Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРЫСТА́Н-ДА-КУ́НЬЯ (Tristan da Cunha),

група з 4 вулканічных астравоў у паўд. ч. Атлантычнага ак.; уладанне Вялікабрытаніі. Найб. в-аў Трыстан (пл. 117 км²) утвораны аднайм. вулканічным конусам, які складаецца з базальтаў і трахітаў. Выш. да 2060 м. Моцнае вывяржэнне ў 1961—62. Насельніцтва каля 300 чал. (2000). Лоўля рыбы і лангустаў. Агародніцтва. Асн. населены пункт — Эдынбург. Астравы названы імем партуг. мараплаўца Трыстана да Кунья, які адкрыў іх у 1506.

т. 16, с. 7

ТРЫТО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі марскі бог. Лічыўся сынам Пасейдона і багіні мора нерэіды Амфітрыты. Яго ўяўлялі чалавекам з рыбіным хвастом замест ног, з трызубцам і ракавінай у руках. Т., як бажаство Трытанійскага возера ў Лівіі, дапамог арганаўтам: калі бура аднесла далёка ў возера іх карабель, паказаў ім выхад ў мора і падараваў камяк зямлі, з якога ў далейшым узнік в-аў Фера. У інш. міфах Т. наз. таксама марскіх істот, якія суправаджаюць Пасейдона і Амфітрыту, дзьмуць у ракавіны і гарэзяць.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 7

ТРЫТО́Н,

спадарожнік планеты Нептун, адзін з буйнейшых спадарожнікаў планет. Дыяметр каля 3200 км. Адлегласць ад планеты каля 394,7 тыс. км. Сідэрычны перыяд абарачэння 5 сут 21 гадз 3 мін. Абарачаецца вакол Нептуна ў напрамку, процілеглым напрамку абарачэння планеты вакол сваёй восі. Магчыма мае атмасферу. Адкрыты ў 1846 англ. астраномам У.​Ласелам.

т. 16, с. 7

ТРЫТО́Н (франц. triton ад грэч. tri tonos складзены з трох тонаў) у музыцы, інтэрвал, які ахоплівае 4 (павялічаная кварта) ці 5 (паменшаная квінта) ступеней і мае аб’ём у 3 тоны.

т. 16, с. 7

ТРЫТО́НЫ, уколы (Triturus),

род хвастатых земнаводных сям. сапраўдных саламандраў. 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. Жывуць у вадаёмах (у перыяд размнажэння) і на сушы ў вільготных (часта поймавых) мясцінах, у лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках. На Беларусі 2 віды Т.: звычайны, ці малы (T. vulgaris), і грабеньчаты (T. cristatus).

Даўж. цела да 18 см, хваста — блізкая да даўж. цела. Хвост сплюшчаны з бакоў, зверху і знізу мае скурыстую аблямоўку. Павекі развітыя. Зубы на абедзвюх сківіцах, паднябенныя зубы размешчаны радамі. Кормяцца дробнымі воднымі і сухапутнымі беспазваночнымі. Развіццё з ператварэннем. Пры неспрыяльных умовах метамарфозу часам назіраецца неатэнія. Лабараторныя жывёлы.

Э.​С.​Самусенка.

Трытоны: 1 — звычайны; 2 — грабеньчаты (а — самец; б — самка).

т. 16, с. 7

ТРЫ́ТЫЙ (лац. Tritium),

звышцяжкі радыенуклід вадароду з масавым лікам 3. Абазначаецца T або ​3H. Ядро Т. — трытон складаецца з пратона і 2 нейтронаў перыяд паўраспаду 12,35 года (β-выпрамяняльнік). Прыродны Т. у нязначнай колькасці ўтвараецца ў верхніх слаях атмасферы ў выніку ўзаемадзеяння касм. выпрамянення пераважна з ядрамі азоту (​14N + n = ​3T + 3​4Ne) і кіслароду; у прыроднай вадзе на 10​18 атамаў ​1H прыпадае ад 1 да 150 атамаў Т. Адкрыты ў 1934 Э.Рэзерфардам з супрацоўнікамі; назва ад грэч. tritos — трэці.

У звычайных умовах Т. — газ (tкіп -248,12 °C); малекулы двухатамныя T2. З кіслародам узаемадзейнічае пры пакаёвай т-ры з прычыны β-распаду; звышцяжкая вада T2O мае 101,55 °C, шчыльн. 1214,59 кг/м³ (20 °C). У прам-сці атрымліваюць у ядз. рэактарах пры апрамяненні літыю нейтронамі. Выкарыстоўваюць як кампанент паліва для тэрмаядз. сінтэзу, ізатопны індыкатар у хіміі, біялогіі, медыцыне. геафізіцы. Газападобны Т. па радыетаксічнасці адносіцца да групы Г (гл. Радыеактыўнае рэчыва); небяспечны пры пападанні ў арганізм праз скуру, лёгкія, з ежай і вадой.

Літ.:

Беловодский Л.Ф., Гаевой В.К., Гришмановский В.И. Тритий. М., 1985.

