Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАДЛЯСЕ́ЙКІ,

вёска ў Крошынскім с/с Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Баранавічы—Нясвіж. Цэнтр калгаса. За 20 км на ПнУ ад г. Баранавічы, 222 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Пагарэльцы. 520 ж., 232 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 11, с. 501

ПАДЛЯ́СКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Podlaskie),

адм.-тэр. адзінка на ПнУ Польшчы. На У мяжуе з Беларуссю і Літвой. Утворана 1.1.1999. Пл. 19,9 тыс. км2. Нас. 1,2 млн. чал. (1999), гарадскога 55%. Сярод насельніцтва значная доля беларусаў. Адм. цэнтр — г. Беласток. Найб. гарады: Сувалкі, Ломжа, Аўгустаў, Бельск-Падляскі. Большая ч. тэр. ваяводства знаходзіцца ў межах забалочанай Падляскай нізіны, на Пн марэнная града Сувалкаўскага Паазер’я, на У Беластоцкае ўзв. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -4 °C, ліп. 16—18 °C, ападкаў 550—600 мм за год. Густая сетка рэк, якія належаць да бас. р. Вісла. Гал. рэкі — Буг (з прытокам Нужац) і Нараў (з прытокамі Бебжа і Супрасль). Рэкі Нёман і Бебжа злучае Аўгустоўскі канал. На Пн шмат азёр, у т.л. самае глыбокае ў Польшчы воз. Ганча (108,5 м). Глебы малаўрадлівыя (падзолістыя, бурыя, балотныя). Пад лесам каля 27% тэрыторыі, найб. Аўгустоўская пушча і Белавежская пушчаБелавежскім нацыянальным паркам). Гаспадарка аграрна-прамысловая. С.-г. ўгоддзі займаюць 54% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, бульбу, авёс, пшаніцу, ячмень, лён, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць дарожных машын, абсталявання для лясной і харч. прам-сці), тэкст. (шарсцяная, баваўняная), швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр., харчасмакавая, буд. матэрыялаў. Турызм (Аўгустоўскае Паазер’е).

т. 11, с. 501

ПАДЛЯ́СКА-БРЭ́СЦКАЯ ЎПА́ДЗІНА,

буйная адмоўная тэктанічная структура Рускай пліты на ПдЗ Беларусі (Брэсцкая вобл.) і сумежнай тэр. Польшчы. На Пн і Пд абмежавана разломамі субшыротнага распасцірання Свіслацкім і Паўн.-Ратнаўскім, за якімі размешчаны адпаведна Беларуская антэкліза і Лукаўска-Ратнаўскі выступ. Усх. мяжа з Палескай седлавінай праведзена ўмоўна па глыбіні залягання паверхні крышт. фундамента 500 м ніжэй узр. м. На 3 ўпадзіна прымыкае да лініі Тэйсейра—Торнквіста. Выцягнута ў субшыротным напрамку на 350 км, шыр. 90—130 км. Мае выгляд структурнага заліва, які цэнтраклінальна замыкаецца на У і адкрываецца на 3. Паверхня фундамента паглыбляецца ад 500 м да 9 км ніжэй узр. м., ускладнена разломамі паўн.-ўсх. напрамку і лакальнымі малаамплітуднымі падняццямі, якія праяўляюцца ў платформавым чахле да ніжняга дэвону ўключна. Запоўнена познапратэразойскімі, палеазойскімі, мезазойскімі і кайназойскімі адкладамі. Асн. этап фарміравання — каледонскі (ранні кембрый — ранні дэвон). Кембрыйскія адклады П.-Б.ў. перспектыўныя на нафту і газ.

Г.У.Зінавенка.

т. 11, с. 501

ПАДЛЯ́ШСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ і Польшчы ў 16—18 ст. з цэнтрам у г. Драгічын-Надбужскі. Утворана ў 1520. Складалася з Бельскага, Берасцейскага, Драгічынскага, Камянецкага, Кобрынскага, Мельніцкага пав. Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 Берасцейскі, Камянецкі і Кобрынскі пав. ўвайшлі ў Брэсцкае ваяв. Напярэдадні Люблінскай уніі 1569 П.в. адышло да Польшчы. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) увайшло ў склад Прусіі. Гл. таксама Падляшша.

