Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАЎЛО́ЎСКІ (Аляксандр Анатолевіч) (14.7.1936, Мінск — 4.7.1977),

бел. спартсмен (фехтаванне на шпагах). Майстар спорту СССР (1955). Засл. майстар спорту СССР (1960). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1959). У 1965—75 трэнер Спарт. клуба Узбр. Сіл Беларусі. Бронз. прызёр XVII Алімп. гульняў (1960, Рым), чэмпіянату свету (1962, Буэнас-Айрэс) у камандным заліку. Чэмпіён СССР (1955, 1958, 1961, 1962) у камандным заліку.

т. 12, с. 208

ПАЎЛО́ЎСКІ (Аляксандр Іванавіч) (27.6.1927, г. Запарожжа, Украіна — 12.2.1993),

расійскі фізік. Акад. Рас. АН (1991, чл.-кар. 1979). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Харкаўскі ун-т (1950). У 1951—86 у спец. НДІ. Навук. працы па нейтроннай фізіцы, фізіцы высокіх шчыльнасцей энергіі, уласцівасцях рэчыва пры экстрэмальных умовах звышмоцнага магн. поля і ціску, лазернай фізіцы, фізіцы паскаральнікаў зараджаных часціц. Ленінская прэмія 1966, Дзярж. прэміі СССР 1953, 1983.

т. 12, с. 208

ПАЎЛО́ЎСКІ (Зянон Станіслававіч) (27.7.1917, в. Прылукі Мінскага р-на — 12.8.1977),

бел. жывапісец. Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1943). Працаваў пераважна ў жанры партрэта. Стварыў рэаліст. вобразы нар. паэта Беларусі Я.​Коласа, партызанкі Н.​Хахалінай (абодва 1943), Герояў Сав. Саюза В.​І.​Казлова (1946), І.​П.​Ціткова (1945), Е.​С.​Зяньковай (1957), камандзіра партыз. брыгады А.​І.​Шубы, мастака А.​Мазалёва (абодва 1945), нар. артыста СССР Б.​В.​Платонава (1950), прэзідэнта АН Беларусі В.​Ф.​Купрэвіча (1960), нар. пісьменніка Беларусі М.​Лынькова (1962), Героя Сац. Працы настаўніцы А.​І.​Казей (1968) і інш. Аўтар групавых кампазіцый «Беларускія пісьменнікі ў Я.​Купалы ў гады вайны» (1947), «Сустрэча сяброў» (1952) і інш. Творам уласцівы глыбокае раскрыццё ўнутр. свету асобы, тонкасць выяўл. сродкаў. Працаваў таксама ў галіне сатыр. малюнка, станковай скульптуры.

М.​А.​Міронаў.

З.Паўлоўскі. Партрэт мастака А.​Мазалёва. 1945.

т. 12, с. 208

ПАЎЛО́ЎСКІ (Мікалай Восіпавіч) (27.1. 1903, г. Гродна — 21.10.1960),

генерал-палкоўнік (1954). Скончыў акадэмію Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Закаўказскім, 1-м, 2-м Укр., Забайкальскім франтах: нач. штаба ўмацаванага раёна, брыгады марской пяхоты, арміі, нач. аператыўнага аддзела, упраўлення штаба франтоў. Удзельнік абароны Кубані, бітвы за Каўказ, Новарасійска-Таманскай, Жытомірска-Бярдзічаўскай, Яска-Кішынёўскай, Дэбрэцэнскай, Будапешцкай, Венскай, Пражскай, Хінгана-Мукдэнскай аперацый. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі.

М.В.Паўлоўскі.

т. 12, с. 208

ПАЎЛО́ЎСКІ (Фёдар Іларыёнавіч) (27.11. 1908, г.п. Міхайлаўка Запарожскай вобл., Украіна — 6.4.1989),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Палескай вобл., Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў палкавую кав. школу (1932), курсы сав. будаўніцтва (1939) і палітсаставу (1940). З 1940 у Чырв. Арміі. Удзельнік баёў на воз. Хасан у 1938, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну ў пач. ліп. 1941 стварыў разам з Ц.П.Бумажковым і ўзначаліў партыз. атрад у Акцябрскім р-не Палескай вобл., са студз. 1942 камандзір Палескага партыз. злучэння, з мая 1942 камандзір 123-й Акцябрскай партыз. брыгады, адначасова з крас. 1943 чл. Палескага падп. абкома КП(б)Б, з ліст. 1943 — Акцябрскага падп. райкома КП(б)Б. Званне Героя Сав. Саюза прысвоена ў ліку першых сав. партызан. Пасля вайны да 1966 на сав. і гасп. рабоце.

Ф.І.Паўлоўскі.

