КАРА́НАВА,

узгорак з рэшткамі стараж. паселішчаў на Пд Балгарыі. Мае 7 культ. пластоў эпохі неаліту і бронзавага веку (6—3-е тыс. да н. э.). У ніжнім пласце выяўлена кераміка з размалёўкай, сярпы з рогу з крамянёвымі ўкладышамі, рэшткі стараж. жытлаў. 3-і пласт, познанеалітычны (сярэдзіна 5-га тыс. да н. э.), утрымлівае чорную і шэрую глянцавую кераміку, 5-ы пласт (пач. 4-га тыс. да н. э.) — шэрую кераміку з паглыбленым арнаментам, запоўненым белай пастай. 6-ы пласт належыць да балг. варыянта культуры Гумельніца (сярэдзіна 4-га тыс. да н. э.), выяўлены дамы з печамі, збожжасховішча, кераміка з графітнай размалёўкай. 7-ы пласт належыць да ранняй бронзы (3-е тыс. да н. э.), для яго характэрны дамы з апсідамі, чорная і карычневая кераміка з шнуравым арнаментам.

т. 8, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)