Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАНО́РЫ (сербскахарвацкае),

натуральныя адтуліны (шчыліна, калодзеж, канал) на паверхні закарставанага масіву (на дне карставай варонкі, западзіны і інш.). Паглынаюць і адводзяць на глыбіню дажджавую, талую снегавую і рачную ваду.

т. 12, с. 49

ПАНО́Ў (Міхаіл Фёдаравіч) (21.11.1901, в. Аўчыннікава Пскоўскай вобл., Расія — 8.5.1979),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), ген.-лейт. танк. войск (1945). Скончыў Ваен. акадэмію механізацыі і матарызацыі (1938), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1919. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Сталінградскім, Паўд., Бранскім, Бел., 1-м і 2-м Бел. франтах: нам. камандуючага арміяй, камандзір 1-га гвардз. танк. корпуса. Удзельнік Гомельска-Рэчыцкай, Калінкавіцка-Мазырскай, Бел., Нараўлянскай, Усх.-Прускай аперацый, вызвалення Бабруйска, Мінска. Да 1967 у Сав. Арміі. Чл. ЦК КПБ у 1956—59. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1951—59. Ганаровы грамадзянін г. Калінкавічы і Мар’іна Горка.

т. 12, с. 49

ПАНО́ФСКІ ((Panofsky) Вольфганг Курт Герман) (н. 24.4.1919, Берлін),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1954), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1962). Замежны член Рас. АН (1988). З 1934 у ЗША. Скончыў Прынстанскі ун-т (1938). З 1951 праф. Стэнфардскага ун-та (з 1953 дырэктар Лабараторыі фізікі высокіх энергій, у 1961—84 дырэктар лінейнага паскаральнага цэнтра). Навук. працы па ядз. фізіцы, паскаральнай тэхніцы, фізіцы элементарных часціц. Вызначыў спін і цотнасць пі-мезона (1950—52, разам з Дж.​Штэйнбергерам), назіраў нараджэнне мю-мезонных пар фатонамі (1956). Развіў метад сустрэчных пучкоў. Пад кіраўніцтвам П. ў 1966 запушчаны буйнейшы (на 22 ГэВ) Стэнфардскі лінейны паскаральнік электронаў. Прэмія імя Э.​Фермі 1978.

Тв.:

Рус. пер. — Классическая электродинамика. М., 1963 (разам з М.​Філіпсам).

М.​М.​Касцюковіч.

В.Панофскі.

т. 12, с. 49

ПАНПСІХІ́ЗМ (ад пан... + psychē душа),

вучэнне пра ўсеагульную адушаўлёнасць прыроды. Гіст. формы П. ад недыферэнцыраванага анімізму першабытных вераванняў і гілазаізму стараж.грэч. натурфіласофіі да развітых вучэнняў пра душу і псіхічную рэчаіснасць як сапраўдную і адзіную сутнасць свету (канцэпцыя манады Лейбніца, філас. ідэі ням. псіхафізіка 19 ст. Г.​Т.​Фехнера, вучэнне псіхолага К.Г.Юнга і інш.).

т. 12, с. 49

ПА́НСА ((Panso) Вальдэмар) (30.11.1920, Талін — 27.12.1977),

эстонскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Эстоніі (1968). Нар. арт. СССР (1977). Канд. мастацтвазнаўства (1964). Скончыў Талінскае вучылішча сцэн. мастацтва (1941), Дзярж. ін-т кінематаграфіі (1955). У 1941—50, 1955—58, 1964—65 у Эст. т-ры імя В.​Кінгісепа, з 1970 яго гал. рэжысёр. Ініцыятар стварэння і гал. рэжысёр (1965—70) Эстр. маладзёжнага т-ра (Талін). Адначасова з 1957 выкладаў у Талінскай кансерваторыі. Рэжысёрскаму мастацтву характэрны вастрыня сцэн. формы, наватарскае рашэнне стылю і жанру спектакля. Сярод пастановак: «Каралю холадна» (1955), «Чалавек і Бог» (1962), «Чалавек і чалавек» (1972) А.​Тамсаарэ, «Атлантычны акіян» (1956), «Дзікі капітан» (1964, 1966) Ю.​Смуула, «Няўлоўны цуд» Э. Вільдэ, «Пан Пунціла і яго слуга Маці» Б.​Брэхта (1958), «Назад да Мафусаіла» Б.​Шоу (1965), «Гамлет» (1966), «Рычард III» (1975) У.​Шэкспіра, «Будаўнік Сольнес» Г.​Ібсена (1974). Выканаў ролі Важака («Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага), Пабеданосікава («Лазня» У.​Маякоўскага) і інш. Здымаўся ў кіно. Аўтар кніг. Дзярж. прэмія Эстоніі 1965.

