Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАНАСЮ́К (Аляксандр Іванавіч) (н. 1.11.1950, г. Екацярынбург, Расія),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1989), праф. (1991). Брат В.І.Панасюка. Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1973). З 1973 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па дыферэнцыяльных ураўн., аптымальным кіраванні. Увёў і даследаваў новы клас эвалюцыйных ураўн. — квазідыферэнцыяльныя ўраўн., якія апісваюць дынаміку сістэм у метрычных прасторах без лінейнай структуры. Распрацаваў тэорыю магістральнай аптымізацыі кіравальных сістэм (з В.​І.​Панасюком), глабальную мадэль дынамікі сац. сістэм.

Тв.:

О квазидифференциальных уравнениях в метрическом пространстве // Дифференц. уравнения. 1985. Т. 21, № 8; Асимптотическая магистральная оптимизация управляемых систем. Мн., 1986 (разам з В.​І.​Панасюком).

т. 12, с. 43

ПАНАСЮ́К (Віктар Іванавіч) (1.1.1942, с. Каўрак Тагучынскага р-на Новасібірскай вобл., Расія — 9.12.1991),

бел. вучоны ў галіне сістэм кіравання. Д-р тэхн. н. (1983), праф. (1985). Брат А.І.Панасюка. Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1964). З 1967 у БПІ (з 1985 заг. кафедры). Навук. працы па аптымальным кіраванні. Распрацаваў тэорыю магістральнай аптымізацыі кіравальных сістэм (з А.​І.​Панасюком), аптымальныя рэгулятары электрапрыводаў, аптымальныя тэхналогіі нагрэву зліткаў у пракатнай вытв-сці.

Тв.:

Асимптотическая магистральная оптимизация управляемых систем. Мн., 1986 (разам з А.​І.​Панасюком);

Оптимальное управление в технических системах. Мн., 1990 (разам з В.​Б.​Кавалеўскім, Э.​Дз.​Палітыкам);

Оптимальное микропроцессорное управление электроприводом. Мн., 1991.

т. 12, с. 44

ПАНАФРЫКАНІ́ЗМ,

міжнародны ідэйна-паліт. рух, які ўзнік на мяжы 19 і 20 ст. сярод негрыцянскага насельніцтва ЗША і Вест-Індыі. Напачатку знаходзіўся пад моцным уплывам М.​Гарві, які лічыў, што негрыцянскае пытанне можна вырашыць толькі шляхам перасялення ўсіх неграў на «гіст. радзіму» — у Афрыку. Пасля 1-й сусв. вайны рух П. ўзначаліў У.Э.Б.Дзюбуа, пад кіраўніцтвам якога пачалася арганізаваная барацьба супраць расавай дыскрымінацыі, за роўныя правы для чорных і белых. У 1919, 1921, 1923 і 1927 адбыліся панафр. кангрэсы. З 1930-х г. усё большы ўдзел у панафр. руху прымаюць выхадцы з самой Афрыкі. Сенегалец Л.​Сенгор прапанаваў канцэпцыю негрыцюду — самабытнасці афр. культуры. Адначасова ў П. ўзмацнілася сацыяліст. плынь на чале з Дж.​Пэдмарам. У кастр. 1945 у Манчэстэры (Вялікабрытанія) адбыўся 5-ы Панафр. кангрэс, на якім прадстаўнікі Афрыкі, у т. л. будучыя дзярж. дзеячы К.Нкрума, Дж.Кеніята, Х.​К.​Банда, А.​Авалова, мелі ўжо больш за палавіну месцаў. Кангрэс выпрацаваў паліт. праграму ліквідацыі еўрап. калан. сістэмы ў Афрьщы і стварэння незалежных афр. дзяржаў. Гэтым быў дадзены моцны штуршок стварэнню ў афр. калоніях мясц. паліт. партый і рухаў і працэсу дэкаланізацыі Афрыкі ў 1950—60-я г. Некаторыя радыкальныя прыхільнікі П. (Нкрума) заклікалі да стварэння адзінай афр. дзяржавы, але іх ідэі знайшлі ўвасабленне толькі ў стварэнні Арг-цыі афр. адзінства (1963) і шэрагу рэгіянальных афр. міждзярж. саюзаў. 6-ы Панафр. кангрэс (Дар-эс-Салам, 1969) канстатаваў моцныя рознагалоссі ў руху П. і знікненне яго як адзінага руху.

т. 12, с. 44

ПАНАЦЭ́Я [лац. panacea ад імя стараж.-грэч. багіні Панакеі (Panakeia), якая лечыць усё],

1) у алхімікаў — лякарства нібыта ад усіх хвароб.

2) У перан. сэнсе — уяўны сродак, які можа дапамагчы ва ўсіх выпадках жыцця.

т. 12, с. 44

ПАНБІЯСФЕ́РА (ад пан... + біясфера),

1) сума слаёў атмасферы, усёй гідрасферы і часткі літасферы, у якіх пастаянна ці часова (выпадкова) прысутнічаюць жывыя арганізмы.

2) Гіст. рад эвалюц. фаз развіцця біясферы ад зараджэння жыцця, утварэння першаснай біясферы і яе развіцця да сучаснага перыяду.

т. 12, с. 44

ПАНГАЛІ́НЫ,

яшчары (Pholidota), атрад млекакормячых. Вядомы з плейстацэну (каля 2 млн. г. назад). 1 сям., 1 род, 7 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі і Паўд. Афрыцы. Жывуць у лясах, саваннах. Большасць відаў наземныя, ёсць дрэвавыя формы. Актыўныя ўначы. Пры небяспецы скручваюцца ў шар.

