Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАНДАЦЬЕ́Р (італьян. condottieri наёмнік),

1) кіраўнік наёмнага ваен. атрада ў Італіі ў 14—16 ст. Набылі вял. значэнне ва ўмовах пастаянных войнаў паміж італьян. дзяржавамі. У 14 ст. вербаваліся пераважна з іншаземнага рыцарства, з 15 ст. італьянскія К. выцеснілі чужаземцаў. Найб. вядомыя К.: Л.Вісконці, А да Барбіяна, Б. да Мантоне, Б.Калеоні, Ф.Сфорца і інш. Некаторыя з іх стварылі ўласныя арміі (кампаніі), самастойна вялі войны, захапіўшы ўладу ў гарадах, засноўвалі тыраніі (напр., Сфорца ў Мілане). З канца 15 ст., калі пяхота і артылерыя пачалі адыгрываць большую ролю, чым конніца (гал. сіла кандацьерскіх атрадаў), інстытут К. паступова знік.

2) Чалавек, які для асабістай выгады гатовы брацца за любую справу.

Дз.М.Чаркасаў.

т. 7, с. 578

КАНДЗІ́НСКІ (Васіль Васілевіч) (16.12.1866, Масква — 13.12.1944),

расійскі жывапісец, тэарэтык авангардызму, адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1886—92), у Мюнхене ў школе А.Ашбе (1897—98) і АМ (1900). Працаваў у Германіі (1896—1914; 1921—33, з 1922 праф. «Баўгауза»), у Расіі (1914—21): выкладаў у Дзярж. маст. вольных майстэрнях і ў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях, з 1919 заг. маск. Музея жывапіснай культуры, у 1920 арганізаваў Ін-т маст. культуры; з 1933 у Францыі. Стваральнік маст. груп «Новае аб’яднанне мастакоў Мюнхена» (1909, з А.Яўленскім), «Сіні коннік» (1911, з Ф.Маркам), «Сіняя чацвёрка» (1924). Імкнуўся да «універсальнай духоўнасці», інтэграцыі розных культур, развіваў ідэі сімвалізму ў кірунку «чыстай формы» і беспрадметнасці. Творчасць фарміравалася пад уздзеяннем экспрэсіянізму, мадэрну, музыкі Р.Вагнера. У ранні перыяд працаваў у духу фавізму; пад уплывам этнаграфіі, іканапісу і рус. нар. мастацтва рабіў «візантыйскія» і фальклорна-лубачныя акварэлі. З 1910-х г. ствараў імпрэсіі, імправізацыі («Імправізацыя № 2»), кампазіцыі ў абстрактным кірунку, шукаў узаемасувязь паміж колерам і муз. гукам. У 1920-я г. пад уплывам супрэматызму рабіў геаметрызаваныя кампазіцыі («Шматкаляровае кола», 1921; «Жоўтае — чырвонае — сіняе», 1925; «Цяжкія колы», «Квадрат», абодва 1927). У франц. перыяд імкнуўся да сімвалізму, пераўтварэння фігур у ідэаграмы («Трыццаць», 1937), геам. формы спалучаў з арганічнай абстракцыяй («Тры рознакаляровыя фігуры», 1942). Працаваў у графіцы (альбомы «Вершы без слоў», 1904; «Дрэварыты», 1909, і інш.), зрабіў дэкарацыі і касцюмы да сюіты М.Мусаргскага «Карцінкі з выстаўкі» (1928, Германія). Аўтар кніг «Сугучча» і «Позірк назад» (1913), «Кропка і лінія на плоскасці» (1926; усе на ням. мове), «Прыступкі» (1918, на рус. мове). Іл. гл. таксама да арт. Абстрактнае мастацтва.

Тв.:

Рус. пер. — О духовном в искусстве. М., 1992.

Я.Ф.Шунейка.

В.Кандзінскі. Імправізацыя № 2.

т. 7, с. 578

КАНДРАСЮ́К (Васіль Васілевіч) (н. 10.1.1954, г. Брэст),

бел. кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1979). З 1983 заг. муз. часткі Брэсцкага абл. т-ра драмы і музыкі. Працуе пераважна ў галіне тэатр. музыкі. Сярод твораў: опера для дзяцей «Анчутка» (1993); сімфонія «Белая Русь» (1983); Канцэрт для фп. з арк. (1985); вак.-інстр.эстр. кампазіцыі «XX век» на словы Г.Бураўкіна (1987) і «Споведзь» на словы М.Пракаповіча і А.Каско (1987); камерна-інстр. музыка, песні; музыка да драм. спектакляў, у т. л. «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1981), «Вечар» А.Дударава (1986), «Патоп» («Дыхайце эканомна») А.Макаёнка (1987), «Машэка» М.Арахоўскага (1989), «Памінальная малітва» Р.Горына (1991).

