КАНКРЭ́ЦЫЯ (ад лац. concretio зрастанне, згушчэнне),

сцяжэнне, мінеральнае ўтварэнне шарападобнай ці няправільнай формы ў асадкавых горных пародах і глебах. Канцэнтруе рассеяныя кампаненты змяшчальных парод або цэментуючага матэрыялу — крэменязёму, кальцыту, даламіту, аксідаў жалеза, пірыту, гіпсу, фасфату і інш. Цэнтрамі сцяжэння могуць быць зерні мінералаў, абломкі парод, ракавіны, косці рыб. часткі раслін і інш. Памеры К. вагаюцца ад 1 мікрона да 3 м у дыяметры. Паводле будовы найб. частыя шкарлупінаватыя (канцэнтрычна-слаістыя), радыяльна-прамянёвыя, грубапалоскавыя. У сучасных акіянічных асадках пашыраны жалеза-марганцавыя канкрэцыі. Трапляюцца ў адкладах усіх геал. сістэм. На Беларусі вядомы К. крамянёвыя (верхні мел), фасфарытавыя (дэвон, верхні мел, палеаген), а таксама жалезістыя на дне азёр.

У.Я.Бардон.

т. 7, с. 587

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)