Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАЎРЫІ́Л

(свецкае Васкрасенскі Васіль Мікалаевіч; 1795 — 10.5.1868),

багаслоў, гісторык рус. філасофіі. Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію (1820). У 1821 прыняў манаства і пераведзены ў Пецярбургскую духоўную акадэмію. З 1825 рэктар Арлоўскай, Магілёўскай семінарый, ігумен казанскага Зілантава манастыра. У 1835—50 прафесар Казанскага ун-та. Аўтар «Гісторыі філасофіі» (ч. 1—6, 1839—40), у якой на аснове помнікаў стараж.-рус. пісьменнасці спрабаваў даць сістэматычнае тлумачэнне гісторыі рус. філасофіі. Лічыў, што кожны народ мае свой асаблівы характар і сваю філасофію, «больш ці менш навукападобную ці рассеяную ў паданнях, аповесцях. Павучаннях, вершах і рэлігіі».

Тв.:

Философия правды. Казань, 1843;

Поучительные слова. Ч. 1—2. Казань, 1850.

т. 5, с. 90

ГАЎРЫ́ЛАВА-ХМЫ́ЗНІКАВА Тамара Ігнатаўна

(12.6.1944, в. Сіроціна Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 17.7.1991),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1963), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). Сярод габеленаў: «Восень», «Сонца», «На жніўным полі», «Гурзуф» і інш. (усе 1970-я г.). Працавала таксама гуашшу. Творы вылучаюцца экспрэсіяй, філасафічнасцю, абвостраным пачуццём колеру.

Н.В.Пілюзіна.

т. 5, с. 90

ГАЎРЫЛАВЕ́Ц Клара Усеваладаўна

(н. 18.11.1935, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н., праф. (1989). Чл.-кар. Бел. акадэміі адукацыі (1989). Скончыла БДУ (1957). У 1986—91 працавала ў Мінскім пед. ун-це. Аўтар прац па праблемах гуманізацыі і гуманітарызацыі пед. працэсу, гісторыі педагогікі, філасофіі адукацыі, маральнага выхавання, у т. л. манаграфіі «Выхаванне чалавечнасці» (1985).

Тв.:

Организация нравственного просвещения старшеклассников. Мн., 1974;

Нравственно-эстетическое воспитание школьников. 2 изд. Мн., 1988 (разам з І.І.Казімірскай);

Идейно-нравственное воспитание учащихся в процессе обучения. Мн., 1991 (у сааўт.).

В.У.Чэчат.

т. 5, с. 90

ГАЎРЫ́ЛАЎ Аляксандр Іванавіч

(10.9.1906, в. Сласцёны Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 19.3.1957),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1953), праф. (1955). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1929). Працаваў у ім з 1930 (з 1944 нам. дырэктара, дэкан, заг. кафедры). Навук. працы па патагенезе, паталаг. Анатоміі, дыягностыцы чумы і паратыфе свіней, шаленстве жывёл, злаякаснай катаральнай гарачцы буйн. раг. жывёлы, паратыфе цялят.

т. 5, с. 90

ГАЎРЫ́ЛАЎ Віктар Георгіевіч

(н. 14.7.1927, г. Горлаўка, Украіна),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва, мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1966). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1959). У 1963—67 гал. мастак Мінскага фарфоравага з-да. З 1964 выкладчык Бел. АМ, з 1993 — Бел. маст. ліцэя. Працуе пераважна ў керамічнай пластыцы. Яго творы вызначаюцца выразнасцю вобразаў, гармоніяй пластычных формаў: сервіз «Юбілейны» (1967), анімалістычныя скульптуры «Залаты ражок» (1969) і «Конік» (1970), пластыка «Бярэзінскі запаведнік» (1980), серыі талерак «Спорт» і «Беларуская песня» (1980—81), кампазіцыі «Каляды» (1982), «Налібокі» (1993), вазы «Зубр» (1990), «Папараць-кветка» (1995) і інш.

Тв.:

Мастацтва, створанае народам. Мн., 1978 (разам з І.М.Паньшынай);

Беларуская кераміка. Мн., 1984.

