КАНДУ́КТАР (позналац. conductor ад лац. conduco перавожу, збіраю) у тэхніцы, 1) прыстасаванне для накіроўвання металарэзнага інструменту і надання яму правільнай прасторавай арыентацыі адносна вырабу, што апрацоўваецца. Забяспечвае дакладнае ўзаемнае размяшчэнне, напр., групы апрацаваных адтулін без папярэдняй разметкі. Апрацоўка па К. дазваляе ажыццявіць узаемазамяняльнасць дэталей, вузлоў і агрэгатаў машыны.

2) Мантажнае прыстасаванне для часовага замацавання і выверкі зборных і зварных канструкцый, напр., секцый і блокаў корпуса судна, вагона.

3) Калона злучаных паміж сабой абсадных труб, якая надае зададзены напрамак буравой свідравіне. Акрамя таго, К. перакрывае верхнія няўстойлівыя пароды і ваданосныя гарызонты.

т. 7, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)