САЎДЗЕ́ЛЬНІЦТВА,
наўмысны сумесны ўдзел дзвюх ці больш асоб ва ўчыненні наўмыснага злачынства. Саўдзельнікамі злачынства побач з выканаўцамі прызнаюцца арганізатары, падбухторшчыкі і памагатыя. Выканаўцам прызнаецца асоба, якая арганізавала злачынства або кіравала яго ўчыненнем, або асоба, якая непасрэдна ўчыняе злачынства або непасрэдна ўдзельнічае ў ім сумесна з інш. асобамі, або ўчыняе злачынства праз выкарыстанне інш. асоб, якія не падлягаюць паводле закону крымін. адказнасці або ўчынілі злачынства па неасцярожнасці. Арганізатарам (кіраўніком) прызнаецца асоба, якая арганізавала злачынства або кіравала яго ўчыненнем, або асоба, якая стварыла арганізаваную групу (злачынную арг-цыю) ці кіравала імі. Падбухторшчыкам прызнаецца асоба, што схіляла інш. асобу да ўчынення злачынства. Памагатым прызнаецца асоба, якая садзейнічала ўчыненню злачынства парадамі, указаннямі, прадстаўленнем інфармацыі або прылад і сродкаў учынення злачынства, устараненнем перашкод або аказаннем інш. дапамогі, або асоба, якая загадзя абяцала схаваць злачынцу, сляды злачынства або прадметы, набытыя злачынным шляхам, або асоба, якая загадзя абяцала набыць ці збыць такія прадметы. Адказнасць арганізатара, падбухторшчыка і памагатага настае па тым жа арт. Асаблівай часткі Крымін. кодэкса Рэспублікі Беларусь, што і выканаўцы. За дзеянні, што ўчынены выканаўцам і не ахопліваюцца намерам саўдзельнікаў, інш. саўдзельнікі крымін. адказнасці не нясуць. Саўдзельнікі нясуць павышаную адказнасць, калі злачынства ўчынена групай асоб, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў яго ўчыненні, або арганізаванай групай, або злачыннай арг-цыяй.
Г.А.Маслыка.
т. 14, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)