Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАРАФ’Я́НАВА,

вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Мядзел—Докшыцы; чыг. ст. на лініі Полацк—Маладзечна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на З ад г. Докшыцы, 197 км ад Віцебска. 1236 ж., 486 двароў (2000). Збожжапрыёмнае прадпрыемства, райпалівазбыт, база райсельгасхіміі, склады аптова-рознічнага гандл. аб’яднання. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — касцёл Іаана Хрысціцеля (1908).

т. 12, с. 94

ПАРАФ’Я́НАЎСКІ БОЙ 1943,

бой партызан брыгады «Жалязняк» па разгроме ням.-фаш. гарнізона на чыг. ст. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. на лініі Маладзечна — Полацк 18 лют. ў Вял. Айч. вайну. На станцыі да пач. лютага акупанты сабралі вял. колькасць сена, збожжа, лесаматэрыялаў. Памяшканні гарнізона (каля 130 гітлераўцаў маршавых падраздзяленняў вермахта) былі агароджаны дротам, подступы ахоўвалі 3 агнявыя кропкі. У ноч на 18 лют. партыз. атрады, каб адцягнуць увагу ворага, абстралялі казармы і ўмацаванні суседняга гарнізона ў г. Докшыцы, потым нанеслі ўдары па станцыі. У выніку бою партызаны разбурылі будынак вакзала, станцыйную гаспадарку, спалілі 3 склады са збожжам і сенам, лесапільны з-д, пашкодзілі вадакачку і 5 км тэлефонна-тэлегр. сувязі.

У.​С.​Пасэ.

т. 12, с. 94

ПАРАХНЕ́ВІЧ (Міхась) (Міхаіл Прохаравіч; н. 20.8.1934, в. Мінкавічы Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1965), Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1969). Працаваў у рэдакцыях раённых газет, у газ. «Мінская праўда», у 1966—67 у газ. «Літаратура і мастацтва», у 1969—71 і 1978—90 нам. гал. рэдактара газ. «Вячэрні Мінск», у 1971—78 у ЦК КПБ. Друкуецца з 1950. Аўтар празаічных кніг «Грыбны дождж» (1969), «Зара-зараніца» (1975), «Абяцанне» (1976), «Маё і тваё маленства» (1978), «Прыгарадная камандзіроўка» (1979), «Марыніка» (1982), «Белыя цені бяроз» (1989), зб. вершаў «Жыццё» (1972), гумарыст. зб. «Модны гальштук» (1977). Асн. тэмы — нязломнасць людзей у ваен. ліхалецце, маральнае высакародства ў мірны час. Піша для дзяцей.

Тв.:

Чаромхавы ранні цвет. Мн., 1984.

У.​А.​Паўлаў.

т. 12, с. 94

ПАРАХНЕ́ВІЧ (Уладзімір Аляксеевіч) (18.1.1918, в. Аўсімавічы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.7.1980),

Герой Сав. Саюза (1944). Засл. настаўнік БССР (1965). Скончыў БДУ (1941). У Вял. Айч. вайну са жн. 1941 у падп. групе Варатынскага с/с Бабруйскага р-на, з ліп. 1942 у партыз. атрадзе, камандзір дыверсійнай групы, якая дзейнічала на чыг. Жлобін—Бабруйск і пусціла пад адхон 21 варожы эшалон. З ліст. 1943 палітрук, камісар партыз. атрада. Пасля вайны на камсам. і пед. рабоце. Аўтар падручнікаў для школ, кн. «Вогненныя віхры» (1969).

У.А.Парахневіч.

т. 12, с. 94

ПАРАХО́Д, паравое судна,

марское або рачное самаходнае судна, якое прыводзіцца ў рух паравой машынай ці паравой турбінай.

П. з паравой машынай Дж.​Уата пабудаваны ў 1802 у Вялікабрытаніі. У 1807 у ЗША Р.​Фултан пабудаваў колавы рачны П. У Расіі першае судна з паравой машынай (землечарпалка) створана ў 1810; марскі П. («Елізавета», для зносін паміж Пецярбургам і Кранштатам) — у 1815. Напачатку П. былі колавыя, з 1840-х г. — з грабным вінтом. З сярэдзіны 20 ст. П. выцясняюцца больш эканамічнымі цеплаходамі (з рухавіком унутр. згарання). У СССР з 1958 буд-ва П. спынена. Сучасныя П. з паравой (або газавай) турбінай наз. турбаходамі, турбаэлектраходамі (гл. Электраход).

