Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАСТАЯ́ННАЯ ПАЛА́ТА МІЖНАРО́ДНАГА ПРАВАСУ́ДДЗЯ,

міжнародны судовы орган пры Лізе Нацый у 1921—40. Вырашала міжнар. спрэчкі, перададзеныя яму бакамі добраахвотна, а таксама паводле дзеючых дагавораў і канвенцый. Знаходзілася ў г. Гаага (Нідэрланды).

т. 12, с. 172

ПАСТАЯ́ННАЯ ПАЛА́ТА ТРАЦЕ́ЙСКАГА СУДА,

міжнародны пастаянны арбітражны орган. Утвораны ў 1899 у г. Гаага (Нідэрланды) на падставе Гаагскай канвенцыі аб мірным вырашэнні міжнар. сутыкненняў. Пастаянны орган суда — Міжнар. бюро, дзейнасцю якога кіруе Пастаянны адм. савет.

т. 12, с. 172

ПАСТАЯ́ННАЯ РА́ДА, Няспынная рада (польск. Rada Nieustająca),

вышэйшы орган дзярж. улады Рэчы Паспалітай у 1775—89, 1793—94. Першы пастаянна дзеючы паміж сесіямі сойма цэнтр. ўрад, створаны на сойме 1773—75 пасля ратыфікацыі ўмоў 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) для замацавання пераважнага ўплыву Рас. імперыі на ўнутр. справы дзяржавы. Функцыі П.р. аформлены Статутам 1775. Складалася з караля, 18 сенатараў і 18 паслоў ад ваяводстваў са шляхты. Членаў П.р. выбіралі на сойме тайным галасаваннем на 2 гады, пасля чаго праводзіліся перавыбары ​1/3 яе складу. Старшынстваваў у радзе кароль (пры яго адсутнасці — прымас), які меў права заканад. ініцыятывы. Падзялялася на дэпартаменты замежных спраў, скарбу, паліцыі, войска, справядлівасці, якія ўзначальваліся сенатарамі. Стварэнне П.р. зафіксавала кампраміс паміж каралём і магнатамі. Кароль мог прызначаць сенатараў і міністраў з 3 кандыдатаў, прапанаваных соймам, страціў права аднаасобна раздаваць староствы, афіцэрскія чыны і прымаць рашэнні па кіраванні арміяй без згоды гетманаў. П.р. атрымала права склікаць звычайныя і надзвычайныя соймы нават без згоды караля, кантраляваць дзярж. скарб без справаздачы перад соймам. Пры падтрымцы Расіі П.р. ўвяла эмфітэтычнае (абмежаванае 50 гадамі) трыманне старостваў, адзінае мыта, вэксальнае права, градацыю падымнага падатку, пераўтварыла панцырныя і гусарскія харугвы ў брыгады нац. кавалерыі, увяла падзел арміі на 6 дывізій, удзельнічала ў заснаванні Адукацыйнай камісіі. На Чатырохгадовым сойме 1788—92 апазіцыя дамаглася 14.1.1789 ліквідацыі П.р. як «сродку замежнага дыктату і пагрозы ўкаранення нязвыклага дынастычнага абсалютызму». Таргавіцкая канфедэрацыя аднавіла П.р. для склікання Гродзенскага сойма 1793 з мэтай ратыфікацыі 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. Сойм абраў П.р. з 24 чал. Мела дэпартаменты скарбу, войска, паліцыі, справядлівасці, адукацыі і замежных спраў, наглядала за парадкавымі цывільна-вайсковымі камісіямі ў ваяводствах і паветах. Праіснавала да стварэння ў час паўстання 1794 Найвышэйшай нацыянальнай рады ў Варшаве і Найвышэйшай літоўскай рады ў Вільні.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 12, с. 172

ПАСТАЯ́ННЫ КАМІТЭ́Т СУСВЕ́ТНАГА КАНГРЭ́СА ПРЫХІ́ЛЬНІКАЎ МІ́РУ,

кіруючы і каардынуючы орган міжнар. Руху прыхільнікаў міру ў 1949—50. У ліст. 1950 заменены на Сусветны Савет Міру.

т. 12, с. 173

ПАСТАЯ́ННЫ КАНГРЭ́С ПРАФСАЮ́ЗНАГА АДЗІ́НСТВА ПРАЦО́ЎНЫХ ЛАЦІ́НСКАЙ АМЕ́РЫКІ,

аўтаномная рэгіянальная прафс. арг-цыя, якая супрацоўнічае з Сусветнай федэрацыяй прафсаюзаў. Засн. ў г. Бразілія (Бразілія) на кангрэсе прадстаўнікоў прафсаюзаў краін Лац. Амерыкі 24—28.1.1964, на якім былі прадстаўлены левыя прафс. цэнтры пераважнай большасці лац.амер. краін, у т. л. Аргенціны, Бразіліі, Мексікі, Перу, Чылі і інш. Замяніў Лацінаамерыканскую канфедэрацыю працоўных. Асн. мэта — каардынацыя намаганняў людзей наёмнай працы лац.амер. краін у барацьбе за паляпшэнне жыццёвых умоў, дэмакратыю, нац. незалежнасць і сац.-эканам. прагрэс у інтарэсах працоўных. Вышэйшы орган — Ген. савет, выканаўчы — Сакратарыят. Штаб-кватэра ў г. Мехіка.