т. 7, с. 578

КАНДРАТО́ВІЧ (Кіпрыян) (Цыпрыян) Антонавіч (1859—?),

бел. і расійскі военачальнік, дзярж. дзеяч БНР. Ген. ад інфантэрыі (1910). Скончыў Мікалаеўскую акадэмію Генштаба. У час рус.японскай вайны 1904—05 нач. 9-й Усх.-Сібірскай дывізіі. З 1906 камандзір 2-га арм. корпуса, з 1907 пам. туркестанскага ген.-губернатара і камандуючага войскамі, з 1910 камандзір 1-га Каўказскага арм. корпуса. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1884—1900 супрацоўнічаў у газ. «Московские ведомости». Аўтар працы «Плеўна і грэнадзёры 28 лістапада 1877 г.». У 1917 далучыўся да бел. нац. руху, уваходзіў у Цэнтр. бел. вайсковую раду, у маі—чэрв. 1918 чл. Нар. сакратарыята БНР. У снеж. 1918 разам з В.Ластоўскім узначальваў Савет дзярж. бяспекі БНР. У 1919 уваходзіў у дэлегацыю БНР на Парыжскай мірнай канферэнцыі. Застаўся жыць у Парыжы, далейшы лёс невядомы.

В.У.Скалабан.

т. 7, с. 578

КАНДРАТО́ВІЧ Людвік, гл. Сыракомля Уладзіслаў.

т. 7, с. 578

КАНДРАЦЕ́НКА (Раман Ісідаравіч) (12.10.1857, Тбілісі — 15.12.1904),

расійскі ваен. дзеяч, герой абароны Порт-Артура. Ген.-лейт. (1904). Скончыў Мікалаеўскае інж. вучылішча (1877), Інж. акадэмію (1882) і Акадэмію Генштаба (1886). Камандаваў (з 1903) 7-й Усх.-Сібірскай стралк. брыгадай. У рус.-яп. вайну 1904—05 нач. абароны сухап. фронту крэпасці Порт-Артур, пад яго кіраўніцтвам нанава створана сістэма абароны крэпасці. Кіраваў стварэннем новых відаў узбраення (ручныя гранаты, мінамёты), прыдумаў электрызацыю драцяных загарод. Загінуў пры артыл. абстрэле.

т. 7, с. 578

КАНДРАЦЕ́НЯ (Уладзімір Ігнатавіч) (сак. 1917, в. Смалічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 23.2.1943),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1939). Друкаваўся з 1932. Аўтар зб. апавяданняў «Любоў» (1938). Служыў у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну пад Полацкам трапіў у акружэнне. Уцёк з ням.-фаш. канцлагера і прыйшоў дадому. Па даручэнні камандавання партыз. атрада В.А.Васільева («Дзядзі Васі») уладкаваўся ў Краснаслабодскую сярэднюю школу, пасля ў Слуцкі сірочы прытулак. Вёў падп. работу. Выдадзены правакатарам, закатаваны фашыстамі.

т. 7, с. 578

Кандраценя Сцяпан Георгіевіч

т. 18, кн. 1, с. 400

КАНДРА́ЦЬЕВА (Марына Віктараўна) (н, 1.2.1934, С.-Пецярбург),

руская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1976). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1952). У 1952—80 салістка, з 1980 педагог-рэпетытар Вял. т-ра. З 1980 адначасова выкладала ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва, з 1987 педагог Маскоўскай дзярж. акадэміі харэаграфіі. Яе танец вылучаўся лёгкасцю і паэтычнасцю. Сярод партый: Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Сільфіда («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Адэта—Адылія, Маша («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Шырын («Легенда аб каханні» А.Мелікава), Фрыгія («Спартак» А.Хачатурана), Ганна («Ганна Карэніна» Р.Шчадрына), Дзяўчына-птушка («Шурале» Ф.Яруліна), Муза («Паганіні» на муз. С.Рахманінава).

т. 7, с. 578

КАНДРА́ЦЬЕВА (Святлана Віталеўна) (н. 7.2.1926, с. Вінограбль Курскага р-на, Расія),

бел. вучоны-псіхолаг. Д-р псіхал. н. (1978), праф. (1980). Скончыла Ленінградскі ун-т (1950). Працавала ў Камянец-Падольскім, Львоўскім, Драгобыцкім пед. ін-тах. З 1979 заг. кафедры псіхалогіі Гродзенскага ун-та. Даследуе праблемы пед. і ўзроставай псіхалогіі, псіхічнай рэгуляцыі камунікатыўнай дзейнасці, фарміравання прафесіяналізму ў працы з людзьмі. Аўтар павук. дапаможніка «Педагагічная і ўзроставая псіхалогія» (ч. 1—2, 1993—96).

Тв.:

Учитель-ученик. М., 1984;

Психология труда и личности учителя. Мн., 1990.

т. 7, с. 579