т. 5, с. 90

ГАЎРЫ́ЛАЎ Леанід Рыгоравіч

(2.2.1918, в. Бердыж Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 1941),

бел. паэт. Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1940). Загінуў у баі ў першыя дні Вял. Айч. вайны. Друкаваўся з 1935 (альманах «Аднагодкі»). Вершы Гаўрылава вызначаюцца шчырай апавядальнасцю, лірызмам, рамант. узнёсласцю, аптыміст. настроем. Іх асн. тэмы — юначае захапленне жыццём, каханне, вернасць Радзіме (вершы «Арлёнак», «Запахнуць ноччу духавітай травы», «Цішыня», «Сож», «Паэту»).

Тв.:

Вернасць Мн., 1961;

У кн.: Крывёю сэрца. Мн., 1967

Літ.:

Кавалёў Д. Пра таварыша, які не старэе // Дзень паэзіі — 65. Мн., 1965;

Бярозкін Р. «Ляжыць ён, як віцязь...» // Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971;

Вялюгін А. Песень поўны падсумак // Вялюгін А. Выбр. тв. Мн., 1973;

Т. 2;

Кірэенка К. Шчырасць юнацкага сэрца // Кірэенка К. Заўсёды з Радзімай. Мн., 1980.

І.У.Саламевіч.

т. 5, с. 90

ГАЎРЫ́ЛАЎ Пётр Міхайлавіч

(30.6.1900, в. Альведзіна Пестрачынскага р-на, Татарстан — 26.1.1979),

адзін з кіраўнікоў Брэсцкай крэпасці абароны 1941, Герой Сав. Саюза (1957). З 1918 у Чырв. Арміі. Скончыў камандныя курсы ў Махачкале (1923), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40, устанаўлення сав. улады ў Латвіі. У Вял. Айч. вайну камандзір 44-га палка 42-й стралк. дывізіі маёр Гаўрылаў амаль месяц узначальваў абарону Усх. форта Брэсцкай крэпасці; цяжка паранены трапіў у палон, вызвалены сав. войскамі ў 1945. Да 1946 у Чырв. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1958—62. Ганаровы грамадзянін Брэста.

т. 5, с. 91

Гаўрылаў Ігар Уладзіміравіч

т. 18, кн. 1, с. 370

ГАЎРЫЛЕ́НКА Дзям’ян Аляксандравіч

(н. 27.12.1925, в. Цеснавое Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-юрыст. Д-р юрыд. н. (1989), праф. (1990). Скончыў БДУ (1957), Мінскую ВПШ (1959). З 1944 у органах унутр. спраў, з 1971 у Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы дысцыпліны, законнасці, дэмакратыі ў сферы дзярж. кіравання. Аўтар дапаможнікаў і падручнікаў, метадычных распрацовак. Асн. працы: «Асноўны Закон і далейшае развіццё дэмакратыі» (1981), «Дзяржаўная дысцыпліна: сутнасць, функцыі, значэнне» (1988), «Прававая дзяржава і дысцыпліна» (1991).

т. 5, с. 91

ГАЎРЫЛЕ́НКА Павел Нічыпаравіч

(28.2.1902, в. Касцюкоўка Гомельскага р-на — 4.2.1961),

бел. Жывапісец. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Адзін з арганізатараў Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі ў Віцебску (1928—30). Яго творчай манеры ўласцівы рэаліст. яснасць, якая арганічна спалучалася з лірычным аўтарскім пачуццём, абвостраным адчуваннем праяў жыцця, гісторыі і сучаснасці, жаданнем раскрыць хараство роднай зямлі. Аўтар твораў пра гісторыка-рэв. падзеі, подзвігі бел. партызан, прац. будні горада і вёскі, партрэтаў, пейзажаў: «Будоўля» (1932), «Прарыў нямецкай абароны» (1942), «Партызаны на Палессі» (1947), «Ліпавая алея» (1948), «На партызанскім аэрадроме» (1950), «Ідзе эшалон» (1957), «Вясна» (1958), «На рыштаваннях» (1960) і інш. У 1956—61 старшыня Саюза мастакоў Беларусі.

Літ.:

Аладава А.В. П.Н.Гаўрыленка. Мн., 1963.

Л.Ф.Салавей.

т. 5, с. 91