ГАЎРУСЁЎ (Сцяпан Захаравіч) (10.5.1931, в. Новааляксандраўка Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 12.3.1988),

бел. паэт, крытык, перакладчык. Скончыў Магілёўскае педвучылішча (1951). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1947. Аўтар зб-каў паэзіі «Паходныя кастры» (1955), «На грэбнях хваль» (1959), «Шчодрасць» (1962), «Ураган» (1966), «Кляновыя лісты» (1971), «Клопат» (1976), «Водсветы» (1978), «Крона» (1981), «Пладаноснасць» (1986, Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1987). Скразны матыў, які прагучаў у паэзіі Гаўрусёва ўзбуйнена і драматычна, як біяграфія цэлага пакалення, — памяць аб вайне («Я вырас пад гарматнымі стваламі»). Трывога за мір на свеце, адказнасць за ўсё жывое на зямлі ў паэме «Профіль веку» (1967), вершах. Сярод інш. тэм — услаўленне ратнага і прац. подзвігу народа, стваральная місія сучасніка, апяванне хараства роднай прыроды (паэма «Штодзённы лістапад», 1959). Паэт адухоўлівае, паэтызуе працу, сілу і прыгажосць чалавека. У яго многа любоўных вершаў, каханне ў якіх наіўнае, пакутнае, цнатлівае і далікатнае, але яно ўзвышае чалавека. Аўтар умее ўздымаць лірычную споведзь ад інтымных пачуццяў да сац. пафасу, ад канкрэтнага, рэальнага вобраза ўзвышацца да рамантычнага, метафарычнага. У душы рамант. героя паэзіі Гаўрусёва, «сонцапаклонніка», які жыве ў касмічнаўзбуйненых маштабах, — няспыннае змаганне дабра са злом. Але пры ўсёй манументальнасці ён жывы, зямны чалавек. Характэрныя рысы паэзіі Гаўрусёва — прадметнасць, канкрэтная, пачуццёвая вобразнасць, гіпербалізаванасць, экспрэсіўнасць пачуццяў, спалучэнне страснай публіцыстыкі з лірычнай задушэўнасцю, інтанац. разнастайнасць, гарманічная традыц. форма верша. На бел. мову пераклаў паэму «Ануш» А.​Туманяна, «Маабіцкі сшытак» М.​Джаліля (1975, з А.​Пысіным), паасобныя творы Я.​Райніса, С.​Капуцікян, Э.​Межэлайціса і інш. Выступаў як крытык і публіцыст.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1993—94;

Званы нябёс. Мн., 1988.

Літ.:

Бечык В. Водсветы // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968. С 102—106;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 116—117, 167—169;

Кавалёў С. Партрэт шкла. Мн., 1991. С. 107—118.

І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)