Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАРАМЗІ́Н (Мікалай Міхайлавіч) (12.12.1766, с. Міхайлаўка Бузулукскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 3.6.1826),

рускі пісьменнік, гісторык; заснавальнік рус. сентыменталізму. Чл. Рас. акадэміі (1818). У 1775—81 вывучаў ням. і стараж. мовы, філасофію, рыторыку, логіку, паэтыку; наведваў лекцыі ў Маск. ун-це. Дэбютаваў у 1787 перакладамі англ., франц., ням. пісьменнікаў. Выдаваў альманахі, часопісы (1789—1803). Працаваў у жанры гіст. аповесці: «Наталля, баярская дачка» (1792), «Марфа Пасадніца, або Заваёва Ноўгарада» (1803). У нататках «Лісты рускага падарожніка» (1791—95), аповесцях «Бедная Ліза» (1792), «Востраў Борнхальм» (1794), «Сьера-Марэна» (1795), незакончаным рамане «Рыцар нашага часу» (1802—03) і інш. ставіў пытанні лёсу рус. культуры, прыроды чалавечага пачуцця, маральнай роўнасці людзей, раскрыў багацце ўнутр. свету асобы, яе духоўнае самаўдасканаленне. Асн. праца «Гісторыя дзяржавы Расійскай» (т. 1—12, 1816—29) — новы этап у развіцці рус. гістарыяграфіі. Яна створана на аснове разнастайнага гісторыка-дакумент. матэрыялу (летапісаў, судзебнікаў, мемуараў, грамат і інш.) і ’ахоплівае перыяд ад старажытнасці да пач. 17 ст. Гісторыю краіны К. атаясамліваў з гісторыяй дзяржавы і манархічнай улады. У кантэксце развіцця рас. дзяржаўнасці разглядаў і гісторыю Беларусі. «Гісторыя...» — твор не толькі гіст., а і літаратурны, вылучаецца афарыстычнай дакладнасцю, элементамі архаізацыі лексікі. Аўтар вершаў, крытычных і публіцыстычных артыкулаў, рэцэнзій на літ. і тэатр. тэмы.

Тв.:

История государства Российского: В 12 т. Т. 1—5. М., 1989—93;

Избр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1964;

Полн. собр. стихотворений. 2 изд. М.; Л., 1966;

Письма русского путешественника: Повести. М., 1982;

Избр. статьи и письма. М., 1982.

Літ.:

Канунова Ф.З. Из истории русской повести: (Ист-лит. значение повестей Н.​М.​Карамзина). Томск, 1967;

Эйдельман Н.Я. Последний летописец. М., 1983. Лотман Ю.М. Сотворение Карамзина. М., 1987.

С.​Ф.​Кузьміна.

М.М.Карамзін.

т. 8, с. 53

КАРА́Н (араб., літар. чытанне),

галоўная свяшчэнная кніга мусульман; зборнік рэліг. догмаў, міфаў і прававых палажэнняў ісламу. Кананізаваны спіс К. складзены ў 7—8 ст., напісаны на араб. мове рыфмаванай прозай. Уключае 114 сур (раздзелаў), размешчаных у парадку памяншэння колькасці аятаў (вершаў), якіх 6625. Суры падзяляюцца на «мекканскія» і «медынскія». К. змяшчае заклінанні і праклёны, вял. запазычанні з даісламскіх культаў, стараж.-іудзейскай і хрысц. міфалогіі. К. з’яўляецца літ. помнікам і адной з найважнейшых крыніц мусульм. права — шарыяту.

т. 8, с. 53

КАРА́НА ((Khorana) Хар Гобінд) (н. 9.1.1922, г. Райпур, Індыя) амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1966). Замежны чл. АН СССР (1971). Скончыў Пенджабскі ун-т (1945, г. Лахор),

Ліверпульскі ун-т (1948). З 1950 у Кембрыджскім ун-це, з 1952 ва ун-це Брытанскай Калумбіі ў г. Ванкувер (Канада), з 1960 у Ін-це даследавання ферментаў Вісконсінскага ун-та ў г. Мадысан (ЗША, з 1962 праф.), з 1970 у Масачусецкім тэхнал. ін-це. Навук. працы па сінтэзе каферментаў, нуклеатыдаў і нуклеінавых кіслот. Зрабіў значны ўклад у расшыфроўванне генет. кода. Сінтэзаваў ген транспартнай РНК. Нобелеўская прэмія 1968 (разам з Р.У.Холі і М.У.Нірэнбергам).

Х.Г.Карана.

