ВІ́ЦЕНЬ
(? — каля 1316),
вялікі князь ВКЛ (каля 1295—1316). Звесткі пра паходжанне супярэчлівыя. Паводле адных крыніц, ён родам з Жамойціі, другія называюць яго сынам Трайдзеня, трэція выводзяць яго з роду смаленскіх князёў. Бел. гісторыкі 19 ст. М.В.Без-Карніловіч і А.Кіркор лічылі яго сынам полацкага князя Гердзеня. На думку храніста 14 ст. П.Дусбурга, Віцень — сын Лютувера, які атаясамліваецца з Будзівідам. Бацька або брат Гедзіміна. Змагаўся за адзінства дзяржавы, ваяваў супраць палякаў у 1291, 1293, 1296, 1306, 1307. Вёў барацьбу з крыжакамі Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. У 1298 заключыў саюз з Рыгай, што дало магчымасць адбіць крыжацкі наступ на Жамойцію. Як і Трайдзень, сяліў прусаў, якія ўцяклі ад ням. заваёўнікаў, на Гарадзеншчыне. У 1294 задушыў паўстанне жамойцкіх феадалаў, што схіляліся да саюзу з крыжакамі. Паводле позняга Васкрасенскага летапісу, уключыў у ВКЛ Берасцейскую зямлю (1315). Загінуў ад удару перуна.
М.І.Ермаловіч.
т. 4, с. 236
«ВІ́ЦІ»,
грамадска-літаратурны часопіс. Выдаваўся ў 1952—57 у Нью-Йорку на бел. мове Згуртаваннем бел. моладзі і Бел. студэнцкім т-вам у ЗША. У раздзелах «Царква і моладзь», «Новае ў навуцы і тэхніцы», «Хроніка», «Гумар» і інш. змяшчаў матэрыялы і дакументы пра дзейнасць маладзёжных арг-цый, грамадскае і культ. жыццё бел. моладзі, студэнцтва і інш. у ЗША. Друкаваў творы Я.Купалы, М.Багдановіча, Н.Арсенневай, А.Савёнак, М.Белемука, Ю.Віцьбіча і інш. Выйшла 10 нумароў.
А. С.Ляднёва.
т. 4, с. 236
ВІ́ЦІ
(Vitti) Моніка [сапр. Чэчарэлі (Cecciarelli) Марыя Луіза; н. 3.11.1931, Рым], італьянская актрыса. Скончыла рымскую Акадэмію драм. мастацтва (1953). Працавала ў т-рах Рыма і Мілана. Вядомасць прынёс удзел у фільмах М.Антаніёні 1960-х г. («Прыгода», «Ноч», «Зацьменне», «Чырвоная пустыня»),
дзе актрыса стварыла новыя для зах.-еўрап. кіно вобразы жанчын з бурж. асяроддзя, якія пакутуюць з-за ўсеагульнага адчужэння, што ператвараецца з сац. хваробы ў псіхічную. Здымалася таксама ў камедыйных і муз. фільмах: «Дзяўчына з пісталетам» (у сав. пракаце «Не прамахніся, Асунта!»), «Гасцінічны нумар», «Флірт» і інш. Працуе ў т-ры.
т. 4, с. 236
ВІ́ЦІГ
(Wittig) Георг (16.6.1897, Берлін — 26.8.1987),
нямецкі хімік-арганік. Вучыўся ў Марбургскім ун-це (1920—26), дзе і працаваў. З 1932 выкладаў у розных ун-тах Германіі (з 1944 праф.). Навук. працы па хіміі фосфарарган. злучэнняў. Адкрыў рэакцыю пераўтварэння эфіраў у спірты пад уздзеяннем феніллітыю (перагрупоўка В., 1942), рэакцыю атрымання алефінаў узаемадзеяннем карбанільных злучэнняў (альдэгідаў, кетонаў і інш.) з алкілідэнфасфаранамі (рэакцыя В., 1954), рэакцыю далучэння фасфінметылідэнаў да альдэгідаў і кетонаў па падвоенай вугляродкіслароднай сувязі (1954). Нобелеўская прэмія 1979 (разам з Г.Браўнам).
