ПА́НЧА ШЫ́ЛА,
гл. Пяць прынцыпаў мірнага суіснавання.
т. 12, с. 56
ПА́НШЧЫНА, адработачная рэнта,
разнастайная дармавая прымусовая праца феад.-залежных сялян з уласнымі прыладамі працы ў гаспадарцы феадала; форма зямельнай рэнты. Неабходнасць прымусу сялян да П. абумовіла ўзнікненне і развіццё прыгоннага права. У Зах. Еўропе П. пашырылася з 8—9 ст., з 12—13 ст. выцяснялася аброкам і да 14—16 ст. знікла. У краінах Усх. і Цэнтр. Еўропы асабліва пашырылася і стала асновай прадпрымальніцкай дваранскай гаспадаркі ў 16—17 ст. Паступова скасоўвалася тут з 2-й пал. 18 ст. На стараж. рус. землях П. складвалася з часоў Кіеўскай Русі. У Еўрап. Расіі яна значна пашырылася ў 15—16 ст., у 17—1-й пал. 18 ст. разам з натуральным аброкам была асн. формай феад. эксплуатацыі прыгонных сялян, з 2-й пал. 18 ст. пераважала сярод іх павіннасцей ў паўд. чарназёмных губернях Расіі, у Прыбалтыцы, на Беларусі і Украіне. Працягласць П. юрыдычна не была абмежавана і дасягала 4—6 дзён у тыдзень. Указ Паўла I ад 1797 толькі рэкамендаваў памешчыкам скараціць яе да 3 дзён. Пасля адмены ў Расіі прыгоннага права (1861) П. фактычна захавалася пад назвай «здольшчыннай павіннасці» часоваабавязаных сялян да 1882, калі была юрыдычна скасавана, у форме адработак існавала да 1917.
На Беларусі вядома з 14 ст. з канчатковым усталяваннем феад. уласнасці на зямлю. Па шырылася ў 15—16 ст., калі склалася фальварковая сістэма (гл. Фальварак), якая прывяла да масавага запрыгоньвання сялян. Паводле «Уставы на валокі» 1557 (гл. таксама Валочная памера) за карыстанне валокай зямлі цяглыя сяляне павінны былі працаваць на П. 2 дні ў тыдзень, выконваць інш. феад. павіннасці (талокі, згоны); агароднікі за надзел абавязаны былі працаваць на П. 1 дзень у тыдзень. У 18 ст. П. складала 4—7 рабочых дзён у тыдзень з 0,5 цяглай валокі. На Беларусі пад уплывам паўстання 1863—64 скасавана ў 1864.
т. 12, с. 57
ПАНЫ́,
1) прадстаўнікі вышэйшых пластоў феадалаў у Чэхіі і Польшчы ў 13—14 ст. Лац. адпаведнік у афіц. граматах — «barones». У 14—15 ст. у Польшчы тэрмін «П.» ўсё больш замяняўся тэрмінам «можнаўладцы» або «магнаты».
2) У ВКЛ у 15—16 ст., у час юрыд. афармлення шляхецкага саслоўя, другая пасля князёў група феадалаў, нашчадкі знатных і заможных баяр, якія мелі буйныя маёнткі. Землі належалі П. паводле вотчыннага права («з поўным правам і панствам»). У дакументах 16 ст. згаданы розныя групы П.: П. радныя (паны-рада) — найб. буйныя свецкія і духоўныя землеўласнікі, якія адпаведна сваім дзярж. пасадам засядалі ў Радзе ВКЛ; П. (панове) харугоўныя — буйныя землеўласнікі, якія выходзілі на вайну не ў складзе павятовай шляхты, асобна са сваімі атрадамі васалаў; проста П. (паняты) — заможныя землеўласнікі, якія ў войску выступалі асобнай харугвай. У 2-й пал. 16 ст. паны-рада і князі (княжаты) складалі вышэйшую групу феадалаў ВКЛ — магнатаў. Астатнія П. зліліся з асн. масай шляхецкага саслоўя, якое стала юрыдычна аднастайным. Словам «пан» пры прозвішчы ці імю пачалі называць не толькі шляхціцаў-землеўласнікаў, але і ўсіх прадстаўнікоў шляхецтва. Паступова гэта слова набыло значэнне, адпаведнае рус. слову «господин» — спачатку толькі як абазначэнне гаспадара, валадара, а пазней і як ветлівы зварот да мужчын, незалежна ад іх паходжання і сац. становішча. У апошнім значэнні слова «пан» пры прозвішчы шырока ўжываецца ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Літве і на Украіне. Для Беларусі больш характэрна слова «спадар».
Літ.:
Грицкевич А.П. Формирование феодального сословия в Великом княжестве Литовском и его правовые основы (XV—XVI) // Первый Литовский Статут 1529 г. Вильнюс, 1982.
А.П.Грыцкевіч.
