Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАСРАШВІ́ЛІ (Маквала Філімонаўна) (н. 13.3.1942, г. Кутаісі, Грузія),

грузінская і расійская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. Расіі (1975), нар. арт. Грузіі (1980), нар. арт. СССР (1986). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1966). З 1966 салістка Вял. т-ра. Валодае моцным рухомым голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Сярод партый: Таццяна, Ліза, Іаланта («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Дэздэмона, Леанора, Амелія («Атэла», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Наташа Растова, Любка, Паліна («Вайна і мір», «Сямён Катко», «Гулец» С.Пракоф’ева), Тамар («Выкраданне месяца» А.Тактакішвілі). У камерным рэпертуары рамансы С.Рахманінава, Чайкоўскага, М. дэ Фалья. 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў (Манрэаль, 1973). Дзярж. прэмія Грузіі 1983.

т. 8, с. 153

КА́СТА (партуг. casta род, пакаленне ад лац. castus чысты),

1) эндагамная група людзей, аб’яднаных адзінствам спадчынных прафесій, строга абмежаваная ў зносінах з інш. сац. групамі. У старажытнасці прыкметы падзелу грамадства на К. сустракаліся ў Кітаі, Іране, Японіі, Егіпце і інш. У Індыі яны сталі пануючай сілай (у 1940-я г. было каля 3,5 тыс. К. і падкастаў); эканам. і грамадскую дзейнасць членаў К. кантралявалі каставыя саветы (панчаяты); выгнанне з К. ставіла чалавека па-за грамадствам. Паводле Канстытуцыі Індыі (1950) фармальна прызнана раўнапраўе К. Гл. таксама брахманы, варна, «недатыкальныя».

2) У пераносным значэнні К. — замкнёная грамадская групоўка.

т. 8, с. 153

КАСТАГРЫ́З (Алег Данілавіч) (н. 11.8.1960, г. Кабулеты, Грузія),

бел. жывапісец і графік, прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1986). З 1989 выкладае ў Віцебскім ун-це. Яго творам, пераважна на фалькл., міфалагічныя, легендарна-казачныя і анімалістычныя сюжэты, уласцівы філас., часам рамант. скіраванасць, эксперыменты з колерам і фактурай: карціны «Крык пеўня», «Птушка райская Сірын», «Усходняя казка» (усе 1994), «Старая легенда», «Балада», «Час быка», «Шахерызада» (усе 1995), «Выкраданне Еўропы» (1996); афорты «Подых навальніцы» (1993), «Славянская казка» (1995) і інш.

М.Л.Цыбульскі.

т. 8, с. 153

КАСТАЛО́М (Cynoglossum),

род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах, у гарах Паўн. паўшар’я. На Беларусі К. лекавы (C. officinale). Нар. назвы сабачы язык, шалянец. Трапляецца на засмечаных мясцінах, ярах, па берагах рэк.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 35—100 см з цёмным тоўстым верацёнападобным коранем, 2—3 баразнаватымі густааблісцелымі сцёбламі, непрыемным пахам. Лісце суцэльнакрайняе, апушанае. Кветкі паніклыя, бура-чырв., у мяцёлчатым суквецці. Плод — 4-арэшак з кручкаватымі шыпамі. Ядавітыя, лек., меданосныя і дэкар. расліны.

Касталом лекавы.

т. 8, с. 153

КАСТА́ЛЬСКІ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (28.11.1856, Масква — 17.12.1926),

рускі кампазітар, хар. дырыжор, фалькларыст. Вучань П.Чайкоўскага і С.Танеева. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1893). З 1887 выкладчык, з 1910 дырэктар маскоўскага Сінадальнага вучылішча, у 1907—10 рэгент Сінадальнага хору. У 1918—23 кіраўнік нар. харавых акадэмій у Маскве і Петраградзе. З 1922 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Буйнейшы дзеяч рус. хар. культуры. У культавых творах імкнуўся адрадзіць стараж. формы знаменнага спеву, умацаваць сувязі царк. музыкі з сял. песенным мастацтвам. Сярод твораў: оперы «Шэры воўк і Іван-царэвіч» (дзіцячая, 1908), «Клара Міліч» паводле І.Тургенева (паст. 1916); рэквіем «Брацкае памінанне герояў...» (1915); «Сельскія работы ў народных песнях» (4 сшыткі, 1920—22), «Чырвоная Русь», «Песня таварышаў Разіна» для хору і аркестра нар. інструментаў; хары a cappella, апрацоўкі рус. нар. песень; музыка да драм. спектакляў. Аўтар даследаванняў «Асаблівасці народна-рускай музычнай сістэмы» (1923), «Асновы народнага шматгалосся» (1948) і інш.

Літ.:

Мацкевич И.С. А.Д.Кастальский. М., 1969.

т. 8, с. 153

КАСТАМА́РАЎ (Мікалай Іванавіч) (16.5.1817, с. Юрасаўка Альхавацкага р-на Варонежскай вобл., Расія — 19.4.1885),