Параходы: 1 — буксір з грабным колам (1801; Шатландыя); 2 — рачны пасажырскі (19 ст., ЗША).

т. 12, с. 94

ПАРАХО́ДСТВА,

прадпрыемства воднага транспарту, якое арганізуе і ажыццяўляе перавозкі пасажыраў і грузаў на спец. абсталяваных трансп. суднах па марскіх (марскія П.) або ўнутраных (рачныя і азёрныя П.) водных шляхах. Гл. Рачны транспарт.

т. 12, с. 94

ПАРАХО́НСК,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Бобрык. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 31 км на ПнУ ад г. Пінск, 206 км ад Брэста, 2 км ад чыг. ст. Парахонск. 2219 ж., 705 двароў (2000). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (1888).

т. 12, с. 94

ПАРАЦЭ́ЛЬС [Paracelsus, сапр. Філіп Аўрэал Тэафраст Бамбаст фон Гогенгайм) (von Hohenheim; 24.10.1493, г. Швіц, Швейцарыя — 24.9.1541],

нямецкі ўрач і прыродазнавец эпохі Адраджэння, адзін з заснавальнікаў ятрахіміі. Вучыўся ва ун-тах Італіі, Германіі, Францыі. Працаваў у г. Зальцбург і г. Страсбург. Праф. (1526) ун-та і ўрач г. Базель. Даў крытычную ацэнку схаластычнай медыцыне антычнасці. Вывучаў лячэбнае дзеянне хім. рэчываў на арганізм, распрацаваў метады лячэння інфекц. хвароб ртуццю (сіфіліс), прэпаратамі мыш’яку (сап)і інш., вылучаў лекавыя рэчывы з раслін, прапанаваў выкарыстоўваць" мінер. крыніцы ў якасці лячэбнага сродку. Развіў уяўленне аб дазіроўцы лекаў. Выдадзены збор твораў П. (т. 1—14, 1922—36).

Парацэльс.

т. 12, с. 94

ПАРАШКО́ВАЙ МЕТАЛУРГІ́І З ДО́СЛЕДНАЙ ВЫТВО́РЧАСЦЮ НДІ Беларускага дзяржаўнага навукова-вытворчага канцэрна парашковай металургіі.

Засн. ў 1972 у Мінску на базе праблемнай лабараторыі Бел. політэхн. ін-та. У 1980 на базе НДІ створана навукова-вытв. аб’яднанне, у 1996 — Бел. дзярж. навукова-вытворчы канцэрн парашковай металургіі. Асн. кірункі навукова-тэхн. дзейнасці: распрацоўка навук. прынцыпаў кіравання структурай і ўласцівасцямі матэрыялаў, стварэнне новых матэрыялаў (канструкцыйных, порыстых, трыбатэхн., алмазазмяшчальных, магнітных, керамічных і інш.) для работы ў экстрэмальных умовах; распрацоўка высокаэфектыўных тэхналогій атрымання гэтых матэрыялаў метадамі парашковай металургіі, сінтэзу, уздзеяннем імпульснымі нагрузкамі, нанясеннем ахоўных пакрыццяў і інш. і выраб з іх дэталяў, вузлоў і камплектуючых для прадпрыемстваў аўтатрактарнага і с.-г. машынабудавання, энергетыкі, прыборабудавання, чыг. транспарту, вытв-сці хім. і харч. прадуктаў, будматэрыялаў, вырабаў мед. тэхнікі і інш. З 1977 выдае штогоднік «Парашковая металургія». У ін-це працаваў чл.-кар. Нац. АН Беларусі Г.​Дз.Карпенка, працуюць акад. Нац. АН Беларусі П.А.Віцязь і А.У.Роман.

В.​В.​Савіч.

т. 12, с. 94

ПАРАШКО́ВАЯ МЕТАЛУРГІ́Я,

галіна металургіі, якая ахоплівае выраб парашкоў металаў і металападобных злучэнняў, спечаных матэрыялаў (паўфабрыкатаў, дэталяў) з іх ці з сумесяў метал. парашкоў з неметалічнымі без расплаўлення асн. кампанента. Дазваляе атрымліваць матэрыялы і вырабы, якія немагчыма або эканамічна немэтазгодна вырабляць звычайнымі спосабамі (напр., плаўкай). Метадамі П.м. атрымліваюць кампазіцыйныя матэрыялы, керметы, магнітадыэлектрыкі, магнітныя матэрыялы, тугаплаўкія металы, карбідныя цвёрдыя сплавы, порыстыя, фрыкцыйныя і інш.

