Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІКТО́РЫЯ

(Victoria),

Порт-Вікторыя, сталіца дзяржавы Сейшэльскія Астравы, на в-ве Маэ. 24,3 тыс. ж. (1987). Порт на Індыйскім ак. База забеспячэння палівам суднаў. Міжнар. аэрапорт. Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), мэблевай, радыёэлектроннай, рыбаперапр. прам-сці. Саматужна-рамесніцкая вытв-сць сувеніраў і інш. Гандаль копрай, ваніллю, карыцай, чарапахавымі панцырамі. Замежны турызм.

т. 4, с. 155

ВІКТО́РЫЯ

(Victoria; 24.5.1819, Лондан — 22.1.1901),

каралева Вялікабрытаніі і Ірландыі [1837—1901], імператрыца Індыі [1876—1901]. Апошняя прадстаўніца Гановерскай дынастыі. Час яе праўлення наз. «віктарыянскай эрай» (падзяляецца на 3 перыяды). Першы (ранневіктарыянскі) перыяд быў адметны сац. напружаннем (гл. Чартызм, барацьба супраць хлебных законаў). У сярэдневіктарыянскі (1846—73) пашырыўся эканам. лібералізм, устанавілася прамысл. і гандл. манаполія Англіі ў свеце, зменшылася сац. напружанасць. У познавіктарыянскі час Вялікабрытанія стала найб. моцнай сярод еўрап. дзяржаў. Вяліся калан. войны з краінамі Азіі і Афрыкі; завяршылася заваяванне Індыі. У л-ры, мастацтве з’явіўся новы «віктарыянскі» стыль, яго пераймалі ў інш. краінах. У гонар Вікторыі названы гарады, рэкі, астравы, тэрыторыі і правінцыі ў краінах, якія ўваходзілі ў склад Брыт. імперыі.

т. 4, с. 155

ВІКТО́РЫЯ

(Victoria) Томас Луіс дэ (каля 1548, г. Авіла, Іспанія — 27.8.1611),

іспанскі кампазітар, арганіст; буйнейшы прадстаўнік ісп. культавай вак. поліфаніі. Вучань К.Маралеса. У 1565—89 жыў у Рыме, з 1594 у Мадрыдзе, арганіст і віцэ-капельмайстар каралеўскага манастыра францысканцаў. Аўтар мес, матэтаў, гімнаў, магніфікатаў, псалмаў і інш. Найб. вядомыя «Службы на страсны тыдзень», «Страсці па Матфею» (абодва 1585), «Меса на смерць каралевы Марыі» (1605).

т. 4, с. 155

ВІКТО́РЫЯ-НІЛ

(Victoria Nile),

участак р. Белы Ніл ва Угандзе ад выхаду з воз. Вікторыя да ўпадзення ў воз. Мабуту-Сесе-Сека. Даўж. 420 км, пл. бас. каля 262 тыс. км². Перасякае ступеньчатае пласкагор’е, утварае шматлікія парогі і вадаспады: Оўэн, Кабарэга (Мерчысан); працякае праз воз. К’ёга. Сярэдні расход вады каля 700 м³/с. ГЭС. Суднаходства на асобных участках.

т. 4, с. 156

ВІКТО́РЫЯ-ФОЛС

(Victoria Falls),

нацыянальны парк у Зімбабве, у бас. р. Замбезі. Засн. ў 1952 (з 1931 рэзерват, з 1939 запаведнік). Пл. 1900 тыс. га. Гал. аб’ект аховы — ландшафты вакол вадаспада Вікторыя. Размешчаны на прылеглай да вадаспада плошчы ўздоўж цячэння р. Замбезі, у паўн. ч. змыкаецца з нац. паркам Мосі-Оа-Тунья (Замбія). Расліннасць — дажджавыя і галерэйныя лясы, што складаюцца пераважна з розных відаў пальмаў, бамбуку, дрэвападобных папарацей, а таксама пустынная расліннасць Паўн. Калахары. Для фауны звычайныя слон, бегемот, афр. буйвал, жырафа, антылопы, малпы, кракадзіл, леў, леапард, гіены, насарог, зебры; больш як 200 відаў птушак; шматлікія яшчаркі, змеі; пашыраны розныя віды мурашак і тэрмітаў. Цэнтр турызму.