расійскі і ўкр. гісторык, этнограф, пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1876). Праф. Кіеўскага (1846—47) і Пецярбургскага (1859—62) ун-таў. Магістр філалогіі (1844). Скончыў Харкаўскі ун-т (1836). Адзін з арганізатараў і чл. Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства (1846—47), выступаў за стварэнне федэрацыі слав. народаў (са значнай аўтаноміяй для кожнага) пад кіраўніцтвам Расіі; за ўдзел у дзейнасці т-ва арыштаваны і сасланы ў Саратаў (1848—56). Адзін з заснавальнікаў і супрацоўнікаў укр. час. «Основа» (1861—62). Складальнік-рэдактар Актаў Паўднёвай і Заходняй Расіі, чл. Археаграфічнай камісіі. Даследаваў гісторыю і гіст. асаблівасці рус. і ўкр. народаў пераважна праз іх побыт, нац. псіхалогію, фальклор (этнагр. падыход). Аўтар прац «Аб прычынах і характары уніі ў Заходняй Расіі» (1841, забаронена і знішчана ўладамі), «Барацьба ўкраінскіх казакоў з Польшчай у першую палову XVII ст.» (1856), «Багдан Хмяльніцкі і вяртанне Паўднёвай Русі да Расіі» (1857), «Бунт Сценькі Разіна» (1858), «Апошнія гады Рэчы Паспалітай» (1869), гіст.-біягр. партрэтаў гіст. дзеячаў Расіі і Рэчы Паспалітай 16—18 ст., драмы на ўкр. мове «Сава Чалы» (1838), гіст. рамана «Кудзяяр» (1875) і інш.

Тв.:

Исторические монографии и исследования. Т. 1—2. М., 1990;

Русская история в жизнеописаииях ее главнейших деятелей. Кн. 1—3, вып. 1—7. М., 1990—92;

Мазепа. М., 1992;

Старый спор: Последние годы Речи Посполитой. М., 1994.

т. 8, с. 153

КАСТА́НДЗІ (Кірыяк Канстанцінавіч) (3.10.1852, Адэса, Украіна — 31.10.1921),

украінскі жывапісец. Скончыў Пецярбургскую АМ (1882). З 1907 яе акадэмік. Член-заснавальнік Т-ва паўд.-рус. мастакоў (1890; у 1902—19 старшыня), член Т-ва перасоўных маст. выставак (з 1897). З 1885 выкладаў у Адэскім маст. вучылішчы (сярод вучняў І.Бродскі, М.Грэкаў, А.Шаўкуненка і інш.). Пісаў жанравыя карціны, пейзажы, партрэты: «У хворага сябра» (1884), «У людзі» (1885), «Ранняя вясна» (1890), «Старыя» (1891), «Змрок» (1897), «На тэрасе» (1899), «З птушынага палёту» (1907), «Галкі» (1915) і інш.

К.Кастандзі. Ранняя вясна. 1890.

т. 8, с. 153

КАСТАНЫ́НА ((Castagnino) Хуан Карлас) (18.11.1908, г. Мар-дэль-Плата, Аргенціна — 21.4.1972),

аргенцінскі мастак; прадстаўнік аргенцінскага «новага рэалізму». Вучыўся ў Вышэйшай нац. маст. школе ў Буэнас-Айрэсе (1929—34). У 1938—40 працаваў у Італіі, Францыі, Іспаніі. Майстар манум. жывапісу, станковай карціны і графікі. Сярод твораў: «Жанчына з Пармы» (1944), «Чалавек з ракі» (1948), «Селянін» (1951); размалёўкі «Чалавек — Космас — Надзея» (1959) у «Парыжскай галерэі», «Вуліца прачынаецца» (1961) у галерэі «Абеліск» у Буэнас-Айрэсе і інш.

т. 8, с. 154

КАСТАНЬЕ́ТЫ (ісп. castanetas ад лац. castanea каштан),

ударны муз. інструмент. Найб. пашыраны ў Іспаніі, а таксама ў Паўд. Італіі і краінах Лац. Амерыкі. Складаюцца з 2 пар (бо́льшая для левай рукі) драўляных ці пластмасавых пласцінак у форме ракавін, змацаваных папарна шнурком, пад які прасоўваюць вял. палец так, каб К. злучаліся асновамі, а канцы іх крыху разыходзіліся. Гук атрымліваюць ударамі ракавін адна аб адну з дапамогай інш. пальцаў. Правай рукой выконваюць рытмічны малюнак, левай — яго апорныя долі. Выкарыстоўваюць К. для суправаджэння танцаў. У еўрап. сімф. аркестрах выкарыстоўваюць аркестравыя К., замацаваныя папарна на канцах спец. дзяржання, пры лёгкім патрэсванні якога здабываецца гук.

т. 8, с. 153

КАСТА́НЬЁ [Castagno; дакладней Андрэа дэль Кастаньё (Andrea del Castagno; 1417 або 1419, Кастаньё, каля г. Фларэнцыя, Італія — 19.8.1457],

італьянскі жывапісец Ранняга Адраджэння; прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мазачыо, Данатэла, П.Учэла. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, таксама ў Венецыі (1442), магчыма, Рыме (1454). Творчасці ўласцівы майстэрскае валоданне малюнкам, энергічная пластычная мадэліроўка форм, напружаная выразнасць поз і ракурсаў, якая часта надае яго творам драм. вастрыню, грубавата-выразная прастата і мужнасць вобразаў: фрэскі ў капэле Сан-Таразіо царквы Сан-Дзакарыя ў Венецыі (1442, з Франчэска да Фаэнцам), «Укрыжаванне з перадстаячымі» ў царкве Санта-Марыя дэльі Анджэлі (каля 1443), «Аплакванне Хрыста», «Тайная вячэра», «Укрыжаванне», «Палажэнне ў труну», «Уваскрэсенне», «Партрэты 9 знакамітых людзей» (Дантэ, Дж.Бакачыо, Петраркі і інш.; усе паміж 1445—57, цяпер у манастыры Сант-Апалонія, пераўтвораным у музей К.) у Фларэнцыі, «Вядомые людзі» (каля 1450—51, з вілы Кардучы ў Леньяйі), партрэт мужчыны (каля 1455) і інш.

Андрэа дэль Кастаньё Сівіла Кумская. Фрэска цыкла «Вядомыя людзі» з вілы Кардучы ў Леньяйі. Фрагмент. Каля 1450—51.

т. 8, с. 153