БЯЛЬМО́НТЫ,
Двор Альгердаўшчына, былы маёнтак у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Вядомы з 1748 як уладанне Гільзенаў, пры іх атрымалі сваю назву (ад франц. belmont прыгожая гара). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў Бяльмонтах створаны палацава-паркавы ансамбль, які ўключаў 2-павярховы мураваны палац (меў 33 пакоі), вял. круглую парадную залу, дамашнюю капліцу. У 1768 пабудаваны філіяльны касцёл Ісуса Хрыста. У 19 ст. пры Манузі і Плятэрах Бяльмонты сталі буйным цэнтрам культ. жыцця Браслаўшчыны. Тут прайшло дзяцінства мастака Я.Траяноўскага, у Бяльмонтах бывалі Н.Орда, дзекабрысты М.С.Лунін, А.В.Поджыа і інш.; існавалі багатыя музейная калекцыя і бібліятэка (у 1-ю сусв. вайну вывезена ў Петраград), парафіяльная школа (у 1804 было 30 вучняў), з 1857 дзейнічаў бровар. У 1-ю сусв. вайну палац Плятэраў разбураны. З 1976 Бяльмонты ўвайшлі ў склад в. Ахрэмаўцы.
К.С.Шыдлоўскі.
т. 3, с. 404
БЯЛЮ́К
(Anthericum),
род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічнай Афрыцы і на Мадагаскары, таксама ў субтропіках і ва ўмераных абласцях Еўропы і Амерыкі. На Беларусі трапляецца бялюк галінасты (А. ramosum), што расце ў хваёвых і мяшаных лясах, дубровах, на ўзлесках і ў хмызняках на паўн.-ўсх. мяжы арэала. Як інтрадукаваны вырошчваецца бялюк лілейны (А. liliago).
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным слабагалінастым сцяблом і кароткім карэнішчам. Лісце прыкаранёвае, вузкалінейнае, жалабатае. Кветкі белыя ў мяцёлках ці гронках. Плод — скурастая шарападобная каробачка. Лек. і дэкар. расліны.
т. 3, с. 404
БЯЛЯ́ВІН Евель Самуілавіч
(3.5.1920, г. Барысаў — 10.9.1972),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Мінскі аэраклуб (1937), ваен. школу лётчыкаў (1939). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Закаўказскім, Сцяпным, 2-м і 1-м Укр. франтах: камандзір авіязвяна, эскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў. Зрабіў каля 300 баявых вылетаў. Да 1972 у Сав. Арміі.
т. 3, с. 404
БЯЛЯЕ́ВА Людміла Міхайлаўна
(н. 20.6.1948, г.п. Узда Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1990), праф. (1993). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1972). З 1979 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па праблемах дзіцячай кардыярэўматалогіі.
Тв.:
Основы кардиологии детского возраста: Справ. Мн., 1991 (у сааўт.).
т. 3, с. 404
БЯЛЯ́ЕЎ Аляксандр Раманавіч
(16.3.1884, Смаленск — 6.1.1942),
рускі пісьменнік. Адзін з пачынальнікаў навук.-фантастычнага жанру ў рус. л-ры. Аўтар раманаў (больш за 50), у якіх — праблемы навукі і тэхнікі будучага, асваення Сусвету і міжпланетных палётаў, біялогіі, медыцыны і фізікі («Галава прафесара Доўэля», 1925; «Чалавек-амфібія», «Барацьба ў эфіры», абодва 1928; «Скачок у нішто», 1933, «Зорка КЭЦ», 1936, «Пад небам Арктыкі», 1938; «Арыэль», 1941; «Калі патухне святло», апубл. 1960, і інш.). У яго творах — сац. вастрыня, спалучэнне навуковасці, займальнасці і гумару.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—5. Л., 1983—85.
Літ.:
Ляпунов Б. А.Беляев: Критикобиогр. очерк. М., 1967.
С.Ф.Кузьміна.
т. 3, с. 404
БЯЛЯ́ЕЎ Васіль Іванавіч
(н. 3.1.1926, Мінск),
бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Д-р тэхн. н. (1970), праф. (1972). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1948). З 1951 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па мех. і тэхнал. уласцівасцях металаў, па кантактным узаемадзеянні металаў і сплаваў.
Тв.:
Высокоскоростная деформация металлов. Мн., 1976 (у сааўт.);
Диаграмма состояния железоуглеродистых сплавов. Мн., 1992.
т. 3, с. 404
БЯЛЯ́ЕЎ Віктар Міхайлавіч
(6.2.1888, г. Ніжнеўральск — 16.2.1968),
рускі музыказнавец, фалькларыст. Д-р мастацтвазнаўства (1944), праф. (1919). Скончыў Петраградскую кансерваторыю (1914). Працы па сав. і зарубежнай музыцы, старарус. муз. пісьменнасці. Распрацоўваў тэарэт. праблемы муз. фальклору народаў СССР і зарубежных краін, стварыў першыя сістэматызацыі муз. інструментарыя рус., бел. і інш. народаў. Аўтар манаграфіі па муз. фальклоры беларусаў «Беларуская народная музыка» (1941). Падрыхтаваў і выдаў шэраг зборнікаў нар. песень.
Тв.:
Пауль Хиндемит. Л., 1927;
Афганская народная музыка. М., 1960;
Очерки по истории музыки народов СССР. Вып. 1—2. М., 1962—63;
Персидские теснифы. М., 1964;
О музыкальном фольклоре и древней письменности. М., 1971.
Літ.:
В.М. Беляев, 1888—1968. М., 1990.
т. 3, с. 404
БЯЛЯ́ЕЎ Дзмітрый Канстанцінавіч
(17.7.1917, с. Пратасава Кастрамской вобл., Расія — 1985),
савецкі біёлаг. Акад. АН СССР (1972, чл.-кар. 1964). Скончыў Іванаўскі с.-г. ін-т (1938). У 1939—41 і 1946—58 у НДІ пушной зверагадоўлі (Масква), з 1959 дырэктар Ін-та цыталогіі і генетыкі Сібірскага аддзялення АН СССР. Навук. працы па агульнай біялогіі, генетыцы і селекцыі жывёл, тэорыі эвалюцыі, па ўздзеянні фіз. фактараў і прыручэнні дзікіх жывёл на іх рэпрадуктыўную функцыю, праблемах фотаперыядызму пры рэгуляцыі размнажэння і пладавітасці млекакормячых.
т. 3, с. 404
БЯЛЯ́ЕЎ Іван Дзмітрыевіч
(1810, Масква — 1.12.1873),
рускі гісторык, славянафіл. З 1852 праф. Маскоўскага ун-та, сакратар Маскоўскага таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх. Працы па гісторыі рус. сялянства, права, ваен. справы, летапісання. Даследаваў пытанні гісторыі Беларусі да 16 ст. У «Гісторыі Полацка ці Паўночна-Заходняй Русі...» (1872), прааналізаваў сац. і нац. склад насельніцтва, гісторыю царквы, адміністрацыі Кіеўскай Русі і ВКЛ. Першы з рус. гісторыкаў даў этнагр. апісанне беларусаў, якіх называў крывічамі. Сабраў калекцыю стараж.-рус. рукапісаў.
Тв.:
Очерк истории Северо-Западного края России. Вильна, 1876;
Крестьяне на Руси. М., 1860.
т. 3, с. 404