1) апарат (агрэгат, устаноўка) для кандыцыяніравання паветра. Бываюць аўтаномныя (з убудаванымі халадзільнымі машынамі і эл. паветранагравальнікамі), неаўтаномныя (са знешнімі крыніцамі холаду і цяпла), выпаральныя (ахалоджваюць паветра выпарэннем вады) і К.-даводчыкі (забяспечваюцца паветрам ад цэнтр. К., а дадатковым цяплом і холадам — ад знешніх крыніц). Аўтаномныя падзяляюцца на аконныя і верт. (шафавыя), якія маюць вадзяное ахаладжэнне; неаўтаномныя — на гарыз. і верт.; К.-даводчыкі — на вентылятарныя і эжэкцыйныя.
2) Апарат для гідратэрмальнай апрацоўкі збожжа, якая павышае яго мукамольныя ўласцівасці і паляпшае якасць мукі.
Схема аконнага бытавога кандыцыянера: 1 — фільтр-асушальнік; 2 — халадзільны кампрэсар; 3 — кандэнсатар; 4 — электрарухавік з вентылятарамі; 5 — выпаральнік для ахаладжэння паветра; 6 — фільтр для ачысткі паветра ад пылу.