т. 12, с. 57
ПАНЫ́-РА́ДА,
гл. Рада Вялікага княства Літоўскага.
т. 12, с. 57
ПАНЬГУ́,
у старажытнакітайскай міфалогіі першапродак, першы чалавек на зямлі. Паводле касмаганічных міфаў, П. нарадзіўся, калі сусвет нагадваў змесціва курынага яйка. П. вырастаў 18 тыс. гадоў, і за гэты час светлы пачатак (ян) утварыў неба, а мутны (інь) — зямлю (гл. Інь і ян). Паводле інш. міфаў, смерць П. і часткі яго цела далі пачатак канкрэтным касм. з’явам і элементам рэльефу — ветру, аблокам, грому, сонцу, зоркам, глебе, гарам, рэкам і інш., а з паразітаў, што жылі ў яго тулаве, нарадзіліся людзі.
т. 12, с. 57
ПАНЬКО́ (Сяргей Уладзіміравіч) (н. 29.9.1962, г. Камянец Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне хірургіі і фармакалогіі. Д-р мед. н. (1997). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1985). З 1993 у Віцебскім філіяле н.-д. клінічнага Ін-та радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі (з 1999 дырэктар). Навук. працы па хірургіі, трансплантацыі органаў і тканак з выкарыстаннем пралангаваных прэпаратаў, тэхналогіях атрымання дэпоформ імунасупрэсантаў, цытастатыкаў і антыбіётыкаў, новых біятэхналогіях вытв-сці дыягнастычных прэпаратаў.
Тв.:
Протезирование трахеи. Витебск, 1995 (у сааўт.);
Эндопротезирование дыхательных путей (у сааўт.) // Здравоохранение. 1998. № 11.
т. 12, с. 57
ПАНЬКО́Ў (Мікола) (12.6.1911, г. Люцын, цяпер г. Лудза, Латвія — 7.1.1995),
грамадскі і культ. дзеяч бел. эміграцыі, журналіст, бібліёграф. Вучыўся ў Дзвінскай дзярж. бел. гімназіі. За сувязь з бел. эсэрамі ў Латгаліі ў 1926 асуджаны латв. ўладамі на 5 гадоў турмы. Пасля вызвалення займаўся пераважна журналістыкай, у т. л. выдаваў у Дзвінску (Даўгаўпілсе) бел. вучнёўскі час. «Школьная праца». У час акупацыі Беларусі ням.-фаш. войскамі працаваў інструктарам на чыгунцы. З 1944 у Германіі, дзе арганізаваў і ўзначальваў Бел. дапамогавы к-т (1945?, заснаваў разам з С.Каўшом і В.Тумашам), Бел. бібліягр. службу (снеж. 1946, лагер для перамешчаных асоб у г. Ольдэнбург). З 1948 чл. Рады БНР у эміграцыі. У 1949—50 рэдагаваў час. «Баявая ўскалось». З чэрв. 1951 жыў у Нью-Йорку (ЗША). З вер. 1952 адзін з кіраўнікоў Саюза бел. журналістаў у ЗША. Уваходзіў у Крывіцкае (беларускае) навуковае таварыства. Адзін з заснавальнікаў (1955) і сакратар Гал. управы К-та незалежнай Беларусі. Укладальнік «Паказьніка беларускіх выданьняў на чужыне за 1945—50 гг.» (Нью-Йорк, 1952), рукапісных даведнікаў («Хто ёсць хто на эміграцыі», «Беларуская прэса на эміграцыі» і інш.) і «Слоўніка замежных словаў беларускай мовы».
А.С.Ляднёва.
т. 12, с. 57
ПА́НЬШЫНА (Ірына Мікалаеўна) (н. 25.4.1929, г. Усцюжна Валагодскай вобл., Расія),
бел. мастацтвазнавец. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1995). Скончыла Ленінградскі ун-т (1952). З 1952 працавала ў Рус. музеі (Ленінград). З 1959 у Нац. маст. музеі Беларусі (з 1961 нам. дырэктара). Адначасова ў 1962—69 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це. Даследуе праблемы бел., рус., зах.-еўрап. мастацтва. Аўтар кніг «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» (1975), «Час у вобразах і фарбах» (1980), альбомаў «Мастацтва Савецкай Беларусі» (1968), «Музей беларускага народнага мастацтва» (1983), «Дзяржаўны мастацкі музей БССР: Збор жывапісу XV—XX стст.» (1989), «Іван Хруцкі» (1990, абодва ў сааўт.), каталога «Рускія лакі: Лакавая мініяцюра ў зборы Дзяржаўнага мастацкага музея БССР» (1973), артыкулаў па дэкар.-прыкладным мастацтве і інш. Стварыла экспазіцыі філіялаў Нац. маст. музея Беларусі «Мемарыяльны музей З.Азгура», «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва Беларусі 1-й палавіны 19 ст.» (абодва 2000, Мінск).
т. 12, с. 57