ПАРНАГРА́ФІЯ (ад грэч. pornē распуснік + ...графія),
натуралістычнае адлюстраванне ці апісанне палавога акта (палавых органаў), якое, у адрозненне ад эротыкі, не валодае эстэт. якасцямі маст. твора. Ставіць за мэту сексуальнае ўзбуджэнне спажыўца прадукцыі праз свядомую канцэнтрацыю ўвагі на фізіял. працэсе і палавых органах. Найб. пашырана ў кіно і спец. часопісах. У медыцыне атрыманне палавога задавальнення ад порнапрадукцыі адносіцца да палавой ненармальнасці (парнаграфаманія). Асабліва шкодны ўплыў П. робіць на падлеткаў з анамаліямі характару (напр., з псіхапатыямі). Вострая цікавасць да сексу, лёгкая палавая ўзбуджальнасць, імпульсіўнасць падлеткаў могуць прывесці да крымінальных паводзін. Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць за выраб або збыт П. і інш. прадметаў парнаграфічнага характару, а таксама гандаль імі або захаванне з мэтай іх продажу або распаўсюджвання.
т. 12, с. 99
ПАРНАКАПЫ́ТНЫЯ (Artiodactyla),
атрад млекакормячых; 2 падатр.: няжвачныя (сям. свіных, пекарыевых, бегемотавых) і жвачныя. Больш за 150 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. На Беларусі — алень высакародны, дзік, еўрапейскія зубр і казуля, лось, а таксама с.-г. жывёлы — свінні, авечкі, козы, буйн. раг. жывёла. Дзікія П. — аб’екты палявання і промыслу. У Чырв. кнізе Беларусі — 1 від (зубр). У Чырв. кнізе МСАП 21 від.
У большасці П. добра развіта валасяное покрыва, ногі прыстасаваны для хуткага бегу, маюць 2—4 пальцы з рагавымі чахламі — капытамі (найб. развіты 3-і і 4-ы пальцы), ключыца адсутнічае. Расліннаедныя, дзік — усёедны. Характэрны палавы дымарфізм. Палігамы. Нараджаюць 1—2 (да 8) дзіцяняці.
П.Р.Козла.
т. 12, с. 99
ПАРНА́С (Parnasos),
горны масіў у Грэцыі, на Пн ад Карынфскага зал. Выш. 2457 м. Складзены з вапнякоў, вяршыня скалістая. Да выш. 1000 м укрыты міжземнаморскімі хмызнякамі і хваёвымі лясамі. Каля падножжа П. — стараж.-грэч. г. Дэльфы, археал. запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны; рэшткі помнікаў архітэктуры 7 ст. да н.э. — 1 ст. н.э. Паводле стараж.-грэч. міфалогіі П. — месцазнаходжанне Апалона і муз; у пераносным значэнні — садружнасць паэтаў, парнаскія кветкі — вершы, парнаскія сёстры — музы. Адсюль выраз «Узысці на П.»: дасягнуць сапр. поспеху і прызнання ў л-ры і мастацтве. Арх. музей. Нац. парк.
т. 12, с. 99
ПА́РНАЯ РЫ́ФМА, сумежная рыфма,
рыфма, якая звязвае два суседнія вершаваныя радкі ці рытмарады па схеме аабб. Пашырана ў нар. вершаскладанні і сілабічных вершах:
Вясна красна па зарэччу йшла,
А малым дзеткам па яечку нясла,
А старым дзядкам па кіёчку,
Маладым жанкам па сыночку.
(«Вясна красна па зарэччу йшла»)
У бел. паэзіі П.р. выкарыстоўваецца і ў сілаба-танічным вершы (часцей у двухрадкоўях і ў астрафічным вершы):
Прачнулася сэрца, не спіцца, выходжу на ганак.
Дзень добры, жыццё маладое і сонечны ранак!
Над полем шырокім, над борам высокім світае.
Дзень добры, прастор салаўіны, Айчына святая!
(Я.Пушча. «Дзень добры!»)
М.М.Грынчык.
т. 12, с. 99
ПА́РНЕЛ ((Parnell) Чарлз Сцюарт) (27.6.1846, Эйвандэйл, Ірландыя — 6.10.1891),
ірландскі паліт. дзеяч, кіраўнік руху за самакіраванне Ірландыі (гл. Гомруль). Землеўладальнік. З 1875 дэп. палаты абшчын брыт. парламента, з 1877 лідэр ірл. фракцыі ў палаце абшчын і старшыня Лігі гомруля. Адзін з заснавальнікаў (1879) і прэзідэнт Зямельнай лігі. На мітынгах у розных месцах краіны заклікаў да аб’яднання ірл. католікаў і пратэстантаў, да процідзеяння ірл. сялян высяленнем і росту арэнднай платы, да байкоту лендлордаў і іх агентаў. Быў звязаны з вярхамі ірл. эміграцыі ў ЗША, што забяспечвала абедзвюм лігам пастаянную фін. падтрымку. У 1881—82 зняволены брыт. ўладамі. Памёр ад нервовага перанапружання ў выніку цкавання яго ў друку англічанамі і адхілення ад лідэрства большасцю ірл. парламенцкай фракцыі пад націскам У.Ю.Гладстана.
