КАНДАЦЬЕ́Р (італьян. condottieri наёмнік),
1) кіраўнік наёмнага ваен. атрада ў Італіі ў 14—16 ст. Набылі вял. значэнне ва ўмовах пастаянных войнаў паміж італьян. дзяржавамі. У 14 ст. вербаваліся пераважна з іншаземнага рыцарства, з 15 ст. італьянскія К. выцеснілі чужаземцаў. Найб. вядомыя К.: Л.Вісконці, А да Барбіяна, Б. да Мантоне, Б.Калеоні, Ф.Сфорца і інш. Некаторыя з іх стварылі ўласныя арміі (кампаніі), самастойна вялі войны, захапіўшы ўладу ў гарадах, засноўвалі тыраніі (напр., Сфорца ў Мілане). З канца 15 ст., калі пяхота і артылерыя пачалі адыгрываць большую ролю, чым конніца (гал. сіла кандацьерскіх атрадаў), інстытут К. паступова знік.
2) Чалавек, які для асабістай выгады гатовы брацца за любую справу.
Дз.М.Чаркасаў.
т. 7, с. 578
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)