Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАНЦЕЛЯЙМО́Н (свецкае Ражноўскі Павел Стафанавіч; 21.10.1867, г. Кастрама, Расія —30.12.1950),

мітрапаліт, царк. дзеяч Беларусі. Скончыў духоўныя курсы пры Казанскай духоўнай акадэміі. У 1897 прыняў манаства. Настаяцель Маркава манастыра ў Віцебску (1906—13), вікарны епіскап дзвінскі (1913—20), епіскап пінскі (1920—22). З-за нязгоды з царк. палітыкай польскіх улад, пазбаўлены кафедры і знаходзіўся пад наглядам у розных манастырах Польшчы. У 1939—40 патрыяршы экзарх Заходніх Беларусі і Украіны, у 1940—41 архіепіскап гродзенскі. У 1941—44 ва ўмовах ням.-фаш. акупацыі мітрапаліт мінскі і ўсяе Беларусі. У ліп. 1944 эмігрыраваў у Германію. У 1946 разам з большасцю бел. епіскапаў, якія эмігрыравалі, перайшоў пад юрысдыкцыю Рус. праваслаўнай царквы ў замежжы. Пахаваны на могілках у прыгарадзе Мюнхена. У 1987 перапахаваны на рус. гіст. могілках каля г. Вісбадэн.

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;

Мюнхен, 1999.

Г.​М.​Шэйкін.

т. 12, с. 54

ПА́НЦЫР (ням. Panzer ад стараж,франц. pancier ад лац. pantex жывот),

засцерагальны даспех стараж. і сярэдневяковага воіна для аховы тулава. Выраблялі пераважна з метал. кольцаў ці пласцін таўшч. 0,5—2 мм разнастайнай формы, якія нашывалі на скураны або тканы кафтан. П. называлі таксама кальчугі, выкананыя кальчужнай пляцёнкай, камбінацыяй кальчужнага палатна са стальнымі пласцінамі. П. вынайдзены ў бронзавым веку асірыйцамі, якія рабілі доўгае да шчыкалатак адзенне з кароткімі рукавамі і нашытымі па ўсёй паверхні бронзавымі лускамі. Такімі -П. карысталіся ў стараж. Егіпце, Грэцыі і сярэдневяковай Еўропе. На Беларусі лускаватыя П. вядомы з часоў Кіеўскай Русі і наз. «бронямі». У 11 ст. паявілася лускаватая «браня». У 14 ст. наз. даспехамі, а з 15 ст. — П. Фрагменты П. знойдзены пры раскопках гарадзішча Хотамель, у Гродзенскім замку, у Мінску, Навагрудку, Гомелі, каля Нясвіжа. З удасканаленнем агнястрэльнай зброі П. паступова страцілі сваё значэнне і ў 18 ст. зніклі зусім.

т. 12, с. 54

ПА́НЦЫР, у біялогіі (лац. lorica),

у некаторых груп жывёл — цвёрдае ахоўнае ўтварэнне, якое поўнасцю або часткова ўкрывае цела. У беспазваночных узнікае з патоўшчанага хіцінавага покрыва або з вапнавых пласцінак (напр., у некат. ігласкурых, насякомых, ракападобных і інш.). Сярод пазваночных П. маюць прадстаўнікі ўсіх класаў, акрамя птушак (найб. развіты ў кракадзілаў, чарапах, браняносцаў, пангалінаў). Асаблівае развіццё адзначана ў выкапнёвых бяссківічных. У раслін П. — трывалае вонкавае покрыва некат. аднаклетачных водарасцей.

т. 12, с. 54

ПАНЦЫРНАГАЛО́ВЫЯ,

выкапнёвыя земнаводныя, гл. Стэгацэфалы.

т. 12, с. 54

ПА́НЦЫРНЫЯ БАЯ́РЫ, панцырныя паны—баяры,

ваеннаслужылыя людзі ў ВКЛ у 1-й пал. 15—18 ст. Рэкрутаваліся з зямян, сельскіх мяшчан і вольных людзей, якія атрымлівалі ад вял. князя за службу зямлю (у асноўным на Віцебскім, Полацкім і Смаленскім памежжы). На ўмовах бясплатнага карыстання зямлёй і інш. правамі неслі вайсковую службу (памежную варту), падпарадкоўваліся ўраду мясц. замка. Мелі прывілеі: судзіць іх мог толькі суд; захоўвалі маёнткі, падараваныя папярэднімі каралямі; забаранялася браць у П.б. падводы, коней і выкарыстоўваць на інш. службе, акрамя ваеннай; дазвалялася займацца рамёствамі, промысламі і гандлем нароўні з купцамі і мяшчанамі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Сенат Рас. імперыі ў 1780 залічыў П.б. у разрад сялян дварцовай канцылярыі і пакінуў за імі ўсе землі і льготы казакоў.

М.​А.​Ткачоў.

т. 12, с. 54

ПА́НЦЫРНЫЯ ДЫНАЗА́ЎРЫ,

гл. Анкілазаўры.

т. 12, с. 54

панцырныя жгуціканосцы

т. 12, с. 54

панцырныя кляшчы

т. 12, с. 55

панцырныя малюскі

т. 12, с. 55

панцырныя рыбы

т. 12, с. 55