т. 12, с. 173

ПАСТАЯ́ННЫ КАПІТА́Л,

у марксісцкай эканам. тэорыі — частка капіталу, якая прызначана для набыцця сродкаў вытв-сці, сыравіны, матэрыялаў і прадметаў працы. Вызначаецца як пастаянны таму, што не можа прыбавіць да вартасці прадукцыі большай велічыні, чым яго ўласная вартасць, якая вымяраецца колькасцю гадзін арэчаўленай грамадска неабходнай працы.

т. 12, с. 173

ПАСТАЯ́ННЫ ТОК,

электрычны ток, сіла і напрамак якога з часам не зменьваюцца. Існуе ў форме току праводнасці (упарадкаваны рух свабодных электронаў у металах) і току пераносу (перамяшчэнне зараджаных часцінак у электралітах, газах, вакууме). Атрымліваецца выпрамленнем пераменнага току з дапамогай разнастайных выпрамнікаў току. Крыніцамі П.т. з’яўляюцца таксама электрычныя акумулятары, гальванічныя элементы, тэрмаэлектрычныя генератары, генератары П.т. (гл. Пастаяннага току машына), фотаэлементы, магнітагідрадынамічныя генератары, сонечныя батарэі.

Тэарэт. аналіз і разлік ланцугоў П.т. грунтуецца на Ома законе, Кірхгофа правілах і Джоўля—Ленца законе. Першапачаткова на электразабеспячэнне выкарыстоўваўся толькі П.т. Пасля распрацоўкі М.​В.​Даліва-Дабравольскім спосабаў і сродкаў пераўтварэння, перадачы і спажывання трохфазнага току (1891) П.т. у значнай ступені выцеснены пераменным токам. Аднак добрыя эксплуатацыйныя якасці машын П.т. (высокі пускавы момант, магчымасць плаўнага рэгулявання, рэкуперацыі эл. энергіі, высокая перагрузачная здольнасць) абумовілі шырокае выкарыстанне П.т. ў прам-сці (рухавікі і генератары пракатных станаў, металарэзных станкоў, экскаватараў, пад’ёмнікаў і інш.), для эл. цягі (трамвай, тралейбус, электрыфікаваны чыг транспарт). П.т. выкарыстоўваецца таксама ў электраметалургіі, гальванатэхніцы, эл. зварцы, электравымяральнай тэхніцы, для сілкавання радыёўстановак, сродкаў сувязі, аўтаматыкі, тэлемеханікі. Перспектыўны для перадачы электраэнергіі вял. магутнасці на далёкія (да 1000 км і больш) адлегласці (ЛЭП напружаннем да 1500 кВ).

У.​М.​Сацута.

т. 12, с. 173

ПАСТАЯ́НСТВА САСТА́ВУ ЗАКО́Н,

закон, паводле якога кожнае пэўнае злучэнне хімічнае, незалежна ад спосабу яго атрымання, складаецца з адных і тых жа элементаў і суадносіны іх мас пастаянныя. Сфармуляваны ў пач. 19 ст. франц. хімікам Ж.​Прустам. Устанаўленне П.с.з. істотна паўплывала на фарміраванне асноў атамна-малекулярнага вучэння. У пач. 20 ст. М.С.Курнакоў паказаў, што акрамя злучэнняў пэўнага саставу (дальтанідаў) існуюць злучэнні пераменнага саставу (берталіды), якія не падпарадкоўваюцца П.с.з. (напр., металіды). Далейшае развіццё ўяўленняў аб берталідах прывяло да таго, што П.с.з. разглядаецца як асобны выпадак агульных заканамернасцей, што апісваюць састаў хім. злучэнняў (гл. Стэхіяметрыя).

т. 12, с. 173

ПАСТО́ЗНАСЦЬ (ад італьян. pastoso цестападобны) у тэхніцы жывапісу, якасць фарбавага слоя, што ўзнікае ад няроўнага нанясення на грунт густой фарбы-пасты. Атрыманая рэльефная паверхня часта захоўвае тую форму, якую надае ёй пэндзаль або мастыхін, і ўтварае ў найб. пукатых месцах блікі. Выкарыстанне П. дае магчымасць узмацніць эмац. выразнасць твора. найб. пераканаўча перадаць матэрыяльную насычанасць прадметнага асяроддзя, раскрыць пластычныя якасці самой фарбавай масы.

т. 12, с. 173

ПАСТСКРЫ́ПТУМ (лац. post scriptum пасля напісанага),

прыпіска да закончанага пісьма пасля подпісу (абазначаецца літарамі P.S.).

т. 12, с. 173