ГАЎРЫ́ЛАЎ (Пётр Міхайлавіч) (30.6.1900, в. Альведзіна Пестрачынскага р-на, Татарстан — 26.1.1979),
адзін з кіраўнікоў Брэсцкай крэпасці абароны 1941, Герой Сав. Саюза (1957). З 1918 у Чырв. Арміі. Скончыў камандныя курсы ў Махачкале (1923), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40, устанаўлення сав. улады ў Латвіі. У Вял.Айч. вайну камандзір 44-га палка 42-й стралк. дывізіі маёр Гаўрылаў амаль месяц узначальваў абарону Усх. форта Брэсцкай крэпасці; цяжка паранены трапіў у палон, вызвалены сав. войскамі ў 1945. Да 1946 у Чырв. Арміі. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1958—62. Ганаровы грамадзянін Брэста.