т. 4, с. 236
ВІЦІ́М,
рака ва Усх. Сібіры, правы прыток Лены, у Рэспубліцы Бурація, на мяжы яе з Чыцінскай вобл. і ў Іркуцкай вобл. Расіі. Даўж. 1837 км, пл. бас. 225 тыс. км². Утвараецца пры зліцці р. Віцімкан і Чына. Цячэ па Віцімскім пласкагор’і, Станавым нагор’і і ўскраіне Патамскага нагор’я. Утварае парогі, пры ўпадзенні ў Лену (двума гал. рукавамі) — дэльту. Асн. прытокі: Цыпа (злева), Калар (справа). Жыўленне пераважна дажджавое. Ледастаў з пачатку ліст. да 2-й дэкады мая. Сярэдні расход вады каля г. Бадайбо 1520 м³/с. Суднаходная на 300 км ад вусця. У бас. ракі радовішчы золата, слюды. На Віціме — г. Бадайбо.
т. 4, с. 236
ВІЦІ́МСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,
у Забайкаллі, у вярхоўях р. Віцім, пераважна ў Рэспубліцы Бурація і Чыцінскай вобл. Расіі. Шырокія невысокія ўвалы (выш. да 1600 м) чаргуюцца з міжгорнымі паніжэннямі. Складзена гранітамі і крышт. сланцамі; на ПдЗ — базальты; больш як 15 конусаў стараж. вулканаў.
Пашырана шматгадовая мерзлата. Азёры (у т. л. салёныя), мінер. крыніцы. У міжрэччах лістоўнічная тайга, у паніжэннях зараснікі хмызняку, лугі і балоты.
т. 4, с. 236
ВІЦІ́НА,
старадаўняе драўлянае пласкадоннае рачное судна з палубай і ветразямі для перавозкі збожжа і інш. грузаў. На Беларусі вядома з 15 ст. Даўж. 43—53 м, шырыня 4—11 м, грузападымальнасць 128—192 т. Будаваліся і выкарыстоўваліся на Нёмане, Шчары, Віліі. У 2-й пал. 19 ст. пачалі знікаць.
т. 4, с. 237
ВІ́ЦІНГ
(Віцінгс) Яўген Эдуардавіч (2.8.1884, С.-Пецярбург — 20.8.1959),
спявак (драм. тэнар) і педагог. Засл. дз. маст. Латвіі (1946) і Беларусі (1955). Праф. (1947). Вучыўся ў Мілане, дэбютаваў у П’ячэнцы (Італія, 1908). У 1907—18 саліст Марыінскага т-ра, дзе выканаў партыі Радамеса («Аіда» Дж.Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Германа («Пікавая дама» П.Чайкоўскага) і інш. З 1920 жыў пераважна ў Рызе (да 1946 саліст оперы, да 1950 педагог кансерваторыі). У 1950—59 вёў клас сольных спеваў у Бел. кансерваторыі. Сярод яго вучняў М.Ворвулеў, В.Глушакоў, М.Зюванаў, Р.Асіпенка, М.Дружына, П.Дружына, А.Самарадаў.
т. 4, с. 237
ВІ́ЦІ-ЛЕ́ВУ
(Viti Levu),
вулканічны востраў у Ціхім ак., самы буйны з а-воў Фіджы. Пл. 10,5 тыс. км². Выш. да 1322 м. Акаймаваны каралавымі рыфамі. Складзены са складкавых крышт. парод, перакрытых лавамі. Захаваліся вулканічныя конусы, якія ўтвараюць гарысты рэльеф. Клімат трапічны вільготны. Трапічныя вільготныя лясы, на падветраных схілах — саванны. Здабыча золата, марганцавых руд; лесараспрацоўкі. Вырошчваюць цукр. трыснёг, бананы, бавоўнік, какосавыя пальмы. Аэрапорт. Турызм. Лясны парк Тхалаісува. Гал. горад і порт — Сува.
т. 4, с. 236