Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАТАРЭ́Я ў тэхніцы, аднолькавыя прылады, прыстасаванні ці збудаванні, аб’яднаныя ў адзіную сістэму (устаноўку) для сумеснага больш эфектыўнага дзеяння. напрыклад, коксавая батарэя — шэраг коксавых печаў для сухой перагонкі каменнага вугалю ў кокс; радыятарная батарэя — злучаныя ў адно ацяпляльнае прыстасаванне радыятары; ахаладжальныя батарэі — сістэмы труб (гладкіх ці з рэбрамі), у якіх выпараецца холадагент або працякае халадзільны раствор. Пашыраны электрычныя батарэі — кандэнсатарныя (з кандэнсатараў), акумулятарныя (з акумулятараў) і з інш. хімічных крыніц току.

т. 2, с. 348

БАТА́Т

(Ipomoea batatas),

салодкая бульба, від кветкавых раслін з роду іпамея сям. бярозавых. Радзіма — Мексіка, Цэнтр. Амерыка. У Еўропу завезены Х.Калумбам, у Афрыку — партугальцамі, Паўн. Амерыку — іспанцамі. Вырошчваюць у тропіках і субтропіках Індыі, Інданезіі, Кітая, Японіі, Іспаніі, Італіі і ЗША як адну з асн. караняплодных харч. культур; як доследную культуру разводзяць у Туркменіі, Грузіі і інш. краінах.

Шматгадовая (у культуры часта аднагадовая) травяністая расліна з клубнепадобным коранем і сцелістым сцяблом даўж. 1—5 м. Лісце цэльнае або пальчаталопасцевае. Кветкі буйныя, ружовыя ці белыя, лейкападобныя. Плод — 4-насенная каробачка Харч. і кармавая расліна. «Клубні» батату маюць 24—28% крухмалу і цукру (адсюль другая назва — «салодкая бульба»). Маса «клубняў» 0,2—10 кг; іх спажываюць свежымі і сушанымі, перапрацоўваюць на кансервы, муку, крупы, крухмал, цукар, патаку, спірт. «Клубні» і бацвінне скормліваюць жывёле. Размнажаюць батат парасткамі прарослых «клубняў» і адрэзкамі сцяблоў.

т. 2, с. 348

БА́ТАЎ Іван Андрэевіч

(1767, б. Маскоўская губ. — 30.6.1841),

рускі майстар муз. інструментаў. Прыгонны графа М.П.Шарамецева, у 1822 атрымаў вольную. Вырабляў скрыпкі, альты, віяланчэлі, гітары, рэстаўрыраваў старадаўнія інструменты. Дасканаласць іх вырабу і выдатныя гукавыя якасці прынеслі яму сусв. вядомасць. На выстаўцы ў Пецярбургу (1829) за скрыпку і віяланчэль Батаву прысуджаны Вялікі сярэбраны медаль.

т. 2, с. 348

БА́ТАЎ Павел Іванавіч

(1.6.1897, в. Філісава Рыбінскага р-на Яраслаўскай вобласці — 19.4.1985),

генерал арміі (1955), двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1927), акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1950). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў, нац.-рэв. вайны ў Іспаніі 1936—39, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Данскім, Сталінградскім, Цэнтр., Бел., 1-м і 2-м Бел. франтах; камандзір стралк. корпуса, нам. камандуючага, камандуючы арміяй, нам. камандуючага войскамі Бранскага фронту. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў. З кастр. 1942 камандуючы 65-й арміяй, якая ў кастр. 1943 фарсіравала Дняпро ў раёне Лоева, у 1943—44 вызваляла Рэчыцу, Мазыр, Бабруйск, Асіповічы, Слонім. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі. З 1962 нач. штаба Аб’яднаных узбр. сіл дзяржаў — удзельніц Варшаўскага дагавора. З 1965 у групе ген. інспектараў Мін-ва абароны СССР У 1970—81 старшыня Сав. к-та ветэранаў вайны. Дэп. Вярх. Савета СССР (1927—50, 1954—66). Аўтар кнігі ўспамінаў «У паходах і баях» (3 выд., 1974).

