КАСТА́ЛЬСКІ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (28.11.1856, Масква — 17.12.1926),
рускі кампазітар, хар. дырыжор, фалькларыст. Вучань П.Чайкоўскага і С.Танеева. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1893). З 1887 выкладчык, з 1910 дырэктар маскоўскага Сінадальнага вучылішча, у 1907—10 рэгент Сінадальнага хору. У 1918—23 кіраўнік нар. харавых акадэмій у Маскве і Петраградзе. З 1922 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Буйнейшы дзеяч рус. хар. культуры. У культавых творах імкнуўся адрадзіць стараж. формы знаменнага спеву, умацаваць сувязі царк. музыкі з сял. песенным мастацтвам. Сярод твораў: оперы «Шэры воўк і Іван-царэвіч» (дзіцячая, 1908), «Клара Міліч» паводле І.Тургенева (паст. 1916); рэквіем «Брацкае памінанне герояў...» (1915); «Сельскія работы ў народных песнях» (4 сшыткі, 1920—22), «Чырвоная Русь», «Песня таварышаў Разіна» для хору і аркестра нар. інструментаў; хары a cappella, апрацоўкі рус. нар. песень; музыка да драм. спектакляў. Аўтар даследаванняў «Асаблівасці народна-рускай музычнай сістэмы» (1923), «Асновы народнага шматгалосся» (1948) і інш.
Літ.:
Мацкевич И.С. А.Д.Кастальский. М., 1969.
т. 8, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)