БА́ТАЎ Павел Іванавіч

(1.6.1897, в. Філісава Рыбінскага р-на Яраслаўскай вобласці — 19.4.1985),

генерал арміі (1955), двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1927), акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1950). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў, нац.-рэв. вайны ў Іспаніі 1936—39, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Данскім, Сталінградскім, Цэнтр., Бел., 1-м і 2-м Бел. франтах; камандзір стралк. корпуса, нам. камандуючага, камандуючы арміяй, нам. камандуючага войскамі Бранскага фронту. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў. З кастр. 1942 камандуючы 65-й арміяй, якая ў кастр. 1943 фарсіравала Дняпро ў раёне Лоева, у 1943—44 вызваляла Рэчыцу, Мазыр, Бабруйск, Асіповічы, Слонім. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі. З 1962 нач. штаба Аб’яднаных узбр. сіл дзяржаў — удзельніц Варшаўскага дагавора. З 1965 у групе ген. інспектараў Мін-ва абароны СССР У 1970—81 старшыня Сав. к-та ветэранаў вайны. Дэп. Вярх. Савета СССР (1927—50, 1954—66). Аўтар кнігі ўспамінаў «У паходах і баях» (3 выд., 1974).

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)