т. 2, с. 348

БАТА́ЎСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА.

Існавала ў 1795—1806 на тэр. Нідэрландаў. Утворана ў студз.сак. 1795 пасля ўступлення сюды франц. рэсп. войскаў і паўстання мясц. насельніцтва. Назва паходзіць ад герм. племені батаваў, якое ў старажытнасці засяляла тэр. Нідэрландаў. Ваен.-паліт. саюз (1795) з Францыяй вызначыў залежнасць ад яе Батаўскай рэспублікі. Унутрыпаліт. жыццё адметнае вострай барацьбой паміж рознымі паліт. плынямі і слаямі буржуазіі. У 1806 Напалеон І ператварыў Батаўскую рэспубліку ў Галандскае каралеўства (1806—10), зрабіўшы каралём свайго брата Луі (Людовіка) Банапарта.

т. 2, с. 348

БАТВІНКО́Ў Мікалай Іванавіч

(н. 15.3.1936, в. Барысавічы Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. хірург. Д-р мед. н. (1976), праф. (1979). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1960). З 1968 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па сасудзістай хірургіі, хірург. гастраэнтэралогіі, хірургіі лёгкіх і стрававода.

Тв.:

Органосохраняющая хирургия язвенной болезни. Гродно, 1995.

т. 2, с. 348

БАТВІ́ННІК Марат Барысавіч

(н. 22.12.1928, Мінск),

бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1970). Скончыў БДУ (1951). Працаваў ва ўстановах нар. асветы, у 1977—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе гістарыяграфію эпохі феадалізму, гісторыю культуры і асветы Беларусі, ролю спадчыны Ф.Скарыны ў дзейнасці бел. друкароў і выдаўцоў 16—17 ст., гісторыю бел. л-ры, славістыку. Аўтар кніг і артыкулаў пра жыццё і дзейнасць бел. вучоных (М.М.Нікольскага, У.М.Перцава, Г.М.Ліўшыца), адзін з аўтараў кн. «Беларускі асветнік Францыск Скарына і пачатак кнігадрукавання на Беларусі і ў Літве» (1979), «Іван Фёдараў і ўсходнеславянскае кнігадрукаванне» (1984), аўтар кн. «Адкуль ёсць пайшоў буквар» (1983) і інш.

т. 2, с. 348

БАТКО́ЎСКІ Сяргей Барысавіч

(17.7.1917, С.-Пецярбург — 24.10.1995),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1940). З 1946 у Мінску, працаваў у праектных ін-тах, у 1960—65 гал. архітэктар ін-та «Мінскпраект», з 1978 выкладаў у Бел. акадэміі мастацтваў. Асн. работы ў Мінску: рэканструкцыя карпусоў хім. і біля. ф-таў БДУ (1950), крыты плавальны басейн Ін-та фізкультуры (1953); паліграфічны камбінат імя Я.Коласа (1956), жылыя дамы на праспекце Ф.Скарыны (1958, Дзярж. прэмія Беларусі 1968), карпусы гадзіннікавага з-да (1963), павільён ВДНГ Беларусі (1968), рэканструкцыя стадыёна «Дынама» (усе ў сааўт.). Помнік Я.Купалу ў Араў-парку пад Нью-Йоркам (1973, скульпт. А.Анікейчык); бюст касманаўта П.І.Клімука ў Брэсце (1978, скульпт. І.Міско) і інш.

т. 2, с. 349

БАТЛА́ЧЫК,

гл. Лісахвост.

т. 2, с. 349

БАТЛЕ́ЙКА,

бетлейка (ад Betleem — польская назва г. Віфлеем, дзе нарадзіўся Хрыстос), бел. нар. тэатр лялек. Вядома з 16 ст. Узнікненне батлейкі звязана са святам Каляд. Т-ры падобнага тыпу вядомы ў Польшчы (шопка) і на Украіне (вяртэп).

