Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАРАЛЕ́ЛЬНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

гл. ў арт. Складаныя рэакцыі.

т. 12, с. 87

ПАРАЛЕ́ЛЬНЫ ПЕРАНО́С,

пераўтварэнне прасторы ці яе часткі (напр., пераход ад адной фігуры да другой), пры якім усе пункты зрушваюцца ў адным і тым ж напрамку на адну і тую ж адлегласць.

Паралельны перанос.

т. 12, с. 87

ПАРАЛЕ́ЛЬ ЗЯМНА́Я (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач),

паралель геаграфічная, лінія сячэння паверхні зямнога шара плоскасцямі, паралельнымі экватару. Усе пункты, якія ляжаць на адной П.з. маюць аднолькавую геагр. шырату. Мерыдыяны і паралелі ўтвараюць градусную сетку Зямлі.

т. 12, с. 86

ПАРАЛЕ́ЛЬ НЯБЕ́СНАЯ, сутачная паралель,

малы круг нябеснай сферы, плоскасць якога паралельная плоскасці нябеснага экватара. Уяўляе сабой шлях, які праходзіць пункт нябеснай сферы (за выключэннем полюсаў свету) з прычыны бачнага сутачнага вярчэння сферы вакол восі свету.

т. 12, с. 86

ПАРАЛЕЎКО́БРЫУМ (Paraleucobryum),

род брыевых імхоў сям. дыкранавых. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. даўгалісты (P. longifolium), занесены ў Чырв. кнігу. Расце на валунах, радзей на пнях у лясах.

Двухдомныя лістасцябловыя расліны, утвараюць буйныя, белавата-зеленаватыя, шчыльныя, мяккія дзярнінкі. Сцябло прамастойнае або ўзыходнае, даўж. 2—8 см. Лісце серпападобнае, павернутае ў адзін бок, верхавінкавае сабрана ў чубок. Каробачка прамастойная, жоўта-зялёная або бураватая, на жаўтаватай ножцы. Вечка з дзюбкай. Каўпачок клабукападобны.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Паралеўкобрыум даўгалісты.

т. 12, с. 87

ПАРАЛІТАРАТУ́РА,

гл. Масавая літаратура.

т. 12, с. 87

ПАРАЛІ́Ч (ад грэч. paralysis расслабленне),

поўная страта рухальных функцый у чалавека і жывёл у выніку парушэння інервацыі адпаведных мышцаў. Абмежаванне рухаў — парэзы (напр., монапарэз пры пашкоджанні адной канечнасці, парапарэз пры пашкоджанні рук і ног і інш.). З’яўляецца праявай захворванняў нерв. сістэмы інфекц., траўматычнага, сасудзістага, псіхагеннага і інш. паходжання. Адрозніваюць П. і парэзы цэнтральныя, якія абумоўлены пашкоджваннем рухальных клетак кары паўшар’яў галаўнога мозга і піраміднага шляху з павышэннем мышачнага тонусу, сухажыльна-надкосных рэфлексаў, наяўнасцю паталаг. і ахоўных рэфлексаў (пры інсультах, чэрапна-мазгавой траўме, энцэфаліце). Перыферычныя П. і парэзы ўзнікаюць пры пашкоджанні чарапных нерваў, спіннога мозга, нерв. спляценняў і асобных нерв. ствалоў. Пры перыферычных П. мышачны тонус зніжаецца ці адсутнічае, паніжаюцца сухажыльна-надкосныя рэфлексы, адбываецца атрафія мышцаў, змяняецца электраўзбуджальнасць нерваў і мышцаў (напр., пры спінальнай форме поліяміэліту, полінеўрытах і інш.). Бываюць таксама змешаныя П. і парэзы (цэнтр. і перыферычныя). Выдзяляюць псіхагенныя (істэрычныя) П. і парэзы, што ўзнікаюць ад псіхатраўміруючых уздзеянняў. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт., ЛФК, масаж, правядзенне артапедычных мерапрыемстваў, у некат. выпадках — хірургічнае.

Ю.​Г.​Шанько.

т. 12, с. 87

ПАРАЛО́Н,

гандлёвая назва эластычнага газанапоўненага пластыка на аснове поліурэтану, прынятая ў СССР.

т. 12, с. 87

ПАРАЛЬДЭГІ́Д, 2,4,6-трыметыл-1,3,5-трыаксан,

цыклічны трымер ацэтальдэгіду, зручная форма яго захоўвання. Бясколерная вадкасць, tпл 12,6 °C, tкіп 124,4 °C, шчыльн. 994,3 кг/м³. Раствараецца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры, хлараформе. Атрымліваюць полімерызацыяй ацэтальдэгіду пры 20 °C у прысутнасці салянай ці сернай к-ты. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ацэтатаў цэлюлозы, воцатнай к-ты, воцатнага ангідрыду, гліаксалю, хларалю і інш. Аказвае слабае наркатычнае ўздзеянне.

т. 12, с. 87

ПАРАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад пара... + магнетызм),

уласцівасць рэчываў слаба намагнічвацца ў напрамку знешняга магн. поля; адзін з відаў магнетызму. Характэрны для рэчываў (парамагнетыкаў), часціцы якіх (атамы, малекулы, іоны, атамныя ядры) маюць уласныя магн. моманты. У адсутнасці знешняга магн. поля яны арыентаваны хаатычна, так што намагнічанасць рэчыва роўная нулю.

Пры наяўнасці знешняга поля магн. моманты арыентуюцца пераважна ўздоўж поля і намагнічанасць вызначаецца формулай J = χH , дзе χ — магнітная ўспрыімлівасць (для парамагнетыкаў пры т-ры ≈ 293 К χ ⁓ 10​−7—10​−4), H — напружанасць знешняга магн. поля. З павелічэннем т-ры ўзрастае дэзарыентавальнае дзеянне цеплавога руху і χ памяншаецца (гл. Кюры закон, Кюры—Вейса закон). Існаванне ў атамаў (іонаў) магн. момантаў, якія абумоўліваюць П., можа быць звязана з арбітальным рухам электронаў у абалонцы атама — арбітальны П., іх спінам — спінавы П., а таксама (у меншай ступені) са спінам атамных ядраў — ядзерны П. (гл. Магнетон). Даследаванне П. дае інфармацыю пра мікраскапічныя магн. ўласцівасці і ўнутр. структуру рэчываў. П. выкарыстоўваецца для атрымання звышнізкіх т-р метадам магнітнага ахаладжэння, у квантавай электроніцы (гл. Мазер) і інш. Гл. таксама Электронны парамагнітны рэзананс, Ядзерны парамагнітны рэзананс.

Літ.:

Вонсовский С.В. Магнетизм. М., 1971;

Абрагам А., Гольдман М. Ядерный магнетизм: порядок и беспорядок: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1984;

Кринчик Г.С. Физика магнитных явлений. 2 изд. М., 1985.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 12, с. 87