САЎРА́САЎ (Аляксей Кандратавіч) (24.5.1830, Масква — 8.10.1897),

рускі жывапісец-пейзажыст. У 1844—54 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства, у 1857—82 выкладаў у ім. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). Раннім творам уласцівы рысы рамант. пейзажу («Від на Крэмль у непагадзь», 1851). У 1850—70-я г. звяргаўся да спакойных, апавядальных вобразаў, каларыстычнага адзінства, узмоцненага эмацыянальным гучаннем святлаценю («Ласіны востраў у Сакольніках», 1869; «Гракі прыляцелі», 1871). Прастатой матыву, вял. ўнутр. змястоўнасцю, цэльнасцю вызначаюцца работы «Прасёлак» (1873), «Дворык» (1870-я г.) і інш. С. зрабіў вял. ўплыў на рус. пейзажыстаў канца 19 — пач. 20 ст.

Літ.:

Федоров-Давыдов А.А. Саврасов. М., 1957;

Новоуспенский Н.Н. А.​К.​Саврасов: [Альбом]. Л., 1981;

Мальцева Ф.С. А.​К.​Саврасов: [Альбом]. 2 изд. Л., 1989.

Л.​Ф.​Салавей.

А.Саўрасаў. Гракі прыляцелі. 1871.

т. 14, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)