т. 11, с. 501

ПАДЛЯ́ШША, Падляссе,

гістарычная вобласць на З этнічнай тэр. беларусаў у бас. Зах. Буга і Нарава, стараж. зона рассялення яцвягаў, дрыгавічоў, валынян. У 13—14 ст. увайшло ў ВКЛ, адыгрывала важную ролю ў бел. этнакультурным працэсе. У 1520 утворана Падляшскае ваяводства. Напярэдадні Люблінскай уніі 1569 перададзена Польшчы. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) большая частка П. дасталася Прусіі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 у Рас. імперыі, у 1808 тут створана Беластоцкая вобласць (у 1842 скасавана, тэр. далучана да Гродзенскай губ.). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польшчы (з гэтага часу польскае насельніцтва стала колькасна пераважаць). У 1939—44 у БССР, у 1944 большая частка П. перададзена Польшчы.

В.С.Цітоў.

т. 11, с. 501

ПАДМАЛЁЎКА ў жывапісе

(пераважна алейным),

падрыхтоўчы этап работы над карцінай. Звычайна на стадыі П. ў адным тоне прапрацоўваюць светлаценем аб’ёмы прадметаў ці фігур, што адлюстроўваюцца (цені цёмнымі тонамі, асветленыя часткі — светлымі). Выконваецца ў 2 і больш колерах з разлікам на прасвечванне праз тонкія слаі фарбаў, якія накладваюцца на завяршальным этапе работы (гл. Лесіроўка). У алейным жывапісе эпохі Адраджэння П. часта выконвалі тэмперай. Шматслаёвы жывапіс з П. і лесіроўкамі быў пашыраны да сярэдзіны 19 ст., потым выцеснены жывапісам alla prima (выкананне карціны або фрагмента ў адзін сеанс).

т. 11, с. 501

ПАДМА́НКІ,

група мінералаў класа сульфідаў, якія маюць падобныя знешнія прыкметы (алмазны, паўметалічны бляск, колер і інш.), што адрознівае іх ад большасці сульфідаў, і пераважна з’яўляюцца рудамі. Напр., цынкавая П. (сфалерыт), кадміевая П. (грынакіт, CdS), аксаміцістая П. (тонкавалакністыя агрэгаты гётыту) і інш. Да П. адносіцца таксама рагавая падманка (кл. сілікатаў), жалезістыя разнавіднасці якой маюць моцны паўметалічны бляск, але не з’яўляюцца рудой. Назва ўведзена сярэдневяковымі рудакопамі, якія часта прымалі гэтыя мінералы за руды вядомых у той час металаў.

т. 11, с. 501

ПАДМАСКО́ЎНЫ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН Складаецца з больш як 90 радовішчаў у Наўгародскай, Цвярской, Смаленскай, Калужскай, Тульскай і Разанскай абл. Расіі. Пл. каля 120 тыс. км2. Вуглі выяўлены ў 1722, здабываюцца з 1855. Балансавыя запасы да глыб. 200 м — 4,1 млрд. т. Вугляносная тоўшча ніжняга карбону (магутнасць да 50 м) мае 4 прамысл. пласты (магутнасць 1,4—12 м) бурага вугалю (тэхн. група В-2). Цеплыня згарання на рабочае паліва 11,4 МДж/кг. Здабыча адкрытым і падземным спосабам.

т. 11, с. 502

ПАДНАЁМ,

дапаможны ў адносінах да дагавору маёмаснага найму або дагавору найму жылога памяшкання цывільна-прававы дагавор, па якім наймальнік здае нанятую маёмасць або яе частку трэцяй асобе — паднаймальніку, застаючыся адказным перад наймадаўцам. У дагаворных адносінах з наймадаўцам паднаймальнік не знаходзіцца, і заключэнне дагавору П. не ўплывае на характар і абавязацельствы бакоў па дагаворы найму. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь наймальнік не можа даць паднаймальніку большы аб’ём правоў, чым мае сам па дагаворы найму. Са спыненнем дагавору найму адначасова спыняецца і дагавор паднайму.

І.М.Сямёнава.

т. 11, с. 502

ПАДНЯБЕ́ННЕ,

верхняя сценка ротавай поласці ў пазваночных жывёл і чалавека. У чалавека П. — шчыльная пласцінка, якая раздзяляе ротавую і насавую поласці. Складаецца з касцявога (цвёрдага) і мяккага П. (працяг цвёрдага — з слізістай абалонкі з падслізістай і мышачнага слоя з тлушчавай клятчаткай), якія разам утвараюць верхнюю сценку поласці рота. Пры парушэнні фарміравання зародка могуць узнікаць заганы развіцця П., напр., воўчая зяпа.

т. 11, с. 502