Асн. тэхнал. аперацыі П.м.: атрыманне парашкоў аднаўленнем аксідаў, мех. размолам, распыленнем і інш. спосабамі; прыгатаванне з парашкоў зыходнай сумесі (шыхты) з зададзенымі хім. саставам і ўласцівасцямі; фармаванне загатовак вырабаў (халодным прасаваннем шыхты ў прэс-формах, гарачым прасаваннем і шлікерным ліццём, працісканнем парашку, змешанага з пластыфікатарамі, праз адтуліну адпаведнай формы і інш.); наданне загатоўкам патрэбных фіз.-мех. уласцівасцей спяканнем (пераважна ў эл. печах) у аднаўляльным ці нейтральным асяроддзі пры т-ры, ніжэйшай за т-ру плаўлення асн. кампанента. Выкарыстоўваюць таксама спяканне пад ціскам, з адначасовым дзеяннем цэнтрабежных сіл ці насычэннем загатоўкі расплаўленым металам, хіміка-тэрмічнай апрацоўкай. Прынцыпы П.м. распрацавалі рас. вучоныя і інжынеры П.​Р.​Сабалеўскі і В.​В.​Любарскі, якія ў 1826 выкарысталі працэсы прасавання і спякання для атрымання вырабаў з парашку плаціны; М.​М.​Бякетаў у 1865 распрацаваў тэарэт. асновы атрымання парашкоў некаторых металаў. У 1920—30-я г. метады П.м. пачалі ўкараняцца ў прамысл. вытв-сць СССР, ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі. Удасканаленню метадаў П.м. садзейнічалі працы ўкр. вучоных Р.​В.​Самсонава, М.​І.​Фядорчанкі, І.​М.​Францэвіча, аўстр. вучонага Р.​Кіфера, англ. даследчыка В.​Джонса, амер. металурга Ф.​Райнса і інш.

На Беларусі П.м. развіваецца з 1960, калі пры БПІ была створана базавая лабараторыя парашковай металургіі (з 1972 НДІ, з 1980 Бел. навукова-вытв. аб’яднанне, з 1996 Бел. дзярж. навукова-вытв. канцэрн парашковай металургіі, у які ўваходзяць НДІ парашковай металургіі, НДІ зваркі, НДІ імпульсных працэсаў, Маладзечанскі з-д парашковай металургіі і інш.). Вывучаны многія тэарэт. пытанні П.м., даследаваны новыя метады і распрацаваны тэхнал. працэсы, створаны машыны для прасавання вырабаў, высокаэфектыўныя матэрыялы, (А.​У.​Роман, П.​А.​Віцязь, Я.​А.​Дарашкевіч, Г.​М.​Ждановіч, А.​Ф.​Ільюшчанка, В.​М.​Капцэвіч, В.​М.​Кавалеўскі, В.​К.​Шэлег і інш.).

Літ.:

Порошковая металлургия: Материалы, технология, свойства, обл. применения. Киев, 1985;

Кипарисов С.С., Либенсон Г.А. Порошковая металлургия. 3 изд. М., 1991;

Витязь П.А., Капцевич В.М., Шелег В.К. Пористые порошковые материалы и изделия из них. Мн., 1987;

Актуальные проблемы порошковой металлургии. М., 1990;

Степаненко А.В., Исаевич Л.А. Непрерывное формование металлических порошков и гранул. Мн., 1980;

Теория и практика нанесения защитных покрытий. Мн., 1998;

Витязь П.А., Ловшенко Ф.Г., Ловшенко Г.Ф. Механически легированные сплавы на основе алюминия и меди. Мн., 1998;

Объемная штамповка порошковых материалов. Мн., 1993.

П.​А.​Віцязь.

Да арт. Парашковая металургія. Схема пракаткі парашкоў у металургічную стужку: 1 — бункер для парашку; 2 — вальцы для халоднай пракаткі; 3 — стужка; 4 — печ для спякання; 5 — печы для адпалу.

т. 12, с. 95