КАНДРУСЕ́ВІЧ (Аркадзь Лявонцьевіч) (10.9.1929, в. Ламачы Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 10.9.1995),
бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1978). Працаваў настаўнікам, журналістам, з 1960 у газ. «Магілёўская праўда». Друкаваўся з 1964. Пісаў пераважна пра жыццё сваіх равеснікаў, юнацтва якіх прыпала на час вайны і цяжкія пасляваен. гады. Аўтар зб-каў прозы «Чарпак Вялікай Мядзведзіцы» (1969), «Кругі на Белай паляне» (1977).
т. 7, с. 580
КАНДРУСЕ́ВІЧ (Уладзімір Пятровіч) (н. 29.9.1949, г. Гродна),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1973) і кампазіцыі (1979, клас Я.Глебава). Найб. дасягненні ў тэатральнай і кінамузыцы. У творчасці спалучае кантрастныя муз. стылі. Сярод твораў: балет «Крылы памяці» (паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, 1986), мюзіклы «Джулія» (1990) і «Шклянка вады» (1994; абодва паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі), «Залёты» (паст. Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1992), радыёопера «Таямніца старога замка» (1988), араторыя «Паданне» на словы Я.Купалы (1978), кантата «Аблачынка з Чарнобыля» на словы Г.Бураўкіна і А.Разанава (1989), сімфонія «Плач перапёлкі» (1992); камерна-інстр. і вак. музыка, кінамузыка; музыка да драм. і лялечных спектакляў, у т. л. «Бура» У.Шэкспіра (1989), «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа (1990), «Цар Ірад» (1993; усе паст. Дзярж. т-рам лялек Беларусі).
Літ.:
Мдивани Т.Г. Наблюдения над творческим стилем Владимира Кондрусевича // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1991. Вып. 10.
Р.М.Аладава.
т. 7, с. 580
КАНДУКІАМЕ́ТРЫЯ (ад англ. conductivity электраправоднасць + ...метрыя),
сукупнасць электрахім. метадаў колькаснага аналізу, заснаваных на вымярэнні электраправоднасці раствораў электралітаў.
К. ўключае кантактныя і бескантактныя метады. Кантактныя метады — прамыя, ускосныя і кандуктаметрычнае цітраванне, заснаванае на змяненні электраправоднасці раствору пры хім. рэакцыях, праводзяць пры непасрэдным кантакце даследуемага раствору з электродамі. Бескантактныя метады дазваляюць праводзіць вымярэнні пры высокіх і нізкіх т-рах, у агрэсіўным асяроддзі і замкнёных аб’ёмах. Выкарыстоўваюць у хім. кінетыцы для вызначэння канстантаў дысацыяцыі электралітаў, асноўнасці кіслот, растваральнасці асадкаў і інш., пры кантролі рэгенерацыі іанітаў, ачысткі вады, якасці він, сокаў, для аналізу хім. рэактываў.
Л.М.Скрыпнічэнка.
т. 7, с. 580
КАНДУ́КТАР (позналац. conductor ад лац. conduco перавожу, збіраю) у тэхніцы, 1) прыстасаванне для накіроўвання металарэзнага інструменту і надання яму правільнай прасторавай арыентацыі адносна вырабу, што апрацоўваецца. Забяспечвае дакладнае ўзаемнае размяшчэнне, напр., групы апрацаваных адтулін без папярэдняй разметкі. Апрацоўка па К. дазваляе ажыццявіць узаемазамяняльнасць дэталей, вузлоў і агрэгатаў машыны.
2) Мантажнае прыстасаванне для часовага замацавання і выверкі зборных і зварных канструкцый, напр., секцый і блокаў корпуса судна, вагона.
3) Калона злучаных паміж сабой абсадных труб, якая надае зададзены напрамак буравой свідравіне. Акрамя таго, К. перакрывае верхнія няўстойлівыя пароды і ваданосныя гарызонты.
т. 7, с. 580
КА́НДЫ (сінгальскае Маха-Нувара, літаральна — вялікі горад),
горад у цэнтр. частцы Шры-Ланкі. 102 тыс. ж. (1988). Цэнтр гал. раёна плантацый чаю. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі. Саматужныя промыслы (вырабы з бронзы). Рэліг. будысцкі цэнтр: храм Зуба Буды (Далада Малігава), палацы, манастыры 13—18 ст. Арх. помнікі 12, 14, 18—19 ст. Нац. музей. К. ўключаны ЮНЕСКА у Спіс сусв. спадчыны.
т. 7, с. 580
КАНДЫБО́ВІЧ (Леў Аляксандравіч) (н. 20.1.1934, Мінск),
бел. вучоны-псіхолаг. Д-р псіхал. н. (1982), праф. (1984). Скончыў Маскоўскае агульнавайск. вучылішча імя Вярх. Савета РСФСР (1954), Архангельскі пед. ін-т (1959), Мінскае вышэйшае інж.-радыётэхн. вучылішча (1967). З 1967 у Мінскім вышэйшым інж. зенітна-ракетным вучылішчы супрацьпаветранай абароны. З 1991 у Бел. пед. ун-це. Навук. працы ў галіне ваен. псіхалогіі і псіхалогіі вышэйшай школы. Акадэмік Міжнар. акадэміі інфармац. тэхналогій (1995), Міжнар. акадэміі псіхал. навук (1996).