Даўж. цела да 88 см, хваста да 80 см, маса да 27 кг. Цела зверху і з бакоў укрыта вял. рагавымі пласцінкамі. Канечнасці пяціпальцыя, з вял. кіпцюрамі. Морда падоўжаная. Язык чэрвепадобны, ліпучы, даўж. да 40 см; з яго дапамогай П. кормяцца мурашкамі і тэрмітамі. Нараджаюць 1, зрэдку 2—3 дзіцяняці.

Э.​Р.​Самусенка.

Пангалін белабрухі.

т. 12, с. 44

ПАНГА́МАВАЯ КІСЛАТА́, вітамін B15,

эфір D-глюконавай і дыметыламінавоцатнай к-т, C10H19O8N. Актывізуе працэс пераносу кіслароду і дыхальных ферментаў (павялічвае ўстойлівасць чалавека і жывёл да кіслароднага галадання). Удзельнічае ў рэакцыях метыліравання, дзе з’яўляецца донарам метыльных груп пры біясінтэзе шэрагу біялагічна актыўных рэчываў і стэроідных гармонаў, нармалізуе тлушчавы абмен. У крышт. выглядзе вылучана з рысавага вотруб’я, дражджэй, крыві, печані. Кальцыевую соль П.к. выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 12, с. 44

ПАНГЕ́НЕЗІС (ад пан... + генезіс),

гіпотэза Ч. Дарвіна (1868) аб механізме ўзнаўлення ў патомстве прыкмет папярэдніх пакаленняў. Яе сутнасць у тым, што ўсе клеткі арганізма вылучаюць найдрабнейшыя часцінкі (зародкі) — гемулы, якія збіраюцца ў палавых органах і ўтвараюць палавыя клеткі, за кошт чаго і адбываецца перадача ў спадчыну прыкмет, у т. л. і зноў набытых. Гэтай гіпотэзай Дарвін карыстаўся пры тлумачэнні з’явы размнажэння (палавога і бясполага) і рэгенерацыі. У 1871 англ. вучоны Ф.​Гальтан эксперыментальна даказаў неабгрунтаванасць гіпотэзы П. Прынцыпова інш. тэорыю, унутрыклетачнага П., прапанаваў Г. Дэ Фрыз (1889), паводле якой у ядры клеткі знаходзяцца «пангены», якія вызначаюць усе прыкметы арганізма; у пратаплазму выходзяць толькі тыя «пангены», якія вызначаюць тып клетак.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 44

ПАНГЕРМАНІ́ЗМ, усегерманізм,

нацыяналістычная ідэйна-паліт. плынь у нямецкамоўных краінах у 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. Узнік у асяроддзі па-прусафільску настроеных аўстр. немцаў пасля паражэння Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866 і ўтварэння Аўстра-Венгрыі (1867), аформлены ў 1870—80-я г. прыхільнікамі паліт. дзеяча Г.​Шонерэра. Сац. база: частка сялян, рамеснікаў, дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, студэнцтва Вены і інш. гарадоў. Аўстр. пангерманцы выступалі за выхад Аўстрыі з саюза з Венгрыяй і далучэнне аўстр. зямель да Герм. імперыі, за наданне «асобага становішча» Галіцыі і Букавіне ў рамках Цыслейтаніі і перадачу Далмацыі Венгрыі, супраць уступак чэхам і інш. слав. народам Аўстра-Венгрыі. У Германіі да канца 19 ст. аформіўся імперскі П. (гл. Пангерманскі саюз); яго прыхільнікі выступалі найперш за правядзенне краінай «сусв. палітыкі» (заваяванне Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы, калоній), але былі супраць хуткага аб’яднання з Аўстрыяй. У пач. 20 ст. П. паступова страціў уплыў. Яго тэзіс аб «перавазе» герм. расы і неабходнасці аб’яднання Германіі і Аўстрыі пазней пераняла і абсалютызавала Нацыянал-сацыялісцкая партыя (гл. таксама Аншлюс).

Літ.:

Ратнер Н.Д. Очерки по истории пангерманизма в Австрии в конце XIX в. М., 1970.

т. 12, с. 44

ПАНГЕРМА́НСКІ САЮ́З (Alldeutscher Verband),

нацыяналістычная паліт. арг-цыя ў Германіі ў 1891—1939. Засн. ў крас. 1891 пры дапамозе прадпрымальніка А.​Гугенберга і калан. паліт. дзеяча К.​Петэрса. Да 1.7.1894 наз. Усеагульны ням. саюз (Allgemeiner Deutscher Verband). Дзейнічаў у кантакце з Калан. т-вам, Флоцкім саюзам, Імперскім аб’яднаннем супраць сацыял-дэмакратыі, Нацыянал-ліберальнай і Кансерватыўнай партыяй. З часоў Мараканскага крызісу 1911 знаходзіўся ў апазіцыі да палітыкі рэйхсканцлера Т. фон Бетман-Гольвега. У 1914—18 налічваў 30—40 тыс. чл. Пасля 1918 страціў паліт. актыўнасць. Ідэалогія — пангерманізм. Старшыні — Э.​Хасе (1893—1908), Г.​Клас (1908—39). Друкаваны орган — «Alldeutschen Blätter» («Пангерманскія лісты»). Забаронены нацыстамі вясной 1939.

т. 12, с. 44