т. 12, с. 209

ПАЎЛО́ЎСКІ (Яўген Ніканоравіч) (5.3.1884, г.п. Краснагвардзейскае Белгародскай вобл., Расія — 27.5.1965),

расійскі заолаг і паразітолаг. Акад. АН СССР (1939), АМН СССР (1944). Ген.-лейт. мед. службы. Герой Сац. Працы (1964). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1908). З 1921 праф. гэтай акадэміі. У 1933—44 ва Усесаюзным ін-це эксперым. медыцыны ў Ленінградзе, адначасова ў Таджыкскім філіяле АН СССР (да 1951). З 1942 дырэктар Заал. ін-та АН СССР і кіраўнік (з 1946) аддзела Ін-та эпідэміялогіі і мікрабіялогіі АМН СССР, з 1962 кансультант гэтага ін-та. Навук. працы па паразіталогіі і агульнай біялогіі. Стварыў вучэнне аб прыроднай ачаговасці трансмісіўных хвароб, канцэпцыю аб паразітацэнозах. Даследаваў цыклы развіцця і патагенез многіх гельмінтаў, фауну лятаючых насякомых-крывасмокаў. Для вывучэння эпідэмічных заразных хвароб правёў экспедыцыі ў Сярэднюю Азію, Сібір, Закаўказзе, Крым і інш. Залаты медаль імя І.​І.​Мечнікава АН СССР. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1950. Ленінская прэмія 1965.

Тв.:

Природная очаговость трансмиссивных болезней в связи с ландшафтной эпидемиологией зооантропонозов. М.; Л., 1964.

Я.Н.Паўлоўскі.

т. 12, с. 209

Паўлоўскі Іван Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 439

Паўлоўскі Іван Рыгоравіч

т. 18, кн. 1, с. 439

ПА́ЎЛС ((Pauls) Раймандс) (н. 12.1.1936, Рыга),

латышскі кампазітар, піяніст, дырыжор, дзярж. дзеяч. Нар. арт. Латвіі (1976). Нар. арг. СССР (1985). Ганаровы чл. Латв. АН. Скончыў Латв. кансерваторыю па класе фп. (1958; кампазіцыі вучыўся ў Я.Іванова, 1962—65), у 1979—83 выкладаў у гэтай кансерваторыі. З 1964 маст. кіраўнік Рыжскага эстр. аркестра, з 1972 вак.-інстр. ансамбляў «Мода», «Рэмікс», дзіцячага «Зязюлька». З 1982 гал. рэдактар муз. перадач і кіраўнік джаз-аркестра Латв. радыё, старшыня Дзярж. к-та Латвіі па культуры. З 1988 міністр культуры Латвіі, з 1993 саветнік прэзідэнта Латвіі па пытаннях культуры і мастацтва. У 1998—2000 старшыня Новай партыі. Прэзідэнт акц. т-ва «Музычны цэнтр «Вернісаж». Аўтар 6 мюзіклаў, у т. л. «Сястра Кэры» «Шэрлак Холмс» (паст. абодва 1979), «Лясны лебедзь» (1995), зінгшпіля «Вялікая ўдача» (паст. 1977), 4 балетаў, у т. л. «Кубінскія мелодыі» (паст. 1963), балетных мініяцюр, эстр. музыкі і папулярных песень (больш як 350), джазавых кампазіцый, адметных пераўтварэннем інтанацый лат. фальклору, музыкі для т-ра і кіно, апрацовак нар. песень і інш. Лаўрэат 1-га Усесаюзнага конкурсу маладых кампазітараў (1961). Дзярж. прэмія Латвіі 1977.

Літ.:

Петерс Я. Р.​Паулс: Версии. Видения. Док. Рига, 1986;

Исаковская Т.И. Р.​Паулс: Творч. портрет. М., 1988.

Р.Паўлс.

т. 12, с. 209

ПАЎЛУ́ЦКІ, Паўлоцкі Зміцер Іванавіч (?, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — сак. 1747), расійскі падарожнік бел. паходжання, даследчык Чукоткі. Яго бацька з ліцвінаў, што перайшлі ў рас. падданства. Служыў у войску, капітан. У 1727 узначаліў экспедыцыю (400 казакаў, 10 матросаў) на Камчатку і інш. землі Д. Усходу. Паводле загаду П. судна «Св. Гаўрыіл» пад камандаваннем І.Фёдарава выйшла з Анадыра (на Чукотцы) і 31.8.1732 дасягнула «Вялікай Зямлі» (узбярэжжа сучаснага амер. штата Аляска ў раёне м. Прынца Уэльскага), якую геадэзіст М.С.Гвоздзеў упершыню нанёс на карту. Т.ч. была адкрыта паўн.-зах. ўскраіна Паўн. Амерыкі. П. на чале экспедыцыі (215 казакаў і 220 абарыгенаў) даследаваў Чукотку; прайшоў чукоцкім узбярэжжам Паўн. Ледавітага і Ціхага акіянаў ад Чаўнскай губы да Анадыра (2000 вёрст), некалькі разоў перасек увесь край па розных маршрутах. Даў першыя звесткі па геаграфіі, араграфіі, гідраграфіі і этнаграфіі Чукоткі. Загінуў у сутычцы з чукчамі.

Літ.:

Ермоленко В.А. Д.​И.​Павлуцкий (? — 1747) // Вест. Бел. гос. ун-та. Сер. 2. 1997. № 3.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 12, с. 209