Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САЎГА́С, савецкая гаспадарка,

форма арганізацыі с.-г. вытв-сці, заснаваная на дзярж. уласнасці і сродках. У параўнанні з калгасам мае больш высокі ўзровень аграмаджвання — сродкі вытв-сці і прадукцыя, якую атрымліваюць С., належаць дзяржаве. Ствараецца паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прадпрыемствах» (1990), Кодэкса аб зямлі і інш. заканадаўчых актаў. Дзейнічае на аснове статута прадпрыемства. На Беларусі, як і ў Расійскай Федэрацыі, С. з’явіліся з устанаўленнем сав. улады на базе канфіскаваных памешчыцкіх маёнткаў. У канцы 1927 было 247 С. з агульнай пл. 103,5 тыс. га; на іх долю прыпадала 1,3% вытв-сці с.-г. прадукцыі. У 1971 у БССР- былі 834 С., у т. л. 228 малочна-мясных, 292 мяса-малочныя, 161 малочна-агароднінны, 63 птушкагадоўчыя, інш. спецгаспадаркі. Найбольш С. было ў 1985—917. У іх працавала 11,9% усіх рабочых рэспублікі, яны займалі 3337 тыс. га с.-г. угоддзяў (35%), пастаўлялі каля 40% с.-г. прадукцыі. З пераходам у канцы 1980-х г. да рыначных адносін і шматукладнай эканомікі павялічылася роля вытворцаў недзярж. сектара і доля С. ў вытв-сці прадукцыі пачала зніжацца. За 1991—95 сярэднегадавое зніжэнне аб’ёму вытв-сці валавой прадукцыі ў С. склала 7,3%, узровень рэнтабельнасці скараціўся амаль у 5 разоў. З 1990-х г. С. пераведзены на поўны гасп. разлік, пашырана іх гасп. самастойнасць. На 1.1.2001 617 С., якія маюць 1861 тыс. га с.-г. угоддзяў. Мяркуецца, што да найб. стратных гаспадарак непазбежны радыкальныя меры — змена формаў уласнасці і гаспадарання і інш.

А.​М.​Сарокін.

т. 14, с. 196

САЎГА́СНАЯ,

вёска ў Мікалаеўскім с/с Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл., на р. Чачора. Да 1966 наз. Царкоўе. Цэнтр саўгаса. За 42 км на Пн ад горада і чыг. ст. Буда-Кашалёва, 68 км ад Гомеля. 499 ж., 179 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 14, с. 197

САЎДЗЕ́ЛЬНІЦТВА,

наўмысны сумесны ўдзел дзвюх ці больш асоб ва ўчыненні наўмыснага злачынства. Саўдзельнікамі злачынства побач з выканаўцамі прызнаюцца арганізатары, падбухторшчыкі і памагатыя. Выканаўцам прызнаецца асоба, якая арганізавала злачынства або кіравала яго ўчыненнем, або асоба, якая непасрэдна ўчыняе злачынства або непасрэдна ўдзельнічае ў ім сумесна з інш. асобамі, або ўчыняе злачынства праз выкарыстанне інш. асоб, якія не падлягаюць паводле закону крымін. адказнасці або ўчынілі злачынства па неасцярожнасці. Арганізатарам (кіраўніком) прызнаецца асоба, якая арганізавала злачынства або кіравала яго ўчыненнем, або асоба, якая стварыла арганізаваную групу (злачынную арг-цыю) ці кіравала імі. Падбухторшчыкам прызнаецца асоба, што схіляла інш. асобу да ўчынення злачынства. Памагатым прызнаецца асоба, якая садзейнічала ўчыненню злачынства парадамі, указаннямі, прадстаўленнем інфармацыі або прылад і сродкаў учынення злачынства, устараненнем перашкод або аказаннем інш. дапамогі, або асоба, якая загадзя абяцала схаваць злачынцу, сляды злачынства або прадметы, набытыя злачынным шляхам, або асоба, якая загадзя абяцала набыць ці збыць такія прадметы. Адказнасць арганізатара, падбухторшчыка і памагатага настае па тым жа арт. Асаблівай часткі Крымін. кодэкса Рэспублікі Беларусь, што і выканаўцы. За дзеянні, што ўчынены выканаўцам і не ахопліваюцца намерам саўдзельнікаў, інш. саўдзельнікі крымін. адказнасці не нясуць. Саўдзельнікі нясуць павышаную адказнасць, калі злачынства ўчынена групай асоб, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў яго ўчыненні, або арганізаванай групай, або злачыннай арг-цыяй.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 197

СА́ЎКІН (Валянцін Георгіевіч) (н. 20.11.1932, г. Гомель),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1984), праф. (1990). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1959). З 1963 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН Беларусі. Навук. працы па структуры і фіз.-мех. уласцівасцях палімераў і кампазіцыйных матэрыялаў на іх аснове, вывучэнні трэння і зносу палімерных матэрыялаў. Распрацаваў новы навук. кірунак — структурную трыбамеханіку палімераў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Трение полимеров. М., 1972 (у сааўт.);

Трение и износ материалов на основе полимеров. Мн., 1976 (у сааўт.);

Структурная трибомеханика материалов на основе полимеров (разам з А.​І.​Свірыдзёнкам) // Трение и износ. 1980. Т. 1, №1.

