Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАНДЫ́ТАРСКІЯ ВЫ́РАБЫ,

харчовыя прадукты звычайна са значнай колькасцю цукру, прыемным смакам і пахам. Вызначаюцца высокай каларыйнасцю і засваяльнасцю. Падзяляюцца на цукрыстыя (цукеркі, шакалад, зефір, какава-парашок, пасціла-мармеладныя вырабы, халва і інш.) і мучныя (пячэнне, пернікі, тарты, пірожныя, кексы, вафлі, крэкеры, галеты і інш.).

Сыравінай для К.в. з’яўляюцца цукар, патака, мёд, мука, тлушч, малако, масла, арэхі, яйкі, харч. канцэнтраты, садавіна, ягады, жэліруючыя і араматызуючыя рэчывы, прыправы і інш. Сыравіна праходзіць тэрмічную (уварванне, абсмажванне, выпяканне) і мех. (здрабненне, перамешванне, замешванне, качанне, збіванне і інш.) апрацоўку. Выкарыстоўваюцца ўварвальныя вакуум-апараты, памада-збівальныя, мясільныя, катальныя, цукеркаадлівачныя, фармовачныя, загортачныя машыны і аўтаматы, ахаладжальныя і сушыльныя шафы і інш. Многія К.в. вітамінізуюцца; выпускаюцца дыетычныя і лячэбныя гатункі. Напр., у К.в. для хворых на цукр. дыябет цукар замяняюць сарбітам або ксілітам, для хворых анеміяй дадаюць гематаген, у вырабах для дзяцей не выкарыстоўваюць каву, зводзяць да мінімуму какаву. Гл. таксама Кандытарская прамысловасць.

т. 7, с. 581

КАНДЫЦЫЯНЕ́Р,

1) апарат (агрэгат, устаноўка) для кандыцыяніравання паветра. Бываюць аўтаномныя (з убудаванымі халадзільнымі машынамі і эл. паветранагравальнікамі), неаўтаномныя (са знешнімі крыніцамі холаду і цяпла), выпаральныя (ахалоджваюць паветра выпарэннем вады) і К.-даводчыкі (забяспечваюцца паветрам ад цэнтр. К., а дадатковым цяплом і холадам — ад знешніх крыніц). Аўтаномныя падзяляюцца на аконныя і верт. (шафавыя), якія маюць вадзяное ахаладжэнне; неаўтаномныя — на гарыз. і верт.; К.-даводчыкі — на вентылятарныя і эжэкцыйныя.

2) Апарат для гідратэрмальнай апрацоўкі збожжа, якая павышае яго мукамольныя ўласцівасці і паляпшае якасць мукі.

Схема аконнага бытавога кандыцыянера: 1 — фільтр-асушальнік; 2 — халадзільны кампрэсар; 3 — кандэнсатар; 4 — электрарухавік з вентылятарамі; 5 — выпаральнік для ахаладжэння паветра; 6 — фільтр для ачысткі паветра ад пылу.

т. 7, с. 581

КАНДЫЦЫЯНІ́РАВАННЕ (ад лац. conditio умова, стан),

1) К. паветра — стварэнне і аўтам. падтрыманне ў закрытых памяшканнях, трансп. сродках і г.д. стану паветр. асяроддзя (т-ры, вільготнасці, саставу, чысціні), найб. спрыяльнага для здароўя і самаадчування людзей (камфортнае К.) або для лепшага працякання вытв. працэсаў, работы прылад і абсталявання (тэхнал. К.). Сістэмы К. паветра бываюць цэнтральныя (абслугоўваюць некалькі памяшканняў) і мясцовыя (адно памяшканне ці яго частку); 1- і 2-канальныя; прамацечныя (апрацоўваюць і перамяшчаюць толькі вонкавае паветра) і з частковай рэцыркуляцыяй унутр. паветра (з памяшканняў). Сістэмы К. (з іх асн. сродкам — кандыцыянерам) часта выконваюць функцыі прытокавай вентыляцыі.