Вытокі батлейкі ў сярэдневяковым містэрыяльным т-ры Зах. Еўропы, адкуль праз Польшчу прынесены езуітамі на Беларусь. Развіваўся ў цеснай сувязі са школьным тэатрам. Фактычна батлейка — «народная асіміляцыя школьнай драмы з яе інтэрмедыямі» (Ф.Аляхновіч). На працягу ўсяго існавання батлейкі разыгрывалася п’еса «Цар Ірад». Паказ складаўся з 2 частак: сур’ёзнай, якая апавядала пра нараджэнне Хрыста і ганенне яго царом Ірадам (т.зв. асн. сюжэт), і камедыйнай — інтэрмедый звычайна вясёлага зместу, з жартаўлівымі дыялогамі ці маналогамі, песнямі, танцамі. Часткі не мелі агульнага сюжэта, паміж сабой спалучаліся механічна, фармальна, фактычна іх аб’ядноўваў своеасаблівы карнавальны настрой, уласцівы Калядам. Біблейскія падзеі ў батлейцы набывалі адвольную нар. трактоўку. Пры адным традыцыйным асн. сюжэце паказы батлейкі ў розных рэгіёнах яе бытавання адрозніваліся менавіта інтэрмедыямі, сярод якіх «Мужык (Мацей) і доктар», «Антон з казой і Антоніха», «Скамарох з мядзведзем», «Вольскі — купец польскі», «Цыган і цыганка» і інш. Папулярныя персанажы інтэрмедый — Мужык, Доктар, Яўрэй, Франт (чужаземец), Цыган, Казак і інш. Для паказаў батлейкі рабілі 2-павярховую скрынку накшталт царквы або хаткі. Батлеечнікі (або «ралёшнікі») вадзілі драўляныя лялькі на шпянях па проразях у падлозе паверхаў. Сцэна кожнага паверха мела 3 аддзелы: вял. цэнтральны, дзе адбывалася дзеянне, і меншыя бакавыя (для ўваходаў і выхадаў).

Батлейка шырока бытавала па ўсёй Беларусі. Разнавіднасцямі яе былі жлоб і яселка. Паказы адбываліся па хатах, у корчмах, на вуліцах гарадоў, мястэчак, вёсак, суправаджаліся музыкай (найчасцей скрыпка і бубен). Асаблівае месца займалі батлейкі, зробленыя па прынцыпе ценявога т-ра (Віцебск, Веліж). У канцы 19 — пач. 20 ст. жанравыя сцэны батлейкі выконваліся не толькі лялькамі, а непасрэдна акцёрамі (жывая батлейка ці батлея). На пач. 20 ст. своеасаблівай з’явай стала батлейка Патупчыка (Докшыцы), дзе апрача традыцыйнага паказу дэманстраваліся і бытавыя сцэны з тагачаснага жыцця. Гэты ж прынцып пакладзены ў аснову дзейнасці Залескага нар. т-ра «Батлейка» (арганізаваны Я.Ліс і А.Лосем у 1983). З канца 1980-х г. робяцца спробы адрадзіць традыц. паказы батлейкі на Каляды. З 1991 яны адбываюцца ў філіяле музея М.Багдановіча «Беларуская хатка» ў Мінску (батлейка з’яўляецца фрагментам экспазіцыі), а прафесійныя т-ры — Дзярж. т-р лялек і Тэатр-студыя кінаакцёра — паставілі батлеечную п’есу «Цар Ірад» (у сваёй інтэрпрэтацыі).

Літ.:

Барышаў Г.І., Саннікаў А.К. Беларускі народны тэатр батлейка. Мн., 1962;

Народны тэатр. Мн., 1983.

Дз.У.Стэльмах.

т. 2, с. 349