Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАПЯРО́ЧНАЯ ВУЛКАНІ́ЧНАЯ СЬЕ́РА (Cordillera Neo-Volcánica),

горны хрыбет у Мексіцы, акаймоўвае паўд. край Мексіканскага нагор’я. Даўж. 800 км, шыр. 50—100 км. Расчлянёны скідамі. Частыя землетрасенні. Шмат дзеючых вулканаў: Арысаба (5700 м), Каліма, Папакатэпетль (5452 м), Парыкутын і інш. Вечназялёныя і хваёвыя лясы, на вяршынях — вечныя снягі. Нацыянальныя паркі. Каля падножжа г. Мехіка.

т. 12, с. 75

ПАПЯРО́ЧНАЯ ХВА́ЛЯ,

хваля, што распаўсюджваецца ў напрамку, перпендыкулярным да плоскасці, у якой адбываюцца ваганні часцінак асяроддзя (для мех. хвалі) ці ў якой ляжаць вектары напружанасці эл. і магн. палёў (для электрамагнітнай хвалі).

т. 12, с. 75

ПАПЯРЭ́ДЖАННЕ ў праве,

мера адм. спагнання. Прадугледжана кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адм. правапарушэннях. Выносіцца ў пісьмовай форме органам (службовай асобай), правамоцным разглядаць справы аб адм. правапарушэннях. Пастановы пра накладанне адм. спагнання ў выглядзе П. прыводзіцца ў выкананне органам (службовай асобай), які вынес пастанову, шляхам абвяшчэння яе парушальніку і ў неабходных выпадках даводзяць яе да ведама адміністрацыі або грамадскай арг-цыі па месцы работы, жыхарства або вучобы парушальніка. П. таксама — форма афіц. рэагавання, прадугледжаная Законам аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь, на парушэнні законаў, выяўленыя ў выніку ажыццяўлення агульнага нагляду. У залежнасці ад характару парушэння пракурор папярэджвае адпаведных службовых асоб або грамадзян аб недапушчальнасці парушэння імі патрабаванняў закона.

т. 12, с. 75

ПАПЯРЭ́ДНЕНАПРУ́ЖАНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя канструкцыі, у якіх загадзя (у працэсе вырабу ці мантажу) ствараюцца напружанні, аптымальна размеркаваныя ў элементах канструкцыі. Найб. шырока выкарыстоўваюцца ў жалезабетонных вырабах і канструкцыях, у арматуры якіх ствараюць унутр. напружанне расцяжэння, у бетоне — сціскання. Вызначаюцца высокай шчылінаўстойлівасцю, меншай металаёмістасцю. Высока эфектыўныя з прычыны больш поўнага выкарыстання высокатрывалых матэрыялаў і іх фіз.-мех. уласцівасцей.

т. 12, с. 75

ПАПЯРЭ́ДНЯЕ ЗНЯВО́ЛЕННЕ,

гл. ў арт. Арышт.

т. 12, с. 75

ПАПЯРЭ́ДНЯЕ СЛЕ́ДСТВА,

гл. ў арт. Следства.

т. 12, с. 75

ПАПЯЧЫ́ЦЕЛЬСТВА,

форма абароны асабістых і маёмасных правоў і інтарэсаў грамадзян. Устанаўліваецца над непаўналетнімі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў, а таксама над асобамі, абмежаванымі судом у дзеяздольнасці ў выніку злоўжывання спіртнымі напіткамі, наркатычнымі сродкамі або псіхатропнымі рэчывамі. Рэгуляванне адносін па апецы і П. ажыццяўляецца цывільным і сямейным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. П. ўстанаўліваецца па месцы жыхарства падапечнай асобы або папячыцеля. Органамі апекі і П. з’яўляюцца мясц. выканаўчыя і распарадчыя органы і папячыцель можа прызначацца толькі з іх згоды. Папячыцелі аказваюць падапечным садзеянне ў ажыццяўленні імі сваіх правоў і выкананні абавязкаў, а таксама ахоўваюць іх ад злоўжыванняў з боку інш. асоб. Парадак устанаўлення П., кола правоў і абавязкаў папячыцеляў, рэгламентацыя іх адносін з падапечнымі вызначаюцца заканадаўствам.

М.​І.​Тарасевіч.

т. 12, с. 75