2) К. збожжа — водная і цеплавая яго апрацоўка перад памолам. Увільготненае ў спец. збожжаўвільгатняльніках збожжа награваюць на вадзяных радыятарах і высушваюць нагрэтым паветрам. У такога збожжа лягчэй аддзяляецца абалонка і павышаецца якасць мукі.

т. 7, с. 581

КАНДЫ́ЦЫЯ НАСЕ́ННЯ,

паказчык якасці насення. Залежыць ад чысціні, усходжасці, энергіі прарастання, вільготнасці, абс. масы, ступені адходаў, пашкоджанасці хваробамі, шкоднікамі і інш. Паводле гэтых паказчыкаў насенне збожжавых, зернебабовых і алейных культур падзяляюць на I, II i III класы, напр. усходжасць і чысціня насення мяккай азімай пшаніцы 1 кл. — 95 і 99%, II кл. адпаведна 92 і 98,5%. Якасць насення вызначаюць дзярж. насенныя інспекцыі. Не дапускаецца да сяўбы насенне пры выяўленні ў ім зерня каранціннага і ядавітага пустазелля, галаў пшанічнай нематоды, жывых шкоднікаў, іх лічынак і інш. Насенне, якое не адпавядае нормам якасці хоць бы па аднаму паказчыку, наз. некандыцыйным.

т. 7, с. 581

КАНДЭ́ (Conde),

арыстакратычны род у Францыі ў 16—19 ст.; малодшая галіна дынастыі Бурбонаў. Найб. вядомыя прадстаўнікі:

Луі I (7.5.1530—13.3.1569), першы прынц К. Сын Карла, герцага Вандомскага. Кіраўнік франц. гугенотаў у час першых рэлігійных войнаў. Паранены ў бітве пры Жарнаку (1569), паланёны і забіты паводле загаду прынца Генрыха Анжуйскага.

Генрых I (1552, Фертэ-су-Жуар, каля г. Мо, Францыя — 1588). Сын Луі I. Удзельнік рэліг. войнаў. У час Варфаламееўскай ночы вымушаны перайсці ў каталіцтва, у 1574 вярнуўся ў кальвінізм. Найб. уплывовы (пасля Генрыха Наварскага) лідэр гугенотаў. Атручаны.

Генрых II (1588, Сен-Жанд’Анжэлі, каля г. Сент, Францыя — 1646). Сын Генрыха I. У час рэгенцтва Марыі Медычы змагаўся за ўладу, але пацярпеў паражэнне, 3 гады быў зняволены ў Венсенскім замку. Католік, ваяваў у Паўд. Францыі супраць гугенотаў.

Луі II (8.9.1621, Парыж — 11.12.1686), палкаводзец. У Трыццацігадовую вайну 1618—48 атрымаў перамогі пры Ракруа (1643), Фрэйбургу, Нёрдлінгене (1644—45, разам з А.Цюрэнам), Дзюнкерку (1646) і Лансе (1448), якія паскорылі заключэнне выгаднага для Францыі Вестфальскага міру 1648. У перыяд Фронды камандаваў урадавымі войскамі, якія аблажылі Парыж, потым узначаліў апазіцыю і імкнуўся захапіць уладу. У 1650 зняволены. Пасля вызвалення (1651) узначаліў «Фронду прынцаў». У 1653 уцёк у Нідэрланды, прызначаны галоўнакамандуючым ісп. арміі, на чале якой да 1658 ваяваў у Паўн. Францыі. Разам з сынам А.Ж.Д’Ангіенам неаднаразова прэтэндаваў на трон Польшчы і ВКЛ. З 1660 зноў у Францыі. У 1668 заваяваў Франш-Кантэ. У 1672—75 паспяхова кіраваў ваен. аперацыямі ў вайне Францыі з Галандыяй. Празваны сучаснікамі «Вялікім К.».