т. 12, с. 100
ПАРНІ́К,
адзін з відаў ахаванага грунту для вырошчвання агародніны, кветкавых культур і іх расады. Тыпы П.: аднасхільны, двухсхільны; паглыблены, наземны (стацыянарны і пераносны). Найб. пашыраны паглыблены П., які размяшчаюць з У на З для лепшага выкарыстоўвання сонечнага святла. Укрываюць зашклёнымі рамамі, шырока выкарыстоўваюць празрыстую плёнку. Крыніцы абагрэву П.: сонца, біяпаліва (часцей конскі гной), падагрэтая вада, электраэнергія і інш. П. дае магчымасць атрымліваць ураджай на 7—25 сут раней і некалькі разоў за сезон.
У.П.Пярэднеў.
т. 12, с. 100
«ПАРНІКО́ВЫЯ ГА́ЗЫ»,
газы, якія выдзяляюцца ў парніках пры гніенні арганічных угнаенняў. Іх выдзяленне залежыць ад т-ры, вільготнасці і мікраарганізмаў. Пры аэробным (кіслародным) гніенні ўтвараецца вуглякіслы газ, пры анаэробным (бескіслародным) — метан, вадарод, часткова вуглякіслы газ, злучэнні серы і інш. Для прадухілення атручэння раслін «П.г.» сяўбу насення і пасадку расады ў парніках праводзяць праз 2—4 дні пасля ўнясення гною ў глебу, перыядычна праветрываюць.
У.П.Пярэднеў.
т. 12, с. 100
ПАРНІКО́ВЫ ЭФЕ́КТ у атмасферы планет,
награванне ўнутраных слаёў атмасферы (Зямлі, Венеры і інш. планет са шчыльнымі атмасферамі), абумоўленае празрыстасцю атмасферы для асн. часткі выпрамянення Сонца (у аптычным дыяпазоне) і паглынаннем атмасферай асн. (інфрачырвонай) часткі цеплавога выпрамянення паверхні планеты, нагрэтай Сонцам. Павышае сярэднюю т-ру паверхні і атмасферы планеты, памяншае розніцу паміж дзённымі і начнымі т-рамі. У выніку антрапагенных уздзеянняў колькасць вуглякіслага газу (і інш. газаў, якія паглынаюць выпрамяненне ў інфрачырвоным дыяпазоне) у атмасферы Зямлі паступова павялічваецца, што, на думку некаторых вучоных, можа прывесці да глабальных змен клімату Зямлі.
т. 12, с. 100
ПА́РНЫЯ ДУ́ДКІ, парнёўка, дудкі,
старажытны бел. народны духавы муз. інструмент тыпу падоўжнай свістковай флейты. Інш. назвы: пасвісцелі, сапілка, гуслі. Складаюцца з 2 драўляных дудак рознай даўжыні з трыма ігравымі адтулінамі на кожнай. Тыповы гукарад сяміступенны, утвараецца 2 тэтрахордамі з 1 агульным гукам. Гучанне камернае, светлае, мяккага тэмбру. У час ігры дудкі трымаюць пад вуглом. П.д. гучалі на бяседах, хрэсьбінах, вяселлях, пры ваджэнні карагодаў. Выкарыстоўвалі звычайна як сольны інструмент і для суправаджэння спеваў, часам у ансамблі са скрыпкай. На іх выконвалі мелодыі абрадавых і пазаабрадавых песень, радзей танцавальныя. Былі найб. пашыраны на Магілёўшчыне.
Р.Дз.Назіна.
т. 12, с. 100
ПА́РНЫ ЛІК у мовазнаўстве,
у старабеларускай мове адна з трох катэгарыяльных форм ліку, якая проціпастаўлялася адзіночнаму і множнаму ліку. Унаследаваны старажытнарускай мовай ад праславянскай мовы. Ужываўся пры абазначэнні парных прадметаў («двѣ руцѣ», «двѣ ноз»), а таксама двух аднолькавых у якіх-небудзь адносінах прадметаў ці істот («двѣ сестре», «двѣ жонце»).
Адрозніваліся 3 формы: назоўна-вінавальнага, родна-меснага і давальна-творнага склонаў. У назоўна-вінавальным склоне ў залежнасці ад тыпу скланення назоўнікі мелі канчаткі «-а», «-я», «-ѣ», «-и», «-ы»; у родна-месным і давальна-творным склонах назоўнікі ўсіх скланенняў мелі аднолькавыя канчаткі «-у/-ю» і «-ма». П.л. мелі ўсе зменныя часціны мовы. Разбурэнне Пл. з 13 ст. на ўсходнеславянскіх мовах звязана з развіццём абстрактнага лічэння.
П.л. ужываецца ў сучаснай славенскай мове, часткова ў інш. слав. мовах. Рэшткі П.л. захаваліся ў некат. бел. гаворках («дзве вядрэ», «дзве назе», «дзве сцяне»), а таксама ў літ. мове («вачыма», «грашыма», «плячыма», «дзвярыма»).
Літ.:
Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;
Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1983.
М.Р.Прыгодзіч.
т. 12, с. 100