Тв.:

Рус. пер. — Труд и талант в творчестве актера. М., 1972;

Удивительный человек. М., 1972.

Р.​І.​Баравік.

т. 12, с. 49

ПАНСЕ́ВІЧ-КАЛЯДА́ (Васіль Іванавіч) (22.9.1901, в. Пагор’е Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 12.1.1989),

бел. хімік-арганік. Д-р хім. н. (1966), праф. (1967). Засл. дз. нав. Беларусі (1968). Скончыў БДУ (1935). У 1936—84 у БПІ (у 1955—80 заг. кафедры), адначасова ў 1947—55 у Ін-це хіміі АН Беларусі (заг. лабараторыі). Навук. працы па даследаванні будовы і рэакцыйнай здольнасці эпаксідных злучэнняў. Распрацаваў метады сінтэзу злучэнняў спіранавай структуры.

Тв.:

Органические соединения и введение в химию полимеров. Ч. 1—2. Мн., 1978—80 (разам з І.​А.​Шнып).

т. 12, с. 49

ПАНСІЁН (франц. pension ад лац. pensio плацеж, узнос),

1) закрытая навуч.-выхаваўчая ўстанова, у якой выхаванцы знаходзяцца на поўным утрыманні.

П. ўзніклі ў 6—8 ст. у краінах Зах. Еўропы (Германія, Англія) пры духоўных і свецкіх прыдворных школах. У Расіі пашырыліся ў 18—19 ст., адкрываліся пераважна іншаземцамі як прыватныя школы. Ствараліся і дзярж. П. (Шляхетны П. пры Маск. ун-це; сіроцкія П.). У некат. зах. краінах ёсць і цяпер; звычайна належаць царкве або прыватным асобам.

Утрыманне жыльца з поўным абслугоўваннем.

3) Тое, што і пансіянат.

т. 12, с. 49

ПАНСІЯНА́Т,

установа (гасцініца або дом адпачынку) у курортнай мясцовасці для індывід. ці сямейнага адпачынку. Знаходзіцца ў распараджэнні ведамстваў, арг-цый, прадпрыемстваў, курортных аб’яднанняў. Мае спальныя памяшканні, кухню са сталовай, памяшканні культ.-масавага абслугоўвання, спарт. пляцоўкі. Адрозніваюць П. адпачынку і П. з лячэннем. П. адпачынку мае таксама мед. пункт (звычайна з фізіятэрапеўт. і зубаўрачэбным кабінетамі). У іх могуць адпачываць сем’і з дзецьмі пасля 4 гадоў (ёсць урачы-педыятры, выхавальнікі, дзіцячыя спарт. пляцоўкі і пакоі гульняў). П. з лячэннем звычайна размешчаны паблізу курортных мед. устаноў (санаторыяў, паліклінік, бальнеагразелячэбніц); мед. абслугоўванне амбулаторнае. На Беларусі 17 дамоў адпачынку і П. (1999).

Э.​А.​Вальчук.

т. 12, с. 50

«ПА́НСКАЯ ЛА́СКА»,

бел. ананімны вершаваны твор 19 ст. ў жанры гутаркі. Напісаны, як мяркуюць, у канцы 1860-х ці пач. 1870-х г. Выяўляе антыпрыгонніцкія, антыпамешчыцкія настроі сялянства. У аснове сюжэта — камічнае бытавое апавяданне пра пана, якому ноччу сава здалася чортам і напалохала яго. На дапамогу яму прыйшоў селянін і злавіў саву, за што атрымаў збан гарэлкі. Назаўтра, праспаўшы работу, ён зарабіў «сотню розаг». У сюжэт аўтар уключыў маналог пра невыноснае жыццё селяніна ў часы прыгону. «П.л.» — прыклад нар. публіцыстыкі з элементамі маст. паказу жыцця з’яўляецца перапрацоўкай нар. анекдота пра пана і чорта. Вобраз памешчыка малюецца ў сатырычна-гратэскнай форме, вобраз селяніна — з лёгкім гумарам. Тэкст твора захаваўся ў рукапісным зб. «Беларускія народныя паданні, быліны і песні сялян былога Себежскага павета Віцебскай губерні 1882—1890 гг.» (архіў Рус. геагр. т-ва ў С.-Пецярбургу), апубл. ў зб. «Беларуская літаратура XIX ст.» (1950).

М.​А.​Лазарук.

т. 12, с. 50

ПА́НСКАЯ ФАНАБЭ́РЫЯ,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Зорка.

т. 12, с. 50