т. 16, с. 7

ТРЫУМВІРА́Т [лац. triumviratus ад tres (trium) тры + vir муж],

у Старажытным Рыме: 1) калегія з 3 асоб (трыумвіраў), прызначаных ці выбраных для рэалізацыі пэўных мэт (напр., у 133 да н.э. для правядзення зямельнай рэформы Тыберыя Гракха).

2) У час грамадз. войнаў у 1 ст. да н.э. саюз 3 паліт. ваен. дзеячаў, створаны з мэтай захопу і падзелу ўлады. 1-ы Т. у 60 (або 59) — 53 да н.э. паміж Юліем Цэзарам, Гнеем Пампеем, Ліцыніем Красам, якія, зрабіўшы сваёй апорай легіёны, падзялілі паміж сабой і прыхільнікамі дзярж. пасады, праводзілі ў сваіх інтарэсах законы. Вядучая роля ў 1-м Т. належала Цэзару. Пасля гібелі Ліцынія Краса і абвастрэння адносін паміж Пампеем і Цэзарам 1-ы Т. распаўся. 2-і Т. 43—36 (фармальна да 31 да н.э.) заключаны паміж Гаем Аўгустам, Маркам Антоніем і Лепідам супраць рэспубліканцаў на чале з Маркам Брутам і Касіем. Каміцыі зацвердзілі надзвычайныя паўнамоцтвы трыумвіраў, якія выкарысталі іх для арганізацыі праскрыпцый і падзелу правінцый. Гэты Т. распаўся з-за супярэчнасцей паміж трыумвірамі, гал. чынам паміж Актавіянам і Антоніем.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 7

ТРЫУ́МФ (ад лац. triumphus),

1) у Старажытным Рыме ўрачыстае ўваходжанне ў сталіцу палкаводца-пераможцы з войскам. Прызначаўся сенатам і з’яўляўся вышэйшай ваен. узнагародай. Трыумфальнае шэсце (ад Марсавага поля да храма Юпітэра на Капітоліі) пачыналі сенатары і магістраты, пасля рухалася калясніца, запрэжаная чацвёркай белых коней, на якой стаяў трыумфатар з лаўровым вянком і атрыбутамі Юпітэра. Пасля ішлі музыкі, войска, неслі здабычу, вялі палонных. На Капітоліі трыумфатар прыносіў ахвяры Юпітэру. Імёны трыумфатараў запісвалі ў трыумфальныя фасты. У асобных выпадках у гонар перамогі ўзводзілі трыумфальныя аркі. У Рыме праводзіліся таксама малыя Т. — авацыі.

2) У пераносным сэнсе — бліскучы поспех, урачыстасць з нагоды выдатнай перамогі.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 8

ТРЫФАЛІЯ́ТА, панцырус (Poncirus trifoliata),

кветкавая расліна сям. рутавых. Радзіма — Паўн. Кітай. Трапляецца ў зарасніках, па абочынах дарог. У культуры ў Паўн. Амерыцы, на Каўказе, у Японіі.

Лістападныя кусты выш. да 3 м. Сцёблы зеленавата-шэрыя, маюць буйныя (даўж. да 7 см) пазушныя калючкі. Лісце чаргаванае, трайчастае, з зубчастым краем. Кветкі амаль сядзячыя, дыяметрам 3—8 см, белыя. Плод — гесперыдый (ягадападобны), дыяметрам 4—6 см, шматнасенны, залаціста-жоўты, аксамітна-апушаны, з горка-кіслай мякаццю, неядомы. З пладоў атрымліваюць сок, які мае да 5% лімоннай к-ты. У селекцыі Т. выкарыстоўваюць як карлікавую, марозаўстойлівую прышчэпу для цытрусавых. Вядомы гібрыды (у т. л. прыродныя) Т. з апельсінам (цытранж), кумкватам (цытрумкват), мандарынам (цытрандарын) і інш. Харч., дэкар. расліны.

Трыфаліята.

т. 16, с. 8

ТРЫ́ФАНАЎ Аляксандр Георгіевіч (н. 12.9.1950, г. Верхняя Салда Свярдлоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі і энергетыкі. Д-р тэхн. н. (1994). Скончыў Уральскі політэхн. ін-т (1973). З 1977 у Ін-це праблем энергетыкі Нац. АН Беларусі, адначасова з 2000 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па цеплафізіцы і матэм. мадэліраванні працэсаў цепла- і масаабмену для мнагафазных сістэм. Распрацаваў мадэлі, алгарытмы і выліч. праграмы для разліку працэсаў цепла- і масапераносу ў мнагафазных сістэмах дастасоўна да энергетыкі і экалогіі. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982.

Тв.:

Влияние кинетики химических реакций на теплообмен от капли к потоку // Экспериментальные и теоретические исследования тепломассопереноса при течении диссоциирующих газов в каналах. Мн., 1983;

Моделирование подвижных границ и поверхностей раздела в реальных водных системах (разам з А.​А.​Андрыжыеўскім, А.​А.​Міхалевічам) // Инженерно-физ. журн. 1996. Т. 69, № 6.

М.​П.​Савік.

т. 16, с. 8