т. 14, с. 197

САЎМА́КА ПАЎСТА́ННЕ,

паўстанне скіфаў у Баспорскай дзяржаве ў 107 да н.э., якое ўзначаліў правадыр баспорскіх скіфаў Саўмак. Пачалося ў Пантыкапеі (цяпер г. Керч, Украіна) у час перагавораў пантыйскага палкаводца Дыяфанта з баспорскім царом Перысадам V аб перадачы ўлады над краінай пантыйскаму цару Мітрыдату VI Еўпатару, што значна ўзмацніла б эксплуатацыю скіфскага насельніцтва (залежных сялян, рамеснікаў, рабоў). Саўмак забіў Перысада, а Дыяфант уцёк у Херсанес. Паўстанцы авалодалі ўсёй еўрап. ч. Баспора і Саўмак стаў царом Баспора (кіраваў каля года). Пасля працяглай падрыхтоўкі Мітрыдат VI накіраваў у Сінопу (гл. Сіноп) карную экспедыцыю на чале з Дыяфантам, да якой у Крыме далучаны херсанескія атрады. Войскі Дыяфанта занялі Феадосію, прайшлі Керчанскі п-аў і захапілі Пантыкапей. С.п. было задушана, Саўмак трапіў у палон (пазней пакараны смерцю), а Баспорская дзяржава перайшла пад уладу Мітрыдата VI.

т. 14, с. 197

САЎНАРКО́М,

скарочаная назва Савета Народных Камісараў.

т. 14, с. 197

САЎРАМА́ТЫ (грэч. Sauromátai),

качавыя плямёны, блізкія да скіфаў і сакаў; жылі ў 7—4 ст. да н.э. ў паволжскіх і прыўральскіх стэпах. У грамадскім жыцці вял. ролю адыгрывалі жанчыны (правадыры, жрыцы). З канца 5 ст. і ў 4 ст. да н.э. асобныя плямёны С. пачалі цясніць скіфаў і пераходзілі р. Дон. У 4—3 ст. да н.э. ў С. склаліся новыя саюзы плямён, да якіх далучыліся роднасныя ім плямёны з У. З 3 ст. да н.э. вядомы пад агульнай назвай сарматы.

т. 14, с. 197

САЎРА́САЎ (Аляксей Кандратавіч) (24.5.1830, Масква — 8.10.1897),

рускі жывапісец-пейзажыст. У 1844—54 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства, у 1857—82 выкладаў у ім. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). Раннім творам уласцівы рысы рамант. пейзажу («Від на Крэмль у непагадзь», 1851). У 1850—70-я г. звяргаўся да спакойных, апавядальных вобразаў, каларыстычнага адзінства, узмоцненага эмацыянальным гучаннем святлаценю («Ласіны востраў у Сакольніках», 1869; «Гракі прыляцелі», 1871). Прастатой матыву, вял. ўнутр. змястоўнасцю, цэльнасцю вызначаюцца работы «Прасёлак» (1873), «Дворык» (1870-я г.) і інш. С. зрабіў вял. ўплыў на рус. пейзажыстаў канца 19 — пач. 20 ст.

Літ.:

Федоров-Давыдов А.А. Саврасов. М., 1957;

Новоуспенский Н.Н. А.​К.​Саврасов: [Альбом]. Л., 1981;

Мальцева Ф.С. А.​К.​Саврасов: [Альбом]. 2 изд. Л., 1989.

Л.​Ф.​Салавей.

А.Саўрасаў. Гракі прыляцелі. 1871.

т. 14, с. 197

САЎТГЕ́МПТАН (Southampton),

востраў каля берагоў Паўн. Амерыкі, у паўн. ч. Гудзонава зал. Тэр. Канады. Пл. 44 тыс. км². Паверхня раўнінная, выш. да 533 м. Тундра. Нас. пункт — Корал-Харбар.

т. 14, с. 197

САЎТГЕ́МПТАН (Southampton),

горад на Пд Вялікабрытаніі. Вядомы з 10 ст. Каля 220 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, буйны пасаж. порт у праліве Ла-Манш; у зал. Солент — нафтавы і ваен. аванпорт Каншот-Касл. Прам-сць: суднабуд., эл.-тэхн., аўтамаб., харчовая. Ун-т. Руіны саксонскіх і нарманскіх збудаванняў. Арх. помнікі 12—14 ст. Кліматычны прыморскі курорт. Паблізу буйны нафтаперапр. з-д, нафтахім. і авіябуд. прадпрыемствы.

т. 14, с. 197