Тв.:
Психологическая подготовка к службе в армии. Мн., 1986 (разам з У.Р.Бляхай, А.Ц.Растуновым);
Психология высшей школы. 3 изд. Мн., 1993 (разам з М.І.Дзьячэнкам);
Краткий психологический словарь. Мн., 1996 (з ім жа).
М.П.Савік.
т. 7, с. 580
КАНДЫБО́ВІЧ (Кабыш) Сымон Сымонавіч
(1891, в. Старыца Салігорскага р-на — ?),
бел. дзярж. дзеяч, гісторык. Меў вышэйшую адукацыю, працаваў настаўнікам. У 1932—37 кіраўнік справамі і ўпаўнаважаны к-та нарыхтовак СНК БССР. У 1940 арыштаваны. У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.фаш. акупац. ўладамі, уваходзіў у склад Бел. цэнтр. рады, са студз. 1944 кіраўнік яе фін. аддзела, удзельнік 2-га Усебел. кангрэса (чэрв. 1944, Мінск). З лета 1944 у Германіі. Прымаў удзел у працы Бел. нац. к-та. З 1954 у Мюнхене: супрацоўнік Ін-та па вывучэнні СССР, у бел. аддзеле радыёстанцыі «Свабода». Аўтар артыкулаў у навук. часопісе бел. эміграцыі «Запісы», выданнях Ін-та па вывучэнні СССР па бел. нац. пытанні, у якіх рабіў высновы, што нац. развіццю бел. народа не спрыяюць ні Польшча, ні Сав. Расія.
т. 7, с. 580
КАНДЫДАМІКО́ЗЫ, кандыдозы,
хваробы, што выклікаюцца дрожджападобнымі грыбкамі роду Candida. Развіваюцца пры актывізацыі грыбкоў у хворага ад нерацыянальнага ўжывання антыбіётыкаў (эндагеннае заражэнне), радзей пры перадачы грыбкоў ад хворага здароваму (экзагеннае заражэнне); пастаянны спадарожнік ВІЧ-інфекцыі ў стадыі СНІДа. Адрозніваюць К. паверхневыя (пашкоджваюцца слізістыя абалонкі і скура — стаматыт, ангіна, вульвавагініт, скурныя пашкоджанні рознай лакалізацыі) і вісцэральныя (пашкоджваюцца ўнутр. органы, найчасцей дыхальныя шляхі і страўнікава-кішачны тракт). Праяўляюцца К. тварожыстай белай высыпкай, іншы раз з эрозіяй, у цяжкіх выпадках — генералізаваная інфекцыя з сепсісам і пашкоджаннем унутр. органаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.
А.А.Астапаў.
т. 7, с. 580
КАНДЫДА́Т (ад лац. candidatus літар. апрануты ў белае; у Стараж. Рыме спаборнік на атрыманне дзярж. пасады надзяваў белую тогу),
1) асоба, вылучаная для выбрання дэпутатам заканадаўчай установы, для замяшчэння якой-н. пасады ці прыёму ў якую-н. арг-цыю; малодшая вучоная ступень у дарэв. Расіі, якая прысвойвалася пасля заканчэння з адзнакай вышэйшай навуч. установы, напр. К. славеснасці.
2) К. навук у краінах СНД — першая вучоная ступень; асоба, якой прысуджана гэтая ступень. Прысуджаецца асобам з вышэйшай адукацыяй, што здалі кандыдацкі мінімум і абаранілі кандыдацкую дысертацыю.
т. 7, с. 580
КАНДЫЛО́МЫ (ад грэч. kondyloma разрастанне, нарасць, пухліна),
абмежаванае сасочкавае разрастанне скуры і слізістых абалонак чалавека запаленчага характару. Адрозніваюць К. востраканцовыя і шырокія. Востраканцовыя К. выклікаюцца вірусам, перадаюцца палавым шляхам, маюць дольчатую будову, сядзяць на тонкай ножцы. Інкубацыйны перыяд 1—9 (у сярэднім 3) мес. Развіваюцца ў неахайных людзей на раздражнёнай, увільготненай выдзяленнямі скуры вонкавых палавых органаў у між’ягадзічных і пахвінных складках, радзей — у падпахавых ямках, вуглах рота. Шырокія К. — грыбападобныя разрастанні на шырокай аснове; найчасцей бываюць праяўленнямі другаснага перыяду сіфілісу, ганарэі, фрамбезіі. Паверхня К. можа пакрывацца язвамі. Лячэнне: ліквідацыя асн. паталаг. працэсу (лячэнне сіфілісу, ганарэі і інш.), электракаагуляцыя, хірургічнае.
М.З.Ягоўдзік.
т. 7, с. 581