т. 4, с. 156

ВІКТЫМАЛО́ГІЯ

(ад лац. victima ахвяра + ...логія),

навука, што даследуе псіхал. і маральныя рысы асобы — ахвяры злачынства і любыя формы праяўлення грамадскай паталогіі, у выніку якіх прычыняецца шкода асобе. У больш вузкім сэнсе (у т. л. ў крыміналогіі) вывучае тыпы ахвяр — віноўнікаў злачынства, чые паводзіны могуць быць небяспечнымі для іх саміх і ствараюць павышаную верагоднасць замаху на іх; умовы, спрыяльныя для ўчынення злачынства; даследуе сувязі ахвяры і злачынца, ролю ахвяры ва ўчыненым злачынстве, а таксама адносіны да ахвяры органаў правасуддзя.

Н.К.Мазоўка.

т. 4, с. 156

ВІКУ́ЛАЎ Сяргей Васілевіч

(н. 13.9.1922, в. Емяльянаўская Валагодскай вобл., Расія),

рускі паэт. Скончыў Валагодскі пед. ін-т (1951). У 1968—89 гал. рэдактар час. «Наш современник». Друкуецца з 1936. Аўтар зб-каў паэзіі «Заваяванае шчасце» (1949), «Зялёны цэх» (1954), «Плуг і баразна» (1974, Дзярж. прэмія РСФСР імя А.М.Горкага 1974), «Вогнішча, якое грэла цябе» (1975), «Усходы» (1982), паэм «У завею» (1955), «Табою б ён ганарыўся...» (1957), «Пераадоленне» (1962), «Іў-гара» (1970), «Застаўся ў полі след» (1978), «Споведзь» (1980), кніг нарысаў. Лірыка Вікулава адметная глыбінным пранікненнем у нар. душу, спробай асэнсавання сацыяльных, духоўных і патрыятычных яе пачаткаў, лірычнай напеўнасцю, набліжанасцю да фальклору.

Літ: Коробов В.И. Сергей Викулов. М., 1980; Оботуров В.А. Сергей Викулов: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1983.

т. 4, с. 156

ВІКУ́НЬЯ

(Vicugna vicugna),

млекакормячае сям. вярблюдавых. Жыве невял. статкамі пераважна ў маладаступных высакагорных паўзасушлівых стэпах і пустынях Андаў на Пд Перу, ПдЗ Аргенціны, Пн Чылі і часткова на З Балівіі.

Даўж. цела 125—190, хваста 15—25, выш. ў карку 70—110 см, маса 40—65 кг. Цела ўкрыта кароткай, але мяккай і тонкай поўсцю пераважна з пуховых валасоў, у дарослых жывёл рыжаватай на спіне, баках і светла-шэрай на брусе. Хутка бегае (да 47 км/гадз на выш. 4500 м). Корміцца нізкімі травяністымі раслінамі. Мае каштоўнае футра. Занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

т. 4, с. 156

ВІ́ЛА

(ад лац. villa сядзіба, маёнтак),

загарадны дом з садам ці паркам. У Стараж. Рыме вілай называлі загараднае памесце для адпачынку і забаў. Маляўніча размешчаныя пабудовы вілы групаваліся вакол адкрытага двара, жылыя памяшканні ўпрыгожвалі мазаікай і размалёўкай. Комплекс вілы іншы раз уключаў будынкі храма, т-ра, каналы, вадаёмы, дэкар. скульптуру (віла імператара Адрыяна ў Тывалі, 2 ст.). У эпоху Адраджэння склаўся тып вілы, які меў восевую кампазіцыю з гал. будынкам у цэнтры, яго лоджыя адкрывалася на тэрасныя сады (віла Мадама, цяпер у Рыме, пачата ў 1517, арх. Рафаэль, А. да Сангала Малодшы, віла «Ратонда» ў Вічэнцы, 1551 — 67, арх. А.Паладыо). Строгія і зграбныя ансамблі віл эпохі Адраджэння змяніла складаная і мудрагелістая кампазіцыя пышных барочных віл. У 19—20 ст. вілай называюць камфартабельны аднасямейны дом з садам ці паркам у прыгарадзе ці курортнай мясцовасці (віла Савой каля Парыжа, 1929—31, арх. Ле Карбюзье; «Дом над вадаспадам» у Пенсільваніі, 1936, арх. Ф.Л.Райт; загарадны дом у Каліфорніі, 1946, арх. Р.Нёйтра і інш.).

т. 4, с. 156

ВІ́ЛА

(Vila),

Порт-Віла, сталіца дзяржавы Вануату, на ПдЗ в-ва Эфатэ. 19,3 тыс. ж. (1989). Порт на Ціхім ак. (вываз копры, какавы, кавы). Міжнар. аэрапорт. Перапрацоўка мяса і рыбы. Міжнар. фінансавы цэнтр (нізкія падаткі).

т. 4, с. 156