т. 8, с. 53

КАРА́НАВА,

узгорак з рэшткамі стараж. паселішчаў на Пд Балгарыі. Мае 7 культ. пластоў эпохі неаліту і бронзавага веку (6—3-е тыс. да н. э.). У ніжнім пласце выяўлена кераміка з размалёўкай, сярпы з рогу з крамянёвымі ўкладышамі, рэшткі стараж. жытлаў. 3-і пласт, познанеалітычны (сярэдзіна 5-га тыс. да н. э.), утрымлівае чорную і шэрую глянцавую кераміку, 5-ы пласт (пач. 4-га тыс. да н. э.) — шэрую кераміку з паглыбленым арнаментам, запоўненым белай пастай. 6-ы пласт належыць да балг. варыянта культуры Гумельніца (сярэдзіна 4-га тыс. да н. э.), выяўлены дамы з печамі, збожжасховішча, кераміка з графітнай размалёўкай. 7-ы пласт належыць да ранняй бронзы (3-е тыс. да н. э.), для яго характэрны дамы з апсідамі, чорная і карычневая кераміка з шнуравым арнаментам.

т. 8, с. 53

КАРАНА́ДА,

кароткая гладкаствольная чыгунная гармата буйнога калібру ў 18—19 ст. Упершыню з’явілася ў ВМФ Вялікабрытаніі ў 1774, выраблялася на Каронскім ліцейным з-дзе (Шатландыя; адсюль назва). Выкарыстоўвалася ў карабельнай і берагавой артылерыі для вядзення агню па караблях праціўніка ядрамі або разрыўнымі снарадамі на блізкіх адлегласцях. У ВМФ Расіі з 1805. К. страцілі значэнне разам з драўляным флотам (сярэдзіна 19 ст.).

т. 8, с. 53

КАРАНА́РНАЯ ХВАРО́БА СЭ́РЦА,

гл. Ішэмічная хвароба сэрца.

т. 8, с. 54

КАРАНА́ЦЫЯ, каранаванне,

цырымонія ўрачыстага прыняцця хрысц. манархам (імператарам, каралём, вял. князем, герцагам і інш.) сімвалаў улады (карона, скіпетр і інш.) пры ўступленні на прастол, якая суправаджаецца царк. абрадамі і сімвалізуе «боскае» паходжанне манарх. улады. Вяршыняй К. з’яўляецца ўскладанне вышэйшым царк. іерархам краіны кароны (адсюль назва) на галаву манарха. У ВКЛ і Польшчы адбывалася паводле звычаяў каталіцкіх краін. У Расіі абрад К. запазычаны з Візантыі, адбываўся ва Успенскім саборы Маскоўскага Крамля.

т. 8, с. 54

КАРАНДА́Ш (сапр. Румянцаў Міхаіл Мікалаевіч; 10.12.1901, С.-Пецярбург — 31.3.1983),

расійскі артыст цырка, комік. Нар. арт. СССР (1969). Герой Сац. Працы (1979). Скончыў тэхнікум цыркавога мастацтва (1930). Дэбютаваў у Маскоўскім цырку-шапіто як клоун-дывановы. Упершыню ў вобразе К. пачаў выступаць у 1934—35 у Ленінградскім цырку (узяў псеўданім франц. мастака-карыкатурыста). Выступаў з пантамімічнымі рэпрызамі, камічнымі мініяцюрамі, сатыр. нумарамі на актуальныя грамадска-паліт. тэмы. Стварыў вобраз-маску наіўнага і цікаўнага дзівака. З 1946 маст. кіраўнік групы клоунаў. Здымаўся ў кіно.

т. 8, с. 54

КАРА́НДАШАЎ (Юрый Мікалаевіч) (н. 15.10.1947, г. Волагда, Расія),

бел. вучоны-псіхолаг. Д-р псіхал. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Ленінградскі ун-т (1972). З 1977 у БДУ, з 1982 у Бел. пед. ун-це (з 1992 заг. кафедры ўзроставай і пед. псіхалогіі). Даследуе праблемы штучнага інтэлекту, псіхалогіі развіцця, метадалогіі псіхалогіі.

Тв.:

Развивающиеся роботы будущего: Науч. сказка. Мн., 1989;

Основы возрастной диагностики психического развития в раннем детстве. Мн., 1993;

Психология развития. Ч. 1—2. Мн., 1996—97.

т. 8, с. 54

КАРАНЕ́ЎСКІ (Язэп Пятровіч) (11.1.1888, г. Заслаўе Мінскай вобл. — 29.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР, педагог. Правадз. чл. Інбелкульта (1924). Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1914). З 1915 выкладчык Мінскага настаўніцкага ін-та, чл. культ.-асв. гуртка «Наш край», з 1917 — арг-цыі «Маладая Беларусь» пры ін-це. Удзельнік 1-га Усерас. з’езда па асвеце (жн. 1918, Масква). З 1919 чл. пед. рады Мінскага бел. пед. ін-та. У 1919—20 выкладчык Мінскай бел. гімназіі. У 1920 нам. старшыні Беларускай камуністычнай арганізацыі, з жн. 1920 чл. КП(б)Б, заг. аддзела сац. выхавання Наркамасветы БССР. З 1926 нам. старшыні і чл. Прэзідыума Інбелкульта, у 1929—31 рэктар БДУ, канд. у чл. ЦВК БССР. З 1932 нам. дырэктара Ін-та чырв. прафесуры (Масква). 15.6.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.

Э.​М.​Карніловіч, У.​В.​Ляхоўскі.

т. 8, с. 54