з першых даследчыкаў Барысавых камянёў. У 1823—44 міністр фінансаў; правёў гільдзейскую (1824), грашовую (увядзенне сярэбранага монаметалізму, 1839—43) і інш. рэформы. Аўтар прац (пераважна на ням. мове) «Фрагменты аб ваенным майстэрстве з пункту гледжання ваеннай філасофіі» (1809, 2-е выд 1815), «Аб сродках забеспячэння харчаваннем вялікіх армій» (нап. 1809—10), «Аб ваеннай эканоміі ў час вайны і міру і яе сувязі з ваеннымі аперацыямі» (т. 1—3, 1820—23), «Сусветнае багацце, нацыянальнае багацце і дзяржаўная гаспадарка» (1821), маст. твора «Дагабер, раман з сапраўднай вайны за вызваленне» (1797—98), артыкулаў пра ням. тэатр і інш.

т. 7, с. 587

КАНКРЭМЕ́НТЫ (ад лац. concrementum нагрувашчанне, зрастанне),

цвёрдыя ўтварэнні («камяні») у полых органах і вывадных пратоках залоз у чалавека і жывёл; могуць быць прычынай хваробы. Бываюць рознага памеру, формы і кансістэнцыі. Хім. састаў залежыць ад фізіял. уласцівасцей асяроддзя, у якім адбываецца ўтварэнне К. (жоўцевыя, мачавыя камяні і інш.). Прычыны ўтварэння К. агульныя (напр., парушэнні абмену рэчываў) і мясц. (напр., змена хімізму сакрэту).

т. 7, с. 587

КАНКРЭ́ТНАЕ,

гл. ў арт. Абстрактнае і канкрэтнае.

т. 7, с. 587

КАНКРЭ́ТНАЯ МУ́ЗЫКА,

музыка, заснаваная на тэхн. апрацоўцы запісаных на стужку «натуральных», немузычных гукаў (гул цягніка, розныя шумы, шапаценне, крыкі, галасы птушак і інш.). Можа спалучацца з гукамі муз. інструментаў і пеўчых галасоў. Блізкая да электроннай музыкі, крайніх форм санарыстыкі (гл. Санорыка). У працэсе стварэння К.м. і яе запісу кампазітар з дапамогай сучасных тэхн. сродкаў (магнітафоны, сінтэзатары) здзяйсняе шматлікія аперацыі, якія забяспечваюць разнастайныя акустычныя эфекты. К.м. ўзнікла ў канцы 1940-х г. у Францыі. Яе стваральнік — П.Шэфер («Канцэрт шумоў», «Сюіта для 14 інструментаў», «Канцэрт двухсэнсавасцей»), паслядоўнікі — прадстаўнікі найб. радыкальнага крыла муз. авангарда П.Анры, П.Булез, А.Месіян, К.Штокгаўзен. Найб. пашырана пры муз. афармленні драм. спектакляў і кінафільмаў. Для дасягнення каларыстычнага эфекту часта выкарыстоўваецца ўключэнне «натуральных», «канкрэтных» гукаў у кантэкст тонавай музыкі (напр., запіс спеваў салаўя ў «Пініях Рыма» А.Рэспігі).

Літ.:

Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976.

Т.Г.Мдывані.

т. 7, с. 587

КАНКРЭ́ЦЫЯ (ад лац. concretio зрастанне, згушчэнне),

сцяжэнне, мінеральнае ўтварэнне шарападобнай ці няправільнай формы ў асадкавых горных пародах і глебах. Канцэнтруе рассеяныя кампаненты змяшчальных парод або цэментуючага матэрыялу — крэменязёму, кальцыту, даламіту, аксідаў жалеза, пірыту, гіпсу, фасфату і інш. Цэнтрамі сцяжэння могуць быць зерні мінералаў, абломкі парод, ракавіны, косці рыб. часткі раслін і інш. Памеры К. вагаюцца ад 1 мікрона да 3 м у дыяметры. Паводле будовы найб. частыя шкарлупінаватыя (канцэнтрычна-слаістыя), радыяльна-прамянёвыя, грубапалоскавыя. У сучасных акіянічных асадках пашыраны жалеза-марганцавыя канкрэцыі. Трапляюцца ў адкладах усіх геал. сістэм. На Беларусі вядомы К. крамянёвыя (верхні мел), фасфарытавыя (дэвон, верхні мел, палеаген), а таксама жалезістыя на дне азёр.

У.Я.Бардон.

т. 7, с. 587