Луі-Жазеф (9.8.1736, Шантыльі, Францыя — 13.5.1818), адзін з лідэраў франц. эміграцыі. Генерал. Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63, губернатар Бургундыі. Пасля ўзяцця Бастыліі (14.7.1789) пакінуў Францыю, узначаліў контррэв. т. зв. «армію К.» (1792). У 1797—99 на службе ў Расіі. З 1801 у Англіі, у 1814 вярнуўся ў Францыю.

Луі-Анры-Жазеф (1756—1830), сын Луі-Жазефа, апошні прадстаўнік роду. У пач. Французскай рэвалюцыі 1789—99 эмігрыраваў, служыў у «арміі К.», жыў у Англіі. З 1814 у Францыі.

Дз.М.Чаркасаў.

т. 7, с. 582

КАНДЭ́ЛА (ад лац. candela свечка),

адзінка сілы святла; адна з 7 асн. адзінак Міжнар. сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца кд. К. — сіла святла ў зададзеным напрамку крыніцы, якая вылучае монахраматычнае выпрамяненне частатой 540·10​12 Гц, энергет. сіла якога ў гэтым напрамку складае 1/683 Вт/ср.

т. 7, с. 582

КАНДЭ́ЛА ((Candela) Фелікс) (н. 27.1.1910, Мадрыд),

іспанскі і мексіканскі інжынер і архітэктар. Скончыў Вышэйшую школу архітэктуры Мадрыдскага ун-та (1935). У 1939 эмігрыраваў у Мексіку. Стваральнік жалезабетонных скляпенняў-абалонак розных форм; распрацаваў танкасценныя пакрыцці ў форме гіпербалічных парабалоідаў. Спраектаваў і пабудаваў у Мехіка навук. лабараторыі ун-та (1950—52) і Ледэрле (1955), будынак фірмы Бакардзі (1959; усе ў сааўт.), царкву Ла Вірхен Мілагроса (1954), Алімп. палац спорту (1966—68) і інш.

т. 7, с. 582

КАНДЭЛА́КІ (Уладзімір Аркадзевіч) (29.3.1908, Тбілісі — 10.3.1994),

спявак (бас-барытон), рэжысёр. Нар. арт. СССР (1971). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1928), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1933). З 1929 саліст Муз. т-ра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. У 1954—64 адначасова гал. рэж. і артыст Маскоўскага т-ра аперэты. Стварыў галерэю драм. і камедыйных вобразаў, у т. л. Сальеры («Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава), Тарас («Сям’я Тараса» Дз.Кабалеўскага), Сторажаў («У буру» Ц.Хрэннікава), Стэфан («Цыганскі барон» І.Штрауса), Капеліус («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), Султанбек («Аршын мал алан» У.Гаджыбекава), Напалеон («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). Сярод пастановак: «Кето і Катэ» В.Далідзе, «Тоска» Дж.Пучыні, «Белая акацыя» І.Дунаеўскага, «Вясёлая ўдава» Ф.Легара, «Масква, Чаромушкі» Дз.Шастаковіча, «Цырк запальвае агні» Ю.Мілюціна. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Літ.:

Казенин И.И. Владимир Канделаки. М., 1987.

т. 7, с. 582

КАНДЭЛЯ́БР (франц. candelabre ад лац. candela свечка),

вялікі падсвечнік з разгалінаваннямі на некалькі свечак ці эл. лямпачак (звычайна ў выглядзе свечак).

т. 7, с. 582

КАНДЭ́НСАР (ад лац. condénso згушчаю, ушчыльняю),

аптычная сістэма, якая збірае прамяні ад крыніцы святла і накіроўвае іх на аб’ект, што разглядаецца ці праецыруецца з дапамогай аптычных прылад. Складаецца з лінзаў, люстэркаў ці іх камбінацыі. Выкарыстоўваецца для асвятлення прэпаратаў у мікраскопах, дыяпазітываў у праекцыйных апаратах, фотаплёнак у фотапавелічальніках і інш.

т. 7, с. 582