Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІ́КТАР ЭМАНУІ́Л III

(Vittorio Emanuele; 11.11.1869—28.12.1947),

апошні кароль Італіі [1900—46]. У 1922 пасля «Маршу на Рым» Б.Мусаліні прызначыў яго кіраўніком урада. Падтрымліваў фаш. дыктатуру ў Італіі. У 1943 пад пагрозай масавых хваляванняў у краіне адхіліў Мусаліні ад улады (т.зв. дварцовы пераварот 25.7.1943). Каб захаваць манархію, 5.6.1944 перадаў уладу свайму сыну Умберта, 9.5.1946 адрокся ад прастола. У выніку рэферэндуму 18.6.1946 Італія абвешчана рэспублікай.

т. 4, с. 154

ВІКТО́РЫІ ЗЯМЛЯ́

(Victoria Land),

частка тэр. Усх. Антарктыды. На З абмываецца м. Роса, на Пнм. Сомава. У межах зах. часткі В.З. — Трансантарктычныя горы, выш. да 4025 м (г. Лістэр). На У да гор прымыкае ледавіковае плато. Магутнасць ледавіковага покрыва месцамі перавышае 2500 м. Адкрыта ў 1841 англ. экспедыцыяй Дж.Роса, названа ў гонар англ. каралевы.

т. 4, с. 154

ВІКТО́РЫЯ

(Victoria),

англійская назва г. Сянган.

т. 4, с. 154

ВІКТО́РЫЯ,

у старажытна-рым. міфалогіі багіня перамогі. Асн. яе сімвалы — пераможны вянок і крылы. У Рыме Вікторыі былі прысвечаны храм на ўзгорку Палацін і алтар у курыі сената, узведзеныя ў часы праўлення Аўгуста. У надпісах і на манетах эпохі імперыі Вікторыя — увасабленне перамогі імператара ў вайне. У стараж.-грэч. міфалогіі ёй адпавядае Ніка.

т. 4, с. 154

ВІКТО́РЫЯ

(Victoria),

род кветкавых раслін сям. гарлачыкавых. 2 віды. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы: вікторыя амазонская, або каралеўская (Victoria amazonica, або Victoria regia), расце ў затоках р. Амазонка і яе прытокаў, вікторыя Круса (Victoria cruziana) — у басейне р. Парана.

Шматгадовыя водныя травяністыя расліны з круглавата-шчытападобным з падагнутымі ўверх у выглядзе борціка краямі, плаваючымі на паверхні вады вял. лісцем дыям. да 2 м, падводным сцяблом і магутным карэнішчам, якое прымацоўвае расліну да грунту. Лісце ўнізе ўкрыта сеткай тоўстых жылак, з моцна развітай паветраноснай тканкай, вытрымлівае груз да 50 кг. Чаранкі (ніжняя паверхня лісця), кветаносы і чашалісцікі ўкрыты вострымі шыпамі. Кветкі вялікія (дыям. 25—35 см), адзіночныя, пахучыя, са зменлівай ад белай да малінавай на працягу сутак афарбоўкай. Плод — шматгнездавая каробачка з ядомым насеннем памерам з гарошыну. Дэкар., прыдатныя для аквакультуры расліны (культывуюць у бат. садах, аранжарэях пры т-рах вады 25—30 °C).

т. 4, с. 154

ВІКТО́РЫЯ

(Victoria),

востраў на Пд Канадскага Арктычнага архіпелага; тэр. Канады. Пл. 213,8 тыс. км². Паверхня пераважна раўнінная, асобныя горы выш. да 914 м. Складзены з палеазойскіх пясчанікаў, кангламератаў, вапнякоў, сланцаў і дакембрыйскіх гранітагнейсаў. Шмат азёр. Расліннасць тундравая. Населены пункт — Кембрыдж-Бей.

т. 4, с. 155

ВІКТО́РЫЯ

(Victoria),

Вікторыя-Н’янза, Укерэве, возера ва Усх. Афрыцы, на тэр. Танзаніі, Кеніі і Уганды. Размешчана ў тэктанічным прагіне на выш. 1134 м. Пл. 68 тыс. км² (2-е па памерах прэснае возера свету). Даўж. 320 км, шыр. 275 км, найб. глыб. 80 м. Даўжыня берагавой лініі больш за 7 тыс. км; берагі пераважна нізінныя, пясчаныя, парэзаныя залівамі. Шмат астравоў агульнай пл. каля 6 тыс. км² (вял. в-аў Укерэве, а-вы Сесе). У Вікторыю ўпадае мнагаводная р. Кагера, выцякае р. Вікторыя-Ніл. Характэрны штормы. На в-ве Рубонда (Танзанія) нац. парк. Вікторыя — важны ўнутраны рыбапрамысловы раён. У фауне каля 100 відаў, з іх 64 віды эндэмічнага сям. храмісаў (з акунепадобных). Суднаходства. Асн. парты — Джынджа, Энтэбе (Уганда), Букоба, Мванза (Танзанія), Кісуму (Кенія). Возера злучана з узбярэжжам Індыйскага ак. чыгункамі Кісуму — Мамбаса і Мванза — Табора — Дар-эс-Салам. Адкрыта ў 1858 англ. падарожнікам Дж.Спікам. Названа ў гонар каралевы Вялікабрытаніі.

М.В.Лаўрыновіч.

т. 4, с. 155

ВІКТО́РЫЯ

(Victoria Falls),

вадаспад на р. Замбезі, у Паўд. Афрыцы, на мяжы Замбія—Зімбабве; адзін з буйнейшых у свеце. Выш. 120 м, шыр. 1800 м. Падзяляецца астравамі на часткі: Глотка Д’ябла, Галоўны, Вясёлкавы, Усходні. Вада падае з уступу выш. 120 м у вузкі (130 м) і глыбокі (140 м) каньён у базальтах, утварае гіганцкія слупы вадзянога пылу. Расход вады моцна вагаецца на працягу года, у сярэднім каля 1400 м³/с. Уваходзіць у склад нац. паркаў Вікторыя-Фолс (Зімбабве) і Мосі-Оа-Тунья (Замбія). ГЭС. Турызм. Адкрыты ў 1855 Д.Лівінгстанам, названы ў гонар каралевы Вялікабрытаніі.

т. 4, с. 155

ВІКТО́РЫЯ

(Victoria),

Оўэн-Фолс, вадасховішча на тэр. Уганды, Танзаніі і Кеніі. Створана ў 1954 пры пабудове плаціны Оўэн-Фолс (Уганда) на р. Вікторыя-Ніл і падпоры воз. Вікторыя на 3 м. Пл. 76 тыс. км² (у т. л. воз. Вікторыя 68 тыс. км²), аб’ём 204,8 км³ Даўж. 320 км.

т. 4, с. 155

ВІКТО́РЫЯ

(Victoria),

штат на ПдУ Аўстраліі. Пл. 227,6 тыс. км². Нас. 4468,3 тыс. чал. (1993). Адм. ц.г. Мельбурн. На Пд Аўстралійскія Альпы з вяршынямі да 2 тыс. м акаймоўваюць вузкую паласу ўрадлівай берагавой раўніны з субтрапічным кліматам і вечназялёнай расліннасцю. На паўд. і паўд.-ўсх. схілах гор (ападкаў 2000 мм за год) — густыя вечназялёныя лясы, на паўн. схілах, больш засушлівых, — паркавыя лясы, якія на Пн змяняюцца сухімі стэпамі. На Пн і ПнЗ — алювіяльная раўніна р. Мурэй (Мары) са стэпавай, часткова паўпустыннай расліннасцю. Вікторыя — другі па эканам. значэнні (пасля Новага Паўднёвага Уэльса) штат краіны. Здабыча бурага вугалю, у прыбярэжных водах — нафты і прыроднага газу. Буйныя ЦЭЦ, а таксама некалькі значных ГЭС (на У у Снежных гарах). Развіта металаапр., маш.-буд., хім., нафтаперапр., авіяц. прам-сць, з галін лёгкай прам-сці — абутковая, швейная, шарсцяная, а таксама харч. (вінаробчая, кансервавая, масларобчая і інш.). Асн. прамысл. цэнтры — Мельбурн, Джыланг, Баларат, Бендыга. Гал. с.-г. культуры: пшаніца, авёс, ячмень, бульба. Вінаградарства і пладаводства. Жывёлагадоўля малочная і мяса-воўнавая. Гадуюць авечак і буйн. раг. жывёлу. Вытв-сць на экспарт масла, сыроў, мяса, шэрсці. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Важнейшыя парты Мельбурн і